23 Паводле Матфея
17.12.20101.Тады Іісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
2. кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;
3. дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабіце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, і неробяць:
4. звязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць іх;
5. а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі* свае ды павялічваюць кутасы на адзенні сваім;
6. а таксама любяць узляжаць наперадзе на гасцінах, і наперадзе сядзець у сінагогах,
7. і вітанні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: "Вучыцель! вучыцель!"
8. А вы не называйцеся вучыцелямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а ўсе вы — браты;
9. і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
10. і не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
11. Большы з вас няхай будзе вам слуга:
12. бо хто ўзвышае сябе, той прыніжаны будзе; а хто прыніжае сябе, той узвысіцца.
13. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.
14. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большае асуджэнне.
15. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
16. Гора вам, павадыры сляпыя, што кажаце: "калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты".
17. Неразумныя і сляпыя! што большае: золата, ці храм, які асвячае золата?
18. І: "калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты".
19. Неразумныя і сляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар?
20. Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;
21. і той, хто прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
22. і той, хто прысягае небам, прысягае прастолам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
23. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
24. Павадыры сляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
25. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што ачышчаеце знешнасць чашы і місы, а усярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няпраўды.
26. Фарысей сляпы! ачысці спярша сярэдзіну чашы і місы, каб чыстая была і знешнасць іх.
27. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей мёртвых і ўсякага бруду;
28. так і вы знешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
29. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,
30. і кажаце: "калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў";
31. тым самым вы самі сведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
32. дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
33. Змеі, адроддзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэння ў геену?
34. Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых і гнаць з горада ў горад;
35. каб спала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
36. Праўду кажу вам: усё гэта спадзе на род гэты.
37. Іерусаліме, Іерусаліме, ты забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі!
38. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
39. Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне ад сёння, пакуль не ўсклікнеце: "благаславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!"
_______________
* Павязкі на лобе і на руках з словамі закона