Кардынал Зянон Грахалеўскі пракаментаваў магчымы прыезд у Беларусь Папы Рымскага

Падчас Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса, які 24-26 мая праходзіць у Гродне, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі адказаў на пытанне, што трэба зрабіць, каб Пантыфік наведаў Беларусь, паведамляе catholic.by

«Каб гэтая сустрэча стала плённай, фундаментальнай рэччу павінна стаць інфармаванне Святога Пасаду пра ўсе праблемы, з якімі сутыкаецца Касцёл у Беларусі. Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, здараюцца часам цяжкасці. Але іх не трэба замоўчваць, але гаварыць, як ёсць – праўду, – адзначыў кардынал. – Разам з тым я цешуся, што Касцёл у вас расце і вы ў сваю чаргу цешыцеся вашай верай. Гэта вельмі важна».

Ватыканскі іерарх прыгадаў часы, калі быў прэфектам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і, як юрыст па адукацыі, прымаў удзел у пасяджэннях Кангрэгацыі Дактрыны Веры.

«Калі ад цябе залежыць нейкае рашэнне, ты павінен, нягледзячы на аўтарытэт кагосьці, гаварыць толькі праўду. Кодэкс Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла я прачытаў ужо некалькі разоў, але кожны раз, калі мне трэба было ставіць свой подпіс, я ізноў перачытваў пункты Кодэкса, каб яшчэ раз прыгадаць яго параграфы і выказаць тую думку, якую маю», — сказаў кардынал.

Іерарх прыгадаў, што Пантыфікі, з якімі яму даводзілася працаваць, заўсёды хацелі чуць розныя меркаванні і думкі.

«Я таксама заўсёды хацеў, каб мае супрацоўнікі гаварылі пра тое, што яны думаюць. Бо адзіны дасканалы – гэта Пан Бог, а ўсё астатняе можа мець хібы, але іх можна выправіць. Трэба толькі не баяцца пра іх казаць», — заключыў папскі пасланнік.

Нагадаем, для таго каб візіт Папы адбыўся, трэба не толькі запрашэнне ад кіраўніцтва Беларусі, але і згода праваслаўнай царквы
 

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: