7 Паводле Лукі
17.12.20101 Калі ж Ён скончыў усе словы Свае да народа, які слухаў, то ўвайшоў у Капернаум.
2 У аднаго сотніка раб, якім ён даражыў, быў хворы пры смерці.
3 Пачуўшы ж пра Іісуса, ён паслаў да Яго старэйшын Іудзейскіх, просячы Яго, каб прыйшоў ацаліць раба яго.
4 І яны, прыйшоўшы да Іісуса, настойліва прасілі Яго, гаворачы: ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэта,
5 бо ён любіць народ наш і сінагогу збудаваў для нас.
6 Іісус пайшоў з імі. І калі ўжо Ён быў недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік сяброў сказаць Яму: Госпадзі! не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
7 таму і сябе самога я не палічыў годным, каб прыйсці да Цябе; але скажы слова, і выздаравее слуга мой.
8 Бо і я, чалавек, падпарадкаваны ўладзе, але, маючы пад сабою воінаў, кажу аднаму: “ідзі”, і ідзе; і другому: “прыйдзі”, і прыходзіць; і рабу майму: “зрабі гэта”, і робіць.
9 Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры.
10 І, вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага раба здаровым.
11 І сталася пасля гэтага: пайшоў Іісус у горад, які называўся Наін; і з Ім ішлі многія вучні Яго і мноства народу.
12 Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, якраз, выносілі памерлага, адзінага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і шмат людзей з горада было з ёю.
13 Убачыўшы яе, Гасподзь злітаваўся над ёю і сказаў ёй: не плач.
14 І, падышоўшы, дакрануўся да насілак; тыя, што неслі, спыніліся; і сказаў: юнак! табе кажу, устань.
15 І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і аддаў яго Іісус маці яго.
16 І ахапіў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і наведаў Бог народ Свой.
17 І гэтае слова пра Яго разышлося па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі.
18 І паведамілі Іаану вучні яго пра ўсё гэта.
19 І, паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Іаан паслаў іх да Іісуса спытаць: ці Той Ты, Які мае прыйсці, ці чакаць нам другога?
20 Прыйшоўшы да Яго, гэтыя мужы сказалі: Іаан Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Той Ты, Які мае прыйсці, ці чакаць нам другога?
21 А ў гэты час Ён многіх ацаліў ад хвароб і немачаў і злых духаў і многім сляпым падараваў зрок.
22 І сказаў ім Іісус у адказ: пайдзіце, паведаміце Іаану, што вы бачылі і чулі: як сляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогія дабравесцяць;
23 і блажэнны, хто не спакусіцца аба Мне.
24 А калі адышлі пасланцы Іаанавы, пачаў Ён гаварыць народу пра Іаана: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? трысціну, ветрам калыханую?
25 Што ж глядзець хадзілі вы? чалавека, убранага ў мяккае адзенне?
Але хто ў пышных уборах і ў раскошы жыве, тыя ў царскіх палацах.
26 Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
27 Гэта той, пра каго напісана: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою”.
28 Бо кажу вам: з народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Іаана Хрысціцеля; але меншы ў Царстве Божым большы за яго.
29 І ўвесь народ, што слухаў, і мытнікі прызналі правату Бога, хрысціўшыся хрышчэннем Іаанавым;
30 а фарысеі і законнікі адкінулі волю Божую наконт сябе, не хрысціўшыся ад яго.
31 І сказаў Гасподзь: з кім жа параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
32 Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх і гавораць: мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі, мы спявалі вам жалобнае, а вы не плакалі.
33 Бо прыйшоў Іаан Хрысціцель: ні хлеба не есць, ні віна не п’е; і вы кажаце: у ім дэман.
34 Прыйшоў Сын Чалавечы: есць і п’е; і вы кажаце: вось чалавек, які любіць есці і віно піць, сябра мытнікам і грэшнікам.
35 І апраўдана мудрасць усімі дзецьмі яе.
36 Нехта з фарысеяў прасіў Яго паесці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг.
37 І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узляжыць у доме фарысея, прынесла алебастравую пасудзіну міра
38 і, стаўшы ззаду каля ног Яго, плачучы, пачала абліваць слязьмі ногі Яго і валасамі галавы сваёй выцірала, і цалавала ногі Яго, і мазала мірам.
39 Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
40 І, адказваючы, Іісус сказаў яму: Сімане! Я маю нешта сказаць табе. Той прамовіў: скажы, Настаўнік.
41 Іісус сказаў: у аднаго пазыкадаўцы было два даўжнікі: адзін быў павінен пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят;
42 але, паколькі яны не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Каторы з іх, скажы, больш узлюбіць яго?
43 І сказаў Сіман у адказ: думаю, той, якому больш дараваў. Ён жа сказаў яму: правільна ты рассудзіў.
44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сіману: бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі не даў; а яна слязамі абліла Мне ногі і валасамі галавы сваёй выцерла.
45 Ты цалавання Мне не даў; а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, не пераставала цалаваць Мне ногі.
46 Ты галавы Маёй алеем не памазаў, яна ж мірам памазала Мне ногі.
47 А таму кажу табе: адпускаюцца грахі яе многія, бо яна ўзлюбіла многа; а каму мала адпускаецца, той мала любіць.
48 І ёй сказаў: адпускаюцца табе грахі.
49 І пачалі тыя, што ўзляжалі з Ім, гаварыць самі сабе: хто Ён, што і грахі адпускае?
50 Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі з мірам.