Центр “Экумена” запрашае аўтараў да ўдзелу ў беларускім часопісе “Збожжа”

Центр “Экумена” запрашае аўтараў да ўдзелу ў публікацыі ў беларускім часопісе міждысціплінарных і міжканфесійных даследаванняў хрысціянства “Збожжа” (Zbožža). Першы нумар будзе прысвечаны тэме Ecclesia semper reformanda est: Царква, рэформы і Рэфармацыя. Да друку прымаюцца даследніцкія артыкулы, а таксама эсэ.

Першы нумар часопіса працягне развагі тэматычнай секцыі VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які прайшоў 15-17 верасня 2017 года ў Варшаве. У 2017 годзе адзначалася 500-годдзе Рэфармацыі, якая не толькі стала пачаткам утварэння новых хрысціянскіх канфесій з асаблівым багаслоўем, сацыяльна-палітычнай пазіцыяй і ладам жыцця, але таксама істотна паўплывала і на Рымскую, і на Усходнія цэрквы. Дыялог, супрацьстаянне і ўзаемны ўплыў розных канфесій у Беларусі сфармавалі асаблівы канфесійны профіль, як у гістарычнай перспектыве, так і ў сучаснасці. Нумар будзе прысвечаны развагам аб ролі Рэфармацыі для Беларусі і беларускага хрысціянства, аб асаблівасцях беларускага пратэстантызму, ягонай грамадскай і палітычнай ролі, актуальным стане і перспектывах развіцця. Апроч таго, яшчэ дзве нагоды: 100-годдзе з пачатку Сабору Рускай Царквы 1917-1918 года, які і стаў прыкладам інтэнсіўнай рэфлексіі аб рэформах, неабходных у русскім і сусветным праваслаўі, а таксама 55-годдзе з адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, які адкрыў новую эпоху ў жыцці Каталіцкай Царквы, - гэта нагода паразважаць аб Рэфармацыі ў больш шырокім міжканфесійным кантэксце. Якія рэформы неабходныя сёння ў багаслоўі, літургіі, сацыяльнай і пазіцыі цэркваў, іх адміністратыўнай структуры, іх самаразуменні, а таксама у ладзе, мове, дыскурсе, мадэлях узамеадносінаў з грамадствам, у этыцы і эстэтыцы? На якой падставе і якім чынам праводзіць гэтыя рэформы? Хто з’яўляецца суб’ектам рэформ? Якія крытэры ацэнкі эфектыўнасці рэформ? Што з’яўляецца асноўнымі першакодамі на шляху рэформ? Якая можа быць роля акадэміі, грамадзянскай супольнасці і экуменічнага супрацоўніцтва ў гэтым працэсе? Ці патрэбна рэформам свая ідэалогія? Ці можам мы наогул казаць у хрысціянскім кантэксце пра рэформы як пра нешта пазітыўнае? Якія пераўтварэнні адбываліся ў царкве цягам ейнага развіцця, як яны абгрунтоўваліся і асэнсоўваліся?

Пра часопіс

Часопіс быў заснаваны ЦэнтрамЭкумена ў супрацоўніцтве з Сеткай беларускаіх багасловаў і царкоўных дзеячаў у замежжы і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS). Ідэя часопіса ўзнікала падчас правядзення Першай працоўнай сустрэчы беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы, якая прайшла з 2 па 4 чэрвеня 2017 года ў Цюбінгене, Германія. Канцэпцыя першага нумару была распрацаваная падчас правядзення багаслоўскай тэматычнай секцыі VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, якая адбылася з 15 па 17 верасня 2017 года ў Варшаве, Польшча. Часопіс мае з’яднаць тых, хто займаецца даследаваннямі хрысціянства, багаслоўскай думкі і царквы ў Беларусі, а таксама тых багасловаў, якія маюць беларускае паходжанне, але жывуць і працуюць у замежжы.

У выдавецкую раду часопіса, якую ўзначаліла дырэктар Цэнтра “Экумена” Наталля Васілевіч, увайшлі акадэмічныя валанцёры Цэнтра “Экумена” Наталля Гарковіч, Раіса Зянюк і святар Аляксандр Шрамко, а таксама Пётр Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). Навуковая рада часопіса аб’ядноўвае вядомых навукоўцаў і багасловаў, які звязаны з Беларуссю - паходжаннем ці тэматыкай даследаванняў. Сярод іх: Пётр Буценеў, Алег Брэскі, іераманах Іаан (Булыка), Яўгенія Даніловіч, Аляксандр Дуброўскі, Раіса Зянюк, Надзея Кіцэнка, Алена Лянкевіч, Пётр Рудкоўскі, святар Міхаіл Самкоў, Вольга Сытая. Выпускаючы рэдактар першага нумару - навуковы супрацоўніца Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк.

Дэдлайн падачы матэрыялаў: да 28 лютага 2018 года.

Артыкулы дасылаюцца на наступны адрас: zbozza.by@gmail.com У тэме ліста пазначайце: Zbozza Reformation

Афармленне рукапісу, часопіс “Збожжа”

Да друку прымаюцца артыкулы і матэрыялы па тэме нумару памерам ад 1500 да 6000 словаў (ад 10000 да 40000 знакаў з прабеламі) на беларускай, рускай, ангельскай, польскай, нямецкай, фанцузскай мовай.

Кожны артыкул апроч тэкста павінен мець назву; звесткі пра аўтара; анатацыю (да 200 словаў); ключавыя словы - на беларускай, англійскай і арыгінальнай мове артыкула; бібліяграфію з пералічэннем усіх згаданых у артыкуле крыніц. Бібліяграфія размяшчаецца ў канцы артыкула пад загалоўкам “Бібліяграфія / References” са спісам, які ў алфавітным парадку ўтрымлівае спасылкі на крыніцы. Калі артыкул публікуецца на мове з лацінскай графікай, то спіс крыніц сартыруецца паводле лацінскага алфавіту, а кірылічныя крыніцы, ці крыніцы ў іншай графіцы транслітэруюцца па-лацінску (у дужках даюцца арыгінальныя назвы). Калі артыкул публікуецца на мове з кірылічнай графікай, то спачатку ідуць спасылкі на крыніцы ў кірылічнай графіцы, размешчаны ў парадку беларускага/рускага алфавіту, і праз інтэрвал – крыніцы на мовах з лацінскай графікай і транслітэраваныя некірылічныя і нелацінскія крыніцы (у дужках даюцца арыгінальныя назвы) – у парадку лацінскага алфавіту.

Загаловак выраўніваецца па цэнтры, пасля друкуецца імя і прозвішча аўтара, навуковая ступень, пазначэнне акадэмічнага статуса, мясцовасць і іншая важная інфармацыя. Памер 2–3 сказы. Далей друкуюцца ключавыя словы, анатацыя, тэкст артыкула і бібліграфія, якія выраўнівацца па абодвух баках.

Арыткул падаецца ў наступных шрыфтах Times New Roman, Georgia ці Palatino. Інтэрвал – адзінкавы. Кожны абзац пачынаецца з чырвонага радка. Памер асноўнага тэкста – 12, памер зносак і вялікіх цытат - 11.

Спасылкі і цытаты

Усе спасылкі і цытаты павінны афармляцца старонкавымі зноскамі (унізе старонкі), мець скразны характар нумарацыі. Фразы, якія цытуюцца павінны быць вылучаны курсівам і ўзяты ў двухкоссі. Цытаты памерам больш за тры радкі афармляюцца вынясеннем іх у асобны параграф з водступам і больш дробным шрыфтам. Спасылкі афармляюцца оксфардскім стылем: http://oxfordjournals.org/our_journals/ojlr/for_authors/

Аўтарскае права

Падаючы артыкул на публікацыю ў часопіс, аўтар прымае на сябе адказназнасць за любыя парушэнні, звязаныя з аўтарскім правам пры публікацыі такога артыкула. Пасля публікацыі артыкула аўтар атрымлівае копію свайго артыкула ў фармаце pdf і можа размяшчаць яго ў інтэрнэце менавіта ў такім выглядзе, са спасылкай на часопіс “Збожжа”. Пры перапублікацыі арыгінальнага артыкула, яго частак як на той мове, на якой ён быў апублікаваны ў часопісе “Збожжа”, так і ў перакладзе, павінна быць пазначана, што часопіс “Збожжа” з’яўляецца месцам першай публікацыі.

Рэцэнзаванне артыкулаў

Усе артыкулы праходзяць двойчы сляпое (ананімнае) рэцэнзаванне. Рэцэнзентамі могуць быць як сябры навуковай рады, так і знешнія эксперты.

 

Страны: 
Рубрыка: