У Львове прайшоў семінар WSCF-E на тэму свабоды веравызнання

25-30 траўня 2009 г. ва Ўкраінскім Каталіцкім Універсітэце Львове адбыўся семінар на тэму «Свабода веравызнання як права чалавека», арганізаваны Сусветнай Студэнцкай Хрысціянскай Федэрацыяй (Еўрапейскі рэгіён). У семінары ўзялі ўдзел 25 маладых хрысціян і даследнікаў рэлігіі з Арменіі, Баўгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Румыніі, Украіны, Фінляндыі, а таксама група ўдзельнікаў з Беларусі, сітуацыя са свабодай сумлення ў якой была адным з фокусаў дадзенага семінару. Сярод асноўных дакладчыкаў былі Світлана Тымчанка, трэнер па правах чалавека Рады Еўропы (Human Rights Education Network), Джэральдзіна Фэган, супрацоўніца Службы навін Форуму 18, якая распавяла пра маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў галіне свабоды веравызнання, а таксама выступіла экспертам па рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі і Расеі; Дзіна Шаўцова, адна з кіраўнікоў ініцыятывы «За свабоднае веравызнанне» з Беларусі, у дакладзе якой асноўная ўвага была нададзеная прававым падмуркам свабоды сумлення і дзейнасці рэлігійных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь, а таксама хрысціянскаму супрацоўніцтву і салідарнасці ў справе абароны свабоды сумлення; Крыса Хоўсана, англіканскага святара і ўдзельнікам шматлікіх грамадзянскіх кампаній у Вялікабрытаніі, які падзяліўся сваімі думкамі наконт багаслоўскіх падмуркаў грамадзянскай актыўнасці хрысціян і досведам хрысціянскага негвалтоўнага дзеяння.

У межах семінару адбыўся круглы стол, у якім прынялі ўдзел Ёўа Вуорінен, рэгіянальны сакратар ССХФ(Е), магістар праваслаўнага багаслоўя з Фінляндыі, якая распавяла пра экуменічны дыялог у Фінляндыі, а таксама пра становішча дзяржаўных – Праваслаўнай і Евангельска-Лютэранскай Цэркваў – і іншых рэлігійных супольнасцей у Фінляндыі, Іраклій Цахадзэ, адзін з кіраўнікоў грузінскай хрысціянскай арганізацыі «Хрысціянскія студэнты за мір і дэмакратыю», і Мірыям Гаўтадзэ, супрацоўніца офісу амбудсмана па пытаннях рэлігійных меншасцей у Грузіі, якія распавялі пра сітуацыю з неправаслаўнымі веравызнаннямі ў гэтай краіне, а таксама пра пазіцыю Праваслаўнай Царквы ў дачыненні да рэлігійных меншасцей; Камелія Слаўчава, аспірантка Сафійскага ўніверсітэта, якая даследуе свабоду веравызнання і царкоўна-дзяржаўныя дасыненні, і Барыс Бучвараў, вернік альтэрнатыўнай Балгарскай Праваслаўнай Царквы, якія распавялі аб рэлігійнай сітуацыі ў сваёй краіне, аб становішчы альтэрнатыўных праваслаўных груп і іншых веравызнанняў; Андрэй Кім, былы паліт-вязень і хрысціянін-пратэстант з Беларусі, і Наталля Васілевіч, палітолаг, галоўны рэдактар беларускага хрысціянскага парталу «Царква», якія звярнулі ўвагу на асаблівасці беларускага заканадаўства датычна свабоды сумлення, распавялі аб экуменічным руху ў Беларусі, а таксама аб асобных выпадках пераследу рэлігійных груп у Беларусі.

Семінар праходзіў у межах праграмы ССХФ(Е), якая носіць назоў Lingua Franca, першапачаткова гэта быў моўны трэнінг для студэнтаў-хрысціян з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, пазней ён стаў уключаць і кампаненты трэнігу па правах чалавека і інш., цяпер жа ўсе ўдзельнікі мелі мажлівасць пазнаёміцца з асаблівасцямі рэлігійнай лексікі ў ангельскай мове, з асобнымі выразамі, якімі па-ангельску апісваюцца розныя рэлігійныя аб'екты і феномены, а таксама з прававой лексікай датычны свабоды сумлення. Удзельнікі таксама вучыліся правільна складаць і афармляць па-ангельску лісты падтрымкі пераследаваных цэркваў, а таксама петыцыі супраць парушэння свабоды сумлення. Андрэй Кім расказаў пра кампанію «Напішы ліст палітвязню», якую ён арганізоўваў у 2007 і 2008 г., падзяліўся сваім досведам палітвязня, распавёў пра тое, як лісты падтрымкі атрымліваў у зняволенні сам, а таксама пра тое, як атрымаў ліст ад Сусветнай Хрысціянскай Студэнцкай Федэрацыі напярэдадні суду.

На заканчэнне семінару ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, у якой, у прыватнасці, была выказаная ўпэўненасць у неабходнасці адстойванні свабоды веравызнання, асаблівая ўвага была звернутая на сітуацыю ў Беларусі, дзе «заканадаўства выкарыстоўваецца як сродак уціску цэркваў, рэлігійных меншасцяў і наогул усіх, хто змагаецца за іх правы». Поўны тэкст

Рэзалюцыі датычна свабоды сумлення, прынятая на семінары Lingua Franca Сусветнай Студэнцкай Хрысціянскай Федэрацыі.

 

 

Даведка. Сусветная Студэнцкая Хрысціянская Федэрацыя (World Student Christian Federation) – найстарэйшая экуменічная арганізацыя ў свеце, заснаваная ў 1895 г., яна аб'ядноўвае студэнцкія хрысціянскія рухі больш за 100 краінаў з усяго свету. ССХФ адыграла выключную роля ў заснаванні ў 1948 г. Сусветнай Рады Цэркваў, а таксама да Кастрычніцкай рэвалюцыі значна паўплывала на развіццё Рускага Хрысціянскага Студэнцкага Руху. Еўрапейскі рэгіён федэрацыі - адзін з шасці рэгіёнаў, які яб'ядноўвае 23 нацыянальныя студэнцкія хрысціянскія рухі ў 18 карінах Еўропы.

 

Источник:

ЦАРКВА

Рубрика: