Како веруеши?

Сімвал веры ў Таінстве пакаяння

 

Таінства пакаяння патрабуе асаблівага, творчага стаўлення з боку пастыра. Чынапаследаванне гэтага таінства пакідае большую яго частку па-за межамі абавязковага чыну, паколькі адбыванне споведзі залежыць ад стану каяльніка ў кожным канкрэтным выпадку і асабістага падыходу духаўніка да яго. У дапамогу і каяльніку, і духаўніку сёння маецца даволі дапаможнікаў, дзе падрабязна разбіраюцца выпадкі канкрэтных грахоў і страсцей. Але, на жаль, гэтая безумоўна важная частка пакаяння часам адсоўвае на задні план не менш важную абавязковую частку чыну. Асабліва гэта тычыцца Сімвала веры. У лепшым выпадку, пры разглядзе чынапаследавання мімаходзь згадваецца, што “...паводле Ўстава належыць чытаць Сімвал веры...” Аднак, гэтае патрабаванне вызнання праваслаўнае веры далёка не фармальная працэдура, што вынікае з самога сэнсу таінства. Трапляючы ў палон страсцей і грахоў, чалавек праз гэта адступае ад Царквы і ад Бога, і каяльнік прыходзіць на споведзь не адно, каб атрымаць дараванне, але з тым, каб вярнуцца ў Царкву, нанова далучыцца да праваслаўнай хрысціянскай веры, ад якой адпаў. У апошняй заключнай малітве Таінства святар хадайнічае перад Богам аб раскаяным грэшніку: “...примири и соедини его Святей Твоей Церкви о Христе Иисусе…” . Нездарма Царква заўсёды разумела Таінства пакаяння як “другое хрышчэнне”, аднаўленне веры, вяртанне на шлях праўды. Як жа магчыма, не ведаючы элементарных ісцінаў сваёй веры, вярнуцца на гэты шлях?Яшчэ ў 70-80-я гады нярэдкія былі дасведчаныя духаўнікі, што пачыналі споведзь з пытання “Како веруеши?”, і гэта адпавядала чынапаследаванню Таінства пакаяння: “Найперш запытвае яго аб веры...І калі верыць праваслаўна і несумненна, няхай чытае Сімвал веры...” Аднак, у сучаснай пастырскай практыцы гэтая частка Таінства пакаяння, што з’яўляецца, як мы бачым, найпершаю ўмоваю вяртання грэшніка ў Царкву, практычна цалкам забытая і пагарджаная. Умоўна кажучы, “псіхалогія” мае вяршэнства над дагматыкай. Зусім незразумела, чаму ў нашыя часы, калі, здаецца, існуе мноства літаратуры, калі не дзівяць ужо і курсы катэхізацыі, рэгулярныя пастырскія гутаркі, усё тое, што спрыяе лепшаму пазнанню асноваў веравучэння, менавіта ў гэтыя часы так памякчэлі патрабаванні да ведаў аб сваёй веры. Можа быць, мяркуецца, што наведнік споведзі і так шмат чаго “чытаў” і шмат чаго “ведае”. Аднак жа, насамрэч аказваецца, што ўсе і блізка не так. Асабліва, калі не абмяжоўвацца фармальнай праверкай ведаў Сімвала веры на памяць, а пастарацца высветліць, ці зразумелы ягоны сэнс. Тым болей, што той, хто не можа пераказаць дакладна на памяць Сімвал, можа аказацца здольным прыблізна перадаць ягоны сэнс. Хаця, заўважым, практыка паказвае, што ўсё ж, найчасцей, хто разумее сэнс, той пэўна ведае тэкст на памяць. Хачу загадзя папярэдзіць – пастыру, які б рашыўся на падобны вопыт, варта быць гатовым да “адкрыццяў”. Адкрыццяў бездані дагматычнае непісьменнасці прыхаджанаў. Менавіта прыхаджанаў, а не “захаджанаў”, г.зн., не пачаткоўцаў ці наведнікаў храма з нагоды ці з выпадку, а тых прыхаджанаў, якіх мы называем “уцаркоўленымі”, шматгадовых удзельнікаў набажэнстваў, слухачоў пропаведзяў і сталых удзельнікаў Таінстваў Царквы. І вось, як выяўляецца, многія з такіх людзей выяўляюць падобнага кшталту “веды”: - Некаторыя не маюць паняцця пра Тройцу, ажно да таго, чым ці кім Яна ёсць. Самае жахлівае, што слова гэтае чулі (“свята такое”), але “неяк не задумваліся”. Чаму не задумваліся? Чаму пытанне пра самае галоўнае год у год не даецца ў знакі ў свядомасці? Ужо гэтыя пытанні – асобная вялікая тэма.Сярод тых, хто не мае паняцця пра Тройцу, нярэдка сустракаюцца і тыя, што адказваюць:”Не ведаю, што такое Тройца, але маю да Тройцы малітву”. Гэты парадаксальны момант характэрызуе не толькі дагматычную непісьменнасць, але, па-за іншым, паказвае і тое, што малітва можа разумецца не як дыялог з Богам, а як святарны набор словаў, свайго кшталту мантра, якую прамаўляюць на нейкі абавязак ці “для таго, каб дапамагло”. - для некаторых Тройца – гэта “Ісус Хрыстос і...не памятаю” ці, прыкладам, “Ісус Хрыстос, Маці Божая і Святы Дух”.- некаторыя сцвярджаюць, што “перад Раством Хрыстовым Тройцы не было, таму што не было яшчэ Ісуса Хрыста” ці што Тройца “з’явілася ў выніку эвалюцыі вечна існага сусвету” (яўна водгулле глыбока заселага ў савецкія часы атэістычнага светапогляду)Увогуле, мала хто з знаўцаў на памяць Сімвалу веры можа адэкватна вытлумачыць сэнс словаў “рожденного прежде всех век”, хаця прыемна адзначыць, што гэткія ўсё ж ёсць; пры гэтым акурат сярод тых простых прыхаджанаў, ад якіх і не чакаеш. Некаторыя даўмеліся ў словах “прежде всех век” нават пачуць штосьці кшталту “первее человек” (досыць распаўсюджана). Разуменне быцця Ісуса Хрыста як існасці, адзначанай дачаснасцю (“узнік” ці “створаны”), нейкім чынам можа мірна жыхарыць у свядомасці побач з даволі цвёрдай упэўненасцю, што Ён – Бог і Сын Божы. А гэта, у прыватнасці, выдае абсалютна язычніцкае ўяўленне пра Боства і Ягоныя ўласцівасці. Трэба яшчэ дадаць, што пры такім успрыманні быцця Ісуса як дачаснага ніхто не ўзгадвае, прынамсі, без падказкі пра Хрыста як Чалавека, тым болей – як Богачалавека, што мела б быць нашым ключам да разумення сэнсу Прышэсця Збавіцеля і пунктам адліку ўсіх нашых спадзяванняў. Лёгка дапусціць, што тэрмін “единосущный” таксама выглядае на цвёрды арэшак. На шчасце, ён папросту часцей не разумеецца ўвогуле, чым хібна вытлумачваецца. На дзіва, рэдкімі ёсць грубыя і хібныя ўяўленні пра Духа Святога, хаця досыць часта можна пачуць, што Дух Святы “з’явіўся” у дзень Пяцідзесятніцы.Такім чынам, трыядалогія і хрысталогія ў прыватным разумаванні прыхаджанаў да кроплі паўтарае ўсю царкоўную гісторыю аблудаў ў гэтых ключавых пытаннях дагматыкі. Усё пералічанае ўражвае не так сваёй непісьменнасцю самой па сабе (што можна было б залічыць на рахунак “натуральнага” невуцтва), але адсутнасцю цікаўнасці, імкнення спасцігнуць сэнс. Завучыўшы – часцяком адно ў спеўным афармленні – Сімвал веры, шмат хто так і трымае яго ў памяці як таямнічую мантру, не разумеючы і не спрабуючы нават прыблізна вытлумачыць значэнне пэўных фразеалагічных зваротаў, не кажучы пра іх багаслоўскі сэнс. Зразумела, што для карэннага выпраўлення такой сітуацыі патрэбны цэлы комплекс захадаў. Неабходная сістэматычная катэхізацыя прыхаджанаў у самых розных формах – ад цыклаў пропаведзяў і павучанняў да адмысловых курсаў ці рэгулярных гутарак па-за багаслужбовым часам. Трэба заўважыць, што, не гледзячы на яўную перавагу маральнага аспекту над дагматычным, сучасная пропаведзь звычайна змяшчае інфармацыю веравучыцельнага характару. Можа быць, колькаснае павелічэнне дагматычнай пропаведзі і не патрабуецца – успрыманне падобнай інфармацыі мае свой выразны парог. Але істотна, каб такія пропаведзі вяліся паводле пэўнага плану. На пачатку можа быць пастаўленая мэта выкаранення нейкай адной пашыранай аблуды. Пасля можна было б лагічна перайсці да іншай. Асабліва вялікую ўвагу належыць надаваць вытлумачэнню важнасці правільных ведаў пра асновы праваслаўнае веры дзеля практычнай справы збаўлення душы. Да тае пары, як чалавек не зразумее, што дагматыка ёсць падмуркам фармавання ўласцівага праваслаўнай веры вектара каштоўнасцяў і дзеянняў і надае сэнс таму, што раней здавалася малаўцямным наборам табу і правілаў, што праз правільнае веравучэнне нам адкрываецца праўдзівы вобраз Бога, а з гэтага вынікае і нашае жывое, асабістае стаўленне да Яго, веравучыцельныя ісціны будуць заставацца для яго навязанай звонку сухой “тэорыяй” і “абавязалаўкай”. Гэты аспект асабліва значны ў наш час, калі светам авалодвае “новая рэлігійнасць”, адна з уласцівых рысаў якой – прынцыповы, а нават агрэсіўны адагматызм.Але найпершае і найпрасцейшае, што можна ўчыніць зараз, гэта тое, з чаго мы і пачалі. – вярнуць неабходнасць вызнання веры ў Таінства пакаяння. Ужо гэта ў вялікай ступені настроіць на ўспрыманне дагматычных ісцінаў веры як неабходнага звяна ў Збаўленні. Споведзь можна зрабіць магутным інструментам асабістай катэхізацыі прыхаджанаў, тут магчыма літаральна дайсці да кожнага. Пры гэтым важна налаштаваць справу так, каб гэта не мела выглядаць як іспыт, а менавіта як індывідуальная дапамога пастыра, ягоная ўвага да таго, што і як член Царквы Хрыстовае ведае і думае пра пытанні веры. Пры належнай далікатнасці такая размова не павінна адхіснуць прыхаджанаў. Адваротна, у пэўным сэнсе яна мае нават натхніць – вось жа, аказваецца, істотнае не толькі тое, што ты думаеш аб сваім асабістым жыцці, сваіх грахах і страсцях, але і аб усёй Царкве, усім ладзе сусвету. Ты – ваяр Хрыстоў, і таму ты пасвечаны ў стратэгію барацьбы з злом і перамогаў праўды Божае. Пры гэтым належыць злучаць у адно звенні споведзі – паказваць, як дагматычная пісьменнасць дапамагае ў барацьбе з тымі грахамі, якія чалавек прыйшоў выспавядаць, як яна адкрывае нам бачанне Божага плана Збаўлення для нас асабіста і для ўсяго заняпалага свету. Так, спакваля, праз руплівую індывідуальную пастырскую працу, можна зрабіць многае з таго, што, здавалася б, немагчыма здзейсніць без вялікіх рэформаў.

Пераклад на беларускую мову А.К.

Святар Александар Шрамко

Рубрыка: