Епіскап Мэльбурнскі

Маё служэньне набліжалася да завяршэньня. Архіепіскап Феадор задумаў перавесьці мяне ў Мэльбурн, пра што мне і паведаміў. Але ён хутка захварэў і ня зьдзейсьніў свайго намеру. Нагодай для майго перамяшчэньня ў Мэльбурн была тая акалічнасьць, што там арганізавалася невялікая група прыхаджанаў, якая адкрыта выступіла супраць мясцовага настаяцеля сьвятара I. Зуземіля, абвінаваціўшы яго ў розных праступках. Архіепіскап камандзіраваў мяне дасьледаваць абвінавачваньні супраць а. Зуземіля. Туды я езьдзіў і служыўу царкве. распытаўся ўсіх абвінаваўцаў, але ніхто зь іх ня мог даказаць віны а. Зуземіля. Увесь пісьмовы матэрыял пра допыты і абвінавачваньні я перадаў архіепіскапу, а ён склікаў епархіяльную раду і даручыў вынесьці пастанову супраць а. Зуземіля. Епархіяльная рада не змагла асудзіць а. Зуземіля, але прапанавала архіепіскапу тры рэзалюцыі для зацьвярджэньня на яго выбар. Архіепіскап раззлаваўся на членаў епархіяльнай рады і абазваў іх "дурнямі". У склад епархіяльнай рады ўваходзілі шанаваныя протаіерэі і епіскап Афанасій як старшыня замест архіепіскапа. Пасьля гэтага ўладыка архіепіскап сур'ёзна захварэў і тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі. Кіраваньне епархіяй часова перадалі мне, але кантралявалі, баючыся, што я магу што-небудзь зрабіць яму кепскае. У Мэльбурне ворагі сьвятара Зуземіля замоўклі. але прасілі мяне перасяліцца ў Мэльбурн і заняць пасаду настаяцеля царквы. Зуземіль у гэты час атрымаў у сваё веданьне цудоўны англіканскі храм і зрабіў у ім вялікую царкву з іканастасам.

Перад Вялікаднём 1953 года архіепіскап Феадор выйшаў з шпіталя і прапанаваў мне перасяліцца ў Мэльбурн. У адносінах да мяне заняў непрыхільную пазыцыю. У Мэльбурне прызначыў протаіерэя Т. Кірычука, настаяцеля другога прыходу з незадаволеных а. Зуземілем. дабрачынным і праз яго меў зносіны са мною. Я пасяліўся ў Мэльбурне і праводзіў Набажэнствы па чарзе: адну нядзелю ў царкве сьвятара Зуземіля, а наступную нядзелю ў храме а. Кірычука. У першага ў храме было шмат вернікаў, у другога - толькі дзесяткі два. Зуземіль з сваіх царкоўных сум аплачваў мне кватэру і даваў грошы на ўтрыманьне. Другі нічога не плаціў мне. Фактычна я харчаваўся пераважна на свае асабістыя грошы. А ўвогуле маё становішча было даволі нядобрае. Прыхаджане ставіліся да мяне з павагай і любоўю, ня ведаючы нашых узаемінаў духавенства. Ім ніхто гэтага не даводзіў. Затое ў Мэльбурне я жыў спакойна і без усялякіх інтрыг. Муж і жонка Фрэзе купілі сабе дом і запрасілі мяне перасяліцца да іх. Нейкі час я думаў, але пасьля іх настойлівых просьбаў пагадзіўся. Яны ставіліся да мяне вельмі клапатліва, як да роднага, блізкага. У іх доме мне было добра. Абое яны працавалі і ўвесь дзень адсутнічалі. Я ж заставаўся нібы гаспадаром. У кастрычніку 1953 года ў Нью Ёрку адбыўся Сабор Епіскапаў Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы. 3 прычыны свайго хваравітага стану архіепіскап Феадор на Сабор не паляцеў аэраплянам, бо баяўся, а параходу на той час у Нью Ёрк не было. Не паслаў і мяне туды замест сябе. Аднак напісаў рапарт з просьбай перавесьці мяне з Аўстраліі і прызначыць на маё месца іншага епіскапа. Ён мусіў прывесьці нейкія важкія аргумэнты супраць мяне, бо архірэі пастанавілі перавесьці мяне з Аўстраліі, а на маё месца прызначыць протаіерэя Раеўскага з пастрыжэньнем яго ў манаства, настаяцеля прыходу ў Маямі ў Фларыдзе (ЯТТТА). Аднак якія б ні былі тыя аргумэнты, яны былі паклёпніцкія і зьневажальныя. Архірэі павінны былі спачатку правесьці дасьледаваньне па сутнасьці прыведзеных аргумэнтаў супраць мяне, запытаўшыся і мяне адносна іх, а потым выносіць сваю пастанову. Але нічога такога не зрабілі, што сьведчыць пра легкадумнасьць архірэяў Сабору. Фактычна мой лёс знаходзіўся ў руках аднаго архіепіскапа Феадора. Ён вырашаў, пісаў свае вырашэньні ў Сынод, і Сынод іх зацьвярджаў без усялякай праверкі на грунтоўнасьць. Так было з пераменай майго месцажыхарства ў Аўстраліі: у Аўстралію я прыбыў на епіскапства ў Мэльбурн, а ў Аўстраліі архіепіскап Феадор спачатку прызначыў мяне ў Брысбэн, а пазьней зноў у Мэльбурн, а цяпер зусім пераводзіў мяне з Аўстраліі. Такога зьдзеку з архірэя ніколі не было ў Рускай Праваслаўнай Царкве. Вінаваты быў у гэтым і мітрапаліт Анастасій, як першагерарх і старшыня Сыноду і Сабору Епіскапаў, што дапусьціў такую практыку, а дакладней, самавольства епіскапа над іншым епіскапам.

Я даведаўся пра свой перавод толькі тады, калі завяршыўся Сабор епіскапаў і Сынод даслаў мне праз пошту ўказ пра гэта. Атрымаўшы яго, я быў моцна расхваляваны нечаканасьцю свайго звальненьня і пераводу з Аўстраліі. Шчыра я шкадаваў, што паслухаўся калісьці запрашэньня і пакінуў Гамбург. Аднак лічыў паводле сваёй веры, што такая была воля Ўсявышняга.

Загадкавай была для мяне асоба майго начальніка архіепіскапа Феадора, якога раней я мала ведаў па характары і настроі. У Аўстраліі я лепш яго зразумеў і вывучыў. Найперш ён вылучаўся сумніўнасьцю і гістэрычнасьцю, а таксама раўнівасьцю і падазронасьцю да іншых. Псыхічна ён быў неўраўнаважаны і часта мяняўся ў настроі. Выдумаў сабе, што я жадаю яму сьмерці, каб заняць ягонае месца. Протадьюкану Грышаеву аднойчы ён з гневам сказаў: "Ня ўбачыць ён маёй епархіі як сваіх вушэй без люстэрка". Тычылася гэта мяне. Відавочна. гэтыя асаблівасьці ягонага характару і зрабілі яго маім ворагам.