МАНІТОРЫНГ СМІ: ПОЛЬСКАЕ РАДЫЁ: Ірына Дубянецкая: “Забіраць жыцьцё, якое ты не даваў, можа толькі злачынца”

Ірына Дубянецкая – адзіная жанчына ў Беларусі, якая мае ступень доктара сакральнай тэалёгіі. Яна навучалася ў Бэльгіі й Вялікабрытаніі, займаецца гэтай справай усё сваё жыцьцё. Мы папрасілі аўтарытэтнага тэоляга паразважаць пра праблему сьмяротнага пакараньня з пункту гледжаньня рэлігіі. Пачалася размова з таго, што спадарыня Ірына не пагадзілася з тэрмінам “сьмяротнае пакараньне”.

Ірына Дубянецкая: Мы ўжываем тэрмін “сьмяротнае пакараньне” – гэты тэрмін сам па сабе, на маю думку, вельмі няправільны, бо гэта ўсё ж такі “сьмяротная страта”. “Пакараньне” мае на ўвазе перамену ў тым, каго мы караем. Мы караем дзеля таго, каб той, каго мы караем, зьмяніўся на лепшае. Каб ён зразумеў, што так рабіць нельга. Калі мы адбіраем у чалавека жыцьцё, мы адбіраем у яго й гэтую магчымасьць – рабіць штосьці лепшае.

Ірына Дубянецкая падкрэсьлівае, што няправільна абапірацца на тое, што сьмяротнае пакараньне існуе здаўна ў многіх дзяржавах сьвету.

Ірына Дубянецкая: На жаль, нашая цывілізацыя мае вельмі даўгую традыцыю афіцыйнай сьмяротнай страты, да якой дзяржава ці ўлады прысуджаюць іншых людзей за самыя розныя злачынствы. Але гэта такая рэч, у якой мы не павінны зьвяртацца да традыцыі. Таму што задача нашай цывілізацыі – разьвівацца. Задача чалавека – разьвівацца, расьці, ня толькі ў сэнсе сацыяльным, але і ў сэнсе духоўным. І ў гэтым сэнсе, безумоўна, каштоўнасьць чалавечага жыцьця вырасла непараўнана, калі мы аглядаемся назад.

З пункту гледжаньня рэлігіі, тэалёгіі, кажа спадарыня Дубянецкая, чалавечае жыцьцё ня можа забірацца ні пры якіх абставінах.

Ірына Дубянецкая: Самае першае, самае яснае, тое, што нават ня мусіць абмяркоўвацца – адбіраць чалавечае жыцьцё нельга. Чалавечае жыцьцё, ягонае нараджэньне й працяканьне настолькі не залежыць ад соцыюма, настолькі яно ўласна чалавечае, а не сацыяльнае – што, зноўку такі, соцыюм ня мае на яго права. Адбіраць тое, чаго ты не даваў, можа толькі, паводле ўсіх кодэксаў, злачынца.

Кажучы пра сытуацыю з забойствам Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, Ірына Дубянецкая дадае сваю ацэнку гэтай справы.

Ірына Дубянецкая: Што тычыцца канкрэтна гэтай сытуацыі. Апроч таго, што гэта проста катастрафічная рэч для людзей, для сям’і, для цывілізацыі – тое, што мы забіваем людзей. Яшчэ да гэтага дакладаецца тое, што мы забіваем людзей, чыя віна не даказаная.

На думку доктара тэалёгіі, у

 беларусаў асаблівае стаўленьне да сьмяротнага пакараньня, бо нашы людзі заўжды лічылі сябе бліжэйшымі да Бога, чым астатнія. Адсюль і “на Беларусі Бог жыве”, і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Таму нашыя людзі й дапускаюць, што могуць вырашаць самі: забіраць жыцьцё ў асуджанага ці не.

Ірына Дубянецкая: Беларусы адчувалі вось гэтую сваю блізкасьць да Бога праз усе стагодзьдзі. Мы маем самую вялікую колькасьць камянёў-сьледавікоў, прыпісаных Хрысту, Божай Маці, сьвятому Пятру – гэта асноўныя хрысьціянскія пэрсанажы. Яны пакінулі свае сьляды на шматлікіх беларускіх камянях, паводле мясцовых легендаў. Маем імёны, тапонімы, дзе ёсьць частка “Бог”…

Кажучы пра “блізкасьць беларусаў да Бога”, Ірына Дубянецкая прыгадвае выпадак са свае практыкі.

Ірына Дубянецкая: У адным запісы ў бібліятэцы адна жанчына кажа: “Ісус Хрыстос родзіўся на етай зямлі, у Беларусі. Ну вось там, ета…” І, здаецца, зараз назаве канкрэтную мясцовасьць – калі б напружылася, то прыгадала б….

Польскае радыё (Беларуская служба)

Арцём Багданаў

Рубрыка: