Зноў і зноў аб Дзяржынску
24.04.2005дапаўненьні
Міраструменьне ў Дзяржынску працягваецца (насуперак афіцыйным зьвесткам, што "ўсё скончылася") у некаторым аб'ёме. Вядома, што міраструменяць (ці "алееструменяць", як прынята цяпер паліткарэктна выражцца) прадметы ў алтары, а таксама маюцца застылыя рэшткі алеепадобнай вадкасьці (міра ці чагосьці іншага) на іконе Покрыва Божай Маці. Раней найбольш багата міраструменіла ікона беларускіх новапакутнікаў, прычым гэтая ікона зьяўляецца фатаграфічным здымка з арыгінала. Ёсьць зьвесткі аб тым, што службы працягваюцца, у тым ліку і літургія, аб чым сьведчыць расклад службаў. Новы неасьвечаны прастол працягвае знаходзіцца на салеі. Ці ёсьць прастол у алтары і ў якім выглядзе, невядома.
Зьяўляюцца таксама сьведчаньні і аб ацаленьнях, у тым ліку і ад цяжкіх захворваньняў, праз пасярэдніцтва іконаў, у сявязі з гэтым якія лічацца цудатворнымі. Настрой, такім чынам, у дачыненьні да падзеяў, якія адбываліся, мае два аспэкты - прыняцьце міраструменьня як міласьці Божай, што пацьвярджаюць ацаленьні (як разумеце, клінічных дадзеных у аўтара гэтага артыкула няма, дадзеныя грунтуюцца на сьведчаньнях), але і як закліка Божага да пакаяньня.
Таксама вядома, што на пакой адпраўлены старэйшы сьвятар дзяржынскага храма мітрафорны протаіярэй Мікалай Леднік, надмагільная пліта якога загадзя ўжо знаходзіцца на храмавай тэрыторыі. Гэты сьвятар ужо паважнага ўзросту і нямоглы, таму асаблівай нагоды думаць, што ягоны сыход нейкім чынам зьвязаны з падзеямі, якія адбываліся, няма.
Ува ўсім гэтым пытаньні зьдзіўляе, галоўным чынам, афіцыйная пазыцыя царквы паводле "дзяржынскага пытаньня". Дакладней, яе адсутнасьць. Статыстыка нашага сайту паказвае на вялікую колькасьць наведваньняў артыкулу менавіта зьвязанага зь дзяржынскімі іконамі. Гэтая тэма абмяркоўвалася і ў СМІ, і пастаянна да яе зьвяртаюцца ў прыватных размовах. Калі інтарэс людзей нецаркоўных паступова спадаў, то праваслаўныя людзі шукаюць адказу, бо зьява такога міраструменьня, а таксама зьвязаных (прычынна ці ў часе) зь ім падзеяў, якія адбываюцца ў праваслаўным храме, такім чынам, зьвязаных з пабожнасьцю і верай, патрабуюць ад праваслаўных нейкага водгуку. Але водгук узьнікае ў выглядзе пытаньняў, на якія адказаў ніхто ня ведае. Сама такая зьява ў царкве патрабуе царкоўнай ацэнкі, інакш узьнікаюць нагоды да асабістых інтэрпрэтацыяў, якія могуць быць заснаваныя і на аб'яўленьнях, і на ацэнках аўтарытэтных людзей, і на домыслах, а часьцяком і на адкрытых спэкуляцыях. Таму асабіста для мяне, "дзяржынскае пытаньне" важнае ў кантэксьце царкоўнага жыцьця ў Беларусі. У мяне ёсьць свае домыслы, напрыклад, што мястэчка Дзяржынск трэба перайменаваць. Але пры гэтыя я мяркую, што пераназваць яго трэба ў любым выпадку, ці мае міраструменьне да гэтага дачыненьне ці не. Я, вядома, разумею, што некаторыя веды могуць быць шкодныя для народнай пабожнасьці, і, можа, менавіта таму інфармацыя хаваецца. Але такая ўжо асаблівасьць народнай пабожнасьці - яна не трывае пустак: ужо ня першы тыдзень пабожныя прыхаджане прапануюць іншым "адліць крыху алеючыку" ці "памазацца алейчыкам" ад "цудатворных міраструменных дзяржынскіх іконаў". Народнае шанаваньне ў любым выпадку ўжо пачало разьвівацца, хаця, безумоўна, ранейшага ажыятажу ўжо няма.