Мая місіянерская дзейнасць у падпольлі ў гады ПЕРАБУДОВЫ

 

Памяць пра шматлікія ласкі Божыя, пра якія я пісаў ў гэтай кнізе, не давалі мне спакою, і я працягваў ва ўмовах заканадаўчых абмежаваньняў на рэлігійную дзейнасьць займацца хрысьціянскай асьветай сярод людзей. Я стварыў гурток па вывучэньні рэлігіі з 7 чалавек. Мы сябравалі, даставалі рэлігійную літаратуру, чыталі і абмяркоўвалі яе. У працэсе такога сумоўя я імкнуўся абудзіць у людзей цікавасьць да каталіцтва. Аднак у гурток трапіў сакрэтны супрацоўнік КГБ, студэнт медыцынскага інстытуту. Над намі пачалася аператыўная работа КГБ. Частка людзей, ня маючы досьведу ў стасунках з КГБ, як кажуць, «раскалолася» і дала на мяне паказаньні як на арганізатара. Сакрэтны супрацоўнік КГБ раскаяўся і папярэдзіў мяне аб сваёй здрадзе. Мяне выклікалі на допыты ў КГБ. Цягнуліся яны па некалькі гадзінаў. Па прычыне маёй адмовы раскаяцца і даць патрэбныя паказаньні органы КГБ арганізавалі цкаваньне мяне. Спачатку — правядзеньнем лекцыяў пра маю «дзейнасьць» па месцы працы, а затым і ў іншых буйных вытворчых калектывах Яраслаўля. У выніку я быў пазбаўлены характарыстыкі для працы над абаронай кандыдацкай дысертацыі, падвышэньня заробку і друкаваньня маёй навуковай працы ў часопісе міністэрства. Матывацыя была ў тым, што нельга падвышаць мой навуковы аўтарытэт і што званьне савецкага вучонага не сумяшчальнае з рэлігійнымі перакананьнямі.

А ў мяне ж была ўжо сям'я, і мне трэба было яе матэрыяльна забясьпечваць. Аднак цяпер у сваім родным горадзе я быў «белай варонай». У выніку цкаваньня з боку КГБ я ня меў нармальнай магчымасьці працаваць па сваёй сьпецыяльнасьці ды матэрыяльна забясьпечваць сям'ю. І тады я наважыўся пераехаць жыць у каталіцкі раён СССР — у Заходнюю Беларусь, у Горадню. Я меў надзею, што там на мяне КГБ будзе менш зьвяртаць увагі. Скарыстаўшы рэкамендацыю ксяндза Станіслава Лазара — берасьцейскага сьвятара, з якім я разам адбываў заключэньне, я пазнаёміўся з гарадзенскім каталіцкім духавенствам і пераехаў у 1967 г. у Горадню. Там я ўладкаваўся інжынерам-эканамістам і пачаў паціху прапаведаваць каталіцтва.

Прыкладна ў той самы час я наладзіў кантакты са студэнтам праваслаўнай духоўнай Акадэміі — Дзьмітрыем Дудко, які жыў у Маскве. 3 ім мы некалі разам сядзелі ў адным камуністычным канцлагеры. ЁН быў чалавек глыбока рэлігійны, а да таго ж яшчэ і паэт; таксама, як і я, ён меў дзьве палітычныя судзімасьці. Пазьней ён стаў праваслаўным сьвятаром і працаваў спачатку ў Маскве, а затым у Падмаскоўі. Мы часта гутарылі з ім на рэлігійныя тэмы, і аднойчы ён мяне пазнаёміў з праваслаўным сьвятаром Глебам Якуніным, які быў пазбаўлены права служыць у царкве за ягоны пратэст супраць антыхрысьціянскіх паводзінаў Маскоўскай патрыярхіі. Айцец Г.Якунін у той час быў беспрацоўны і жыў на ахвяраваньні вернікаў. Ён падараваў мне кнігу расейскага філосафа грэка-католіка Ўладзіміра Салаўёва «Расея і Ўсяленская Царква». [...]

Часта мы гаварылі з Дзьмітрыем Дудко пра каталіцтва, і аднойчы ён мне сказаў, што я яму надакучыў з гэтай тэмай, і параіў мне пазнаёміцца з праваслаўным сьвятаром Аляксандрам Менем, які, паводле словаў Д.Дудко, у душы — католік. Ён даў мне пісьмовую рэкамендацыю да айца Меня. І я паехаў да яго дадому — у Падмаскоўе. [...]

Ён пазнаёміў мяне са сваімі галоўнымі супрацоўнікамі па рэлігійнай працы і сам-насам прызнаўся, што ён тайны католік і мае ліст ад кіраўніцтва Каталіцкай Царквы на працяг працы праваслаўным сьвятаром. Ён быў, мабыць, самы актыўны і прадуктыўны праваслаўны сьвятар. Вядомы ён ня толькі сваімі папулярнымі кнігамі па хрысьціянстве. Ён і ягоныя людзі былі першымі арганізатарамі ў Маскве рэлігійнага самвыдату на друкарскіх машынках. Ягоныя людзі ўступалі ў кантакты з каталіцкімі манахамі-навукоўцамі, якія прыязджалі ў Маскву на навуковыя канферэнцыі і прывозілі з-за мяжы рэлігійную літаратуру для людзей з кола А. Меня. Менавіта а. Аляксандр Мень разам са сваімі вернікамі першы стварыў у Маскве моладзевыя гурткі для рэлігійнай асьветы. На іх а. А. Мень прадстаўляў мяне моладзі як расейскага католіка, што ў той час было як нейкае дзіва. Я быў сьведкам таго, як ён неаднойчы раіў сваім духоўным дзецям прымаць прычасьце ў каталіцкіх храмах, маліцца там. 3 гэтага вынікае, што ён прапаведаваў актыўнае экуменічнае сумоўе праваслаўных з католікамі. Часам мне даводзілася весьці рэлігійныя прасьветніцкія гутаркі з «менеўцамі». На маё пытаньне, колькі а. Мень навярнуў у праваслаўе людзей, ён мне адказаў, што з 1960 г. па 1980 г. асабіста ён хрысьціў каля 8 тысячаў чалавек, а потым перастаў весьці ўлік. [...]

Мае сяброўскія стасункі з Менем працягваліся колькі гадоў але былі азмрочаныя двума непрыемнымі выпадкамі. Двойчы ягоныя вернікі выдалі мяне ў маёй рэлігійнай дзейнасьці. Наступствам гэтага былі ператрусы ў мяне.

Першы ператрус быў у 1970 г: шукалі ў мяне нелегальны часопіс «Хроника текущих событий». У гэтым часопісе друкаваліся выпадкі парушэньня правоў чалавека ў СССР, у тым ліку і за рэлігійныя перакананьні. Пры вобыску ў мяне было канфіскавана шмат рэлігійнай літаратуры, пераважна брусельскага выдавецтва «Жизнь с Богом» і антымарксісцкая літаратура дарэвалюцыйнага выданьня (Бярдзяеў, Булгакаў і інш.). На працягу цэлага году мяне выклікалі на допыты ў КГБ, абвінавачвалі ў захоўваньні часопісу «Хроника текущих событий» і перадачы ў яго інфармацыі пра паршэньні правоў вернікаў. Але я пасьпяхова здолеў адхіліць гэтыя абвінавачваньні. Тады КГБ паспрабавала надаць маёй асьветніцкай дзейнасьці па распаўсюджваньні каталіцтва ў Горадні крымінальны характар. Некаторыя з маіх вучняў пад націскам КГБ выдалі мяне, але затое ў далейшым пачуцьцё віны паскорыла іхняе навяртаньне ў каталіцтва, і яны сталі перакананымі католікамі. КГБ у прысутнасьці пракурора і прадстаўніка Гарадзенскага абкама КПСС запатрабавала ад мяне падпіскі з абяцаньнем не займацца рэлігійнай асьветай людзей. Я адмовіўся даць такое абяцаньне, матывуючы сваю адмову адсутнасьцю забароны на гэта ў Канстытуцыі.

Другі раз мяне выдалі ў 1984 г. На гэты раз ператрус і сьледзтва па справе вялося пракуратурай. Чалавек з прыхаджанаў а. Меня, якога арыштавалі ў Маскве, даў паказаньні, што ён мне прадаў кнігі рэлігійнага самвыдату. Падчас ператрусу ў мяне знайшлі некаторыя з названых ім кніг, але я патлумачыў, што кнігі мною атрыманы ад іншага чалавека, імя якога я ня памятаю. Пасьля двух выпадкаў здрадніцтва з боку людзей а. Аляксандра Меня я спыніў кантакты з ягонымі людзьмі і з ім.

Падчас ператрусаў КГБ асабліва імкнулася знайсьці адрасы людзей, з якімі я кантактаваў, аднак я, ведаючы гэты іхні інтарэс, заўсёды трымаў адрасы знаёмых у недасягальным для КГБ месцы і ніколі не запамінаў прозьвішчаў сваіх знаёмых. А КГБ гаварыў, што сьпецыяльна не цікавіўся імёнамі і прозьвішчамі людзей, бо ведаў што яны мяне пра іх запытаюць. 3 гэтае прычыны сёньня я ня памятаю прозьвішчаў і імёнаў большасьці людзей, з якімі я меў кантакты ў гады камуністычнага тэрору. Усё назіраньне з боку КГБ за паднагляднымі вялося, як правіла, па месцы іх працы або па месцы жыхарства. Таму ў такіх месцах каталіцтва я ніколі не прапаведаваў.

Сьветач

святар Віктар Данілаў

Рубрыка: