22 Паводле Матфея

1. І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:
2. падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вяселле сыну свайму
3. і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле; і не хацелі прыйсці.
4. Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажыце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле".
5. Але яны, не даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
6. Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зняважылі і забілі іх.
7. І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
8. Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запрошаныя не былі вартыя.
9. Дык вось, ідзіце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле.
10. І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле бяседнікамі.
11. Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
12. і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.
13. Тады сказаў цар слугам: звязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;
14. бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
15. Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся, як злавіць Яго на слове.
16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;
17. дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
18. Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
19. пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынеслі Яму дынарый.
20. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
21. І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
22. Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
23. У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасення, і спыталіся ў Яго:
24. Настаўнік! Маісей сказаў: "калі хто памрэ, не маючы дзяцей, няхай возьме брат яго жонку яго і адродзіць семя брату свайму".
25. Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы семені*, пакінуў жонку сваю брату свайму;
26. гэтак сама і другі, і трэці, нават да сёмага;
27. а пасля ўсіх памерла і жонка.
28. Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку, бо ўсе мелі яе.
29. Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай;
30. бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
31. А пра ўваскрэсенне мёртвых ці не чыталі вы сказанага вам Богам:
32. "Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава"? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
33. І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.
34. А фарысеі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне, сабраліся разам.
35. І спытаўся адзін з іх, законнік, спакушаючы Яго і кажучы:
36. Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
37. Іісус жа сказаў яму: "узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім".
38. гэта найбольшая і першая запаведзь;
39. а другая падобная да яе: "узлюбі блізкага твайго, як самога сябе";
40. на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
41. Калі ж сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Іісус:
42. што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
43. Кажа ім: як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе, калі кажа:
44. "Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"?
45. Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?
46. І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.

_________________

* Дзяцей