У семінарыі ў Пінску праходзяць рэкалекцыі для юнакоў па распазнаннi паклікання

18 ліпеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску пачаліся рэкалекцыі для юнакоў, якія шукаюць дапамогі ў распазнанні жыццёвай дарогі, паведамляе catholic.by.

Для ўдзелу ў духоўных практыкаваннях у горад над Пінай прыехалі юнакі з розных парафіяльных супольнасцяў Віцебскай і Пінскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У праграму чатырохдзённых рэкалекцый уключаны малітвы, штодзённая святая Імша, канферэнцыі, час на асабістую сустрэчу з Панам у семінарыйнай капліцы, пазнавальныя прагулкі і актыўны адпачынак.

19 ліпеня святую Імшу для ўдзельнікаў рэкалекцый цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на важнасць служэння міністранта.

«Міністрант — гэта не прафесія. Быць міністрантам — гэта пакліканне. Мы ведаем з Бібліі, што Бог глядзіць у душы людзей: дарослых, дзяцей, моладзі. І знаходзіць сэрцы, якія Яму падабаюцца, каб запрасіць іх блізка да Сябе, да асаблівага служэння», — сказаў біскуп.

Пінскі ардынарый нагадаў, што многія святыя і благаслаўлёныя былі міністрантамі, «кожны з іх дасягнуў святасці, бо быў працавітым, сумленным, руплівым, ахвотным да малітвы і штодзённа наследаваў Хрыста», а многія з іх і аддалі сваё жыццё за Хрыста.

Біскуп заклікаў сведчыць аб сваёй веры не толькі ў касцёльнай супольнасці, але і ў паўсядзённым жыцці. Кажучы пра служэнне міністрантаў, іерарх адзначыў: «Езус хоча, каб вы штодзённа прызнавалі Яго сваім Панам, каб сваімі паводзінамі сведчылі аб Ім. ваша святло не можа абмяжоўвацца толькі касцёлам. Святыняй Бога з’яўляецца ўвесь свет, таму ваша святло павінна выпраменьвацца кожны дзень: у школе, у сям’і, усюды, нават тады, калі карыстаецеся мабільным тэлефонам, камп’ютарам, інтэрнэтам. Міністрант не можа згубіцца ў інтэрнэце, заблытацца ў ім так, што не можа адтуль выйсці, бо ён з’яўляецца ўдзельнікам іншай лоўлі і павінен дапамагаць Езусу пры іншых сетках».

 

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: