Прэс-канферэнцыя з удзелам біскупа А. Дзям’янкі
14.06.200712 чэрвеня 2007 г. у Мінску адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі, кусташа санктуарыя Маці Божай Будслаўскай айца Віктара Бурлакі OFM, пробашча мінскай парафіі святых Сымона і Алены кс. дзекана Уладзіслава Завальнюка, а таксама старшыні фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» сп. Юрыя Гарулёва. На прэс-канферэнцыі закраналіся пытанні правядзення сёлетняй урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якая адбудзецца 1–2 ліпеня, міжнароднай воднай пілігрымкі на байдарках з Вільні ў Будслаў, а таксама ІІІ Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat 2007».
«Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш», — пад такім дэвізам пройдуць сёлетнія пілігрымкі ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. «Пілігрымка — гэта не экскурсія, — адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка, — гэта вандроўка, якая мае рэлігійны характар. Усе мы вандруем да Бога. У гэты шлях пілігрымы ідуць без многіх прывычных рэчаў, што дазваляе лепш адчуць блізкасць Бога».
Сёлета ўпершыню адбудзецца міжнародная водная пілігрымка на байдарках з Вільні ў Будслаў з нагоды 500-годдзя пачатку сплаву драўніны з Будслава для пабудовы касцёла і кляштара айцоў-бэрнардынаў у Вільні. Пілігрымка будзе праходзіць з 23 чэрвеня па 2 ліпеня. 24 чэрвеня ва ўрачыстасць святога Яна Хрысціцеля ў віленскім Кафедральным касцёле будзе асвячоны юбілейны крыж, зроблены з пяцісотгадовай драўніны, узятай са сценаў бернардынскага кляштара. Крыж будзе дастаўлены ў Будслаў і ўсталяваны каля санктуарыя. «З Мінска ў Вільню будзе прывезена копія абраза Маці Божай Будслаўскай, — паведаміў арганізатар воднай пілігрымкі кс. Уладзіслаў Завальнюк. — У 2006 годзе копія абраза была паднятая беларускімі альпіністамі на адну з самых высокіх гор у Гімалаях, адкуль Маці Божая нібы благаславіла ўвесь свет». У гэтай незвычайнай пілігрымцы будуць браць удзел людзі розных веравызнаняў, і такім чынам яна стане сімвалам хрысціянскага адзінства і ўзаемаразумення.
З 20 па 24 чэрвеня адбудзецца ІІІ Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat 2007» у Глыбокім, Удзеле, Мосары і Івесі. На ім будуць прадстаўлены больш за 40 стужак з 14 краінаў свету. «На адкрыцці фестываля ўпершыню будзе паказана карціна вельмі незвычайнага аўтарства, — паведаміў старшыня фестываля. — Гэта аўтарскі фільм ксяндза Казіміра Свёнтэка «Чары прыроды». Стужка была знятая яшчэ да таго, як Казімір Свёнтэк стаў біскупам».
«Наша агульная справа — служыць умацаванню каштоўнасцяў, якія дорыць нам вера ў Хрыста», — так акрэсліў мэту фестывалю яго старшыня сп. Юрый Гарулёў.
Крыніца:
Апошнія навіны