МАНІТОРЫНГ СМІ: РАДЫЁ ВАТЫКАНА: Інтэрвію з С.Алейнікам, паслом Беларусі ў Ватыкане: "Дзверы Беларусі для візіту Пантыфіка адчынены і мы чакаем, калі Папа ўвойдзе ў іх"

У гэтыя дні з працоўным візітам ў Ватыкане знаходзіцца намеснік міністра замежных спраў Беларусі, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь пры Апостальскай сталіцы і Суверэнным Мальтыйскім Ордэне Сяргей Алейнік. У межах працоўнага візіту, ён правёў размову з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці Папы Бэнэдыкта ХVІ кардыналам Тарчызіо Бертонэ, а таксама старшынёй Папскай рады па культуры арцыбіскупам Джанфранка Равазі.

Спадар Алейнік, сустрэўся таксама з Папскім легатам на святкаванні 300-годдзя мінскай архікатэдры, якія пройдуць 9 кастрычніка гэтага году ў Мінску, кардыналам Юзафам Томка. Пад час сустрэчы спадар Алейнік коратка пазнаёміў папскага пасланніка з сітуацыяй у Беларусі, адносінамі дзяржавы і Касцёла. Як прыклад удалага супрацоўніцтва ён адзначыў праэкт аднаўлення фрэсак архікатэдральнага касцёла, які быў здзейснены па асабістай ініцыятыве Прэзідэнта краіны з задзейнічаннем сродкаў у выглядзе некалькіх міліярдаў беларускіх рублёў з бюджэту дзяржавы. Мы сустрэліся з Сяргеем Алейнікам у нашай студыі і задалі яму некалькі пытанняў.

Сёння ў нашай студыі Сяргей Алейнік, намеснік міністра замежных спраў Беларусі, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь пры Апостальскай сталіцы і Суверэнным Мальтыйскім Ордэне. Дзень добры!

Дзень добры!

Сяргей Фёдаравіч, я рады вітаць Вас у якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь пры Апостальскай сталіцы пад час Вашага першага інтэрв’ю ў нас. Хачу спытаць: якая прадгісторыя дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і Ватыканам? Раскажыце, калі ласка, аб “рэнесансе гэтых адносінаў, а таксама аб перспектывах і ці зацікаўлены бакі ў іх актывізацыі і ў якіх сферах?

Дзякуй вялікі за магчымасць даць інтэрвью Радыё Ватыкана. Вы закранулі тэму дыпламатычных адносінаў. Я хацеў бы сказаць, што праз паўтара месяцы мы будзем адзначаць 18 год з моманту ўсталявання дыпламатычных адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Ватыкан. Яны былі ўсталяваны 11 лістапада 1992 году. Пастаноўка пытання аб “рэнесансе” можа ў нейкай ступені верная, але на мой погляд, не зусім карэктная. Я б лепш казаў аб паступовым развіцці нашых адносінаў. І безумоўна, калі мы кажам аб Рэнесансе, мы маем на ўвазе значную актывізацыю нашых двухбаковых адносінаў, якая намецілася на працягу апошніх некалькіх год. Перш за ўсё гэта візіт Дзяржаўнага Сакратара Святога Пасаду Тарчызіо Бэртонэ, які адбыўся ў 2008 годзе і, які разам з царкоўнымі кампанентамі, уключаў сустрэчу з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, з кіраўнікамі іншых органаў дзяржаўнага кіравання. Гэты візіт садзейнічаў таму, што мы намецілі канкрэтныя крокі па развіццю нашых адносінаў.

У мінулым годзе, як вам напэўна вядома, адбылася сустрэча кіраўніка беларускай дзяржавы з Папам Рымскім Бэнэдыктам ХVІ. Гэтая сустрэча заклала падмурак больш моцных і адкрытых адносінаў паміж дзяржаўнымі структурамі нашых краінаў. Гэтая сустрэча адкрыла дарогу больш цеснаму супрацоўніцтву двух краінаў у сферы культурнай, навуковай, рэлігійнай і гуманітарнай дзейнасці. Пад час гэтай сустрэчы была дасягнута дамоўленнаць аб падрыхтоўцы да падпісання пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам над якім мы зараз працуем. Мы таксама дамовіліся і працягваем актыўную працу ў накірунку фармавання, свайго роду “дарожных картаў” па супрацоўніцтве ў галіне навукі, культуры і гуманітарнай дзейнасці.

Я б хацеў узгадаць аб яшчэ адной важнай падзеі, якая адбудзецца бліжэйшым часам: 9 кастрычніка 2010 пройдзе цырымонія святкавання 300-годдзя асвячэння Мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта свята не толькі для католікаў Беларусі, але і важная культурная падзея для ўсёй нашай краіны. Мы з вялікім задавальненнем адзначаем, што ў цырымоніі прыме ўдзел Надзвычайны пасланнік Папы Бэнэдыкта ХVІ, кардынал Юзаф Томка. Дадзены жэст увагі Папы Рымскага да рэлігійна-культурнага жыцця Рэспублікі Беларусь найлепш сведчыць аб умацаванні ўзаемапаразумення паміж нашымі дзяржавамі. Мы упэўнены, што дадзены візіт будзе садзейнічаць умацаванню двухбаковых сувязяў і плённаму развіццю міжканфесійнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь.

На якой стадыі знаходзіцца праца над тым дакументам, аб якім Вы узгадалі – аб пагаденні паміж Апостальскай сталіцай і Рэспублікай Беларусь, якія вынікі можа мець яго падпісанне і ці будзе яно садзейнічаць афармленню адносінаў паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам у Беларусі і беларускім урадам?

Хачу сказаць, што праца над пагадненнем знаходзіцца ў прагрэсіўнай стадыі, мы вядзем яе ў цесным супрацоўніцтве з Апостальскай Нунцыятурай, з Канферэнцыяй Каталіцікіх Біскупаў у Беларусі і Дзяржаўным Сакратарыятам Святога Пасаду. Мы разлічваем, што гэтая праца будзе завершана даволі хутка, але неабходны яшчэ некаторы час для таго, каб узгадніць усе неабходныя палажэнні гэтага дакументу. На нашую думку, гэты дакумент будзе мець гістарычны характар, і Вы абсалютна правы ў ацэнцы таго, што гэта закладзе дадатковую прававую аснову для адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. На сённяшні дзень у нас заключана дамова аб супрацоўніцтве толькі з Праваслаўнай Царквой і, натуральна, мы плануем у бліжэйшы час завяршыць працу над “рамачным” пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.

Сяргей Фёдаравіч, пытанне якое проста не магу не задаць, якое цікавіць нашых радыёслухачоў – калі можна чакаць візіту Папы ў Беларусь і ці магчымы ён?

Як вы ведаеце, падчас мінулагодняга візіту Прэзідэнта Рэспубліцы Беларусь і ягонай сустрэчы з Папам Бэнэдыктам ХVІ было перададзена афіцыйнае запрашэнне на наведванне Пантыфікам Рэспублікі Беларусь. Наколькі мы ведаем, яшчэ адно запрашэнне было перададзена Папе ад Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі 17 снежня 2009 году. Так, мы працуем у накірунку арганізацыі такога візіту, мы разумеем усю складанасць працоўнага графіку Пантыфіка і разлічваем, што такі візіт можа адбыцца, але на сённяшні дзень я яшчэ не гатовы сказаць аб канкрэтным тэрміне падобнага візіту. Мы абмяркоўваем гэтую магчымасць з Дзяржаўным Сакратарыятам, нам кажуць, што “калі Бог захоча гэтага і дзверы адчыняцца”, то візіт Пантыфіка ў Беларусь можа адбыцца. Я хачу падкрэсліць, што дзверы Беларусі для візіту Пантыфіка адчынены і мы чакаем, калі Папа ўвойдзе ў іх.

Дзякуй, за гэтае інтэрвью, жадаю Вам плённай працы ў галіне дыпламатыі. Мы падтрымліваем Вашую працу сваімі малітвамі.

Радыё Ватыкана

Рубрыка: