2 Паводле Лукі

1 І сталася ў тыя дні : выйшаў указ ад кесара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
2 Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй правіў Квірыній.
3 І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
4 Пайшоў таксама і Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Віфлеем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
5 запісацца з Марыяй, заручонай з ім Жонкай, Якая была цяжарная.
6 І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні, каб радзіць Ёй;
7 і нарадзіла Сына Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было ім месца ў гасцініцы.
8 У той краіне былі пастухі, што пільнавалі і неслі начную варту каля статку свайго.
9 І вось Ангел Гасподні стаў перад імі, і слава Гасподня азарыла іх; і напоўніліся страхам вялікім.
10 І сказаў ім Ангел: не бойцеся, бо вось абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу:
11 нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Збавіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь; 12 і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіцятка спавітае, што ляжыць у яслях.
13 І раптам з‘явілася з Ангелам шматлікае воінства нябеснае, усхваляючы Госпада і прамаўляючы:
14 слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля.
15 І сталася: калі адышлі ад іх Ангелы на неба, людзі-пастухі казалі адзін аднаму: пойдзем у Віфлеем і паглядзім тое, што адбылося, пра што Гасподзь абвясціў нам.
16 І, спяшаючыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Іосіфа, і Дзіцятка, што ляжала ў яслях.
17 Убачыўшы ж, абвясцілі тое, што было сказана ім пра гэтае Дзіця.
18 І ўсе, хто чуў, здзіўляліся таму, што казалі ім пастухі.
19 А Марыя захоўвала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.
20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
21 І калі споўнілася восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі імя Яму Іісус, названае Ангелам перш, чым Ён зачаты быў ва ўлонні.
22 І калі споўніліся дні ачышчэння іх паводле закону Маісеевага,
Прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Яго Госпаду,—
23 як напісана ў законе Гасподнім: каб кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрывае ўлонне, было пасвячона Госпаду, —
24 і каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў законе Гасподнім: пару горліц або дваіх птушанят галубіных.
25 І вось, быў у Іерусаліме чалавек, імя якому Сімяон. І чалавек гэты, праведны і богабаязны, чакаў суцяшэння Ізраіля, і Дух Святы быў на ім.
26 І было яму прадвешчана Духам Святым, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
27 І прыйшоў ён у Духу ў храм. І калі бацькі прынеслі Дзіця Іісуса, каб выканаць над Ім устаноўленае па закону,
28 ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
29 цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, з мірам;
30 бо бачылі вочы мае збаўленне Тваё,
31 якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
32 святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго Ізраіля.
33 Іосіф жа і Маці Яго здзіўляліся сказанаму пра Яго.
34 І благаславіў іх Сімяон і сказаў Марыі, Маці Яго: вось, Ён ляжыць для падзення і паўстання многіх у Ізраілі і на знаменне супярэчання, —
35 і Табе Самой душу пратне меч, — каб адкрыліся многіх сэрцаў помыслы.
36 І была Анна прарочыца, дачка Фануілава, з калена Асіравага, якая дасягнула глыбокай старасці, пражыўшы з мужам сем год ад дзявоцтва свайго,
37 удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, пастамі і малітвамі служачы Богу дзень і ноч.
38 І яна ў той самы час падышоўшы, славіла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўлення ў Іерусаліме.
39 І калі выканалі яны ўсё паводле Закону Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
40 Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасцю, і благадаць Божая была на Ім.
41 І хадзілі бацькі Яго штогод у Іерусалім на свята Пасхі.
42 І калі Яму было дванаццаць гадоў, узышлі яны ў Іерусалім, паводле звычаю свята,
43 і правялі тыя дні; і калі вярталіся яны, застаўся Хлопчык Іісус у Іерусаліме; і не ведалі Іосіф і Маці Яго;
44 думаючы, што Ён разам са спадарожнымі, прайшлі яны дзённы шлях; і сталі шукаць Яго сярод сваякоў і знаёмых;
45 і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Іерусалім, шукаючы Яго.
46 І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў храме, калі сядзеў Ён сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
47 і дзівіліся ўсе, хто слухаў Яго, розуму і адказам Яго.
48 І ўбачыўшы Яго, яны вельмі здзівіліся, і Маці Яго сказала Яму: Дзіця! чаму Ты зрабіў нам так? Вось, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе.
49 І сказаў Ён ім: чаго ж вы шукалі Мяне? хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
50 Але яны не зразумелі слова, якое Ён казаў ім.
51 І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмяны ім. І Маці Яго захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
52 А Іісус узрастаў у мудрасці і гадах, і ў любві ў Бога і ў людзей.