Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне 2019

ХРЫСТУС НАРАДЗІЎСЯ, НЕ БОЙЦЕСЯ ПРЫНЯЦЬ ЯГО

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, дарагія суайчыннікі!

1. «Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся».

Гэтыя словы сёння на нашых вуснах, яны гучаць у нашых вушах, бо зноў мы святкуем радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння. Яно ў нашым календары заўсёды застаецца нязменным і ўваходзіць у нашыя жыццёвыя планы. Нам, хрысціянам, цяжка ўявіць сабе жыццё без гэтага свята, якое найперш павінна насіць духоўны характар.

Разам з тым у апошнія часы праяўляюцца тэндэнцыі больш вонкавай, чым духоўнай, падрыхтоўкі да яго і святкавання. Светам валодаюць грошы, дух спажывальніцтва і няправільна зразуметая свабода. Гандлёвыя цэнтры яшчэ перад Адвэнтам распачынаюць святочны распродаж, і мы вельмі лёгка паддаемся на гэтую спакусу. Усё гэта вядзе да таго, што shopping — «закупкі», матэрыяльныя справы і застоллі займаюць больш важнае месца, чым духоўныя рэчы.

У выніку ўсё часцей мы вяртаемся да воклічу старажытных рымлянаў: Panem et circenses — «Хлеба і відовішчаў». Вірус спажывальніцтва і задавальненняў разбурае наша маральнае жыццё і хрысціянскія традыцыі, бо мы не дазваляем Езусу сваёй ласкай нарадзіцца ў нашых душах і Ён не прысутнічае ў нашым жыцці.

У той жа час Бог прапануе значна большую перспектыву, чым супермаркет, матэрыяльныя каштоўнасці ці задавальненні. А менавіта вечнасць, да якой нас вядзе Езус, чыё нараджэнне святкуем.

2. Адзначаючы свята Божага Нараджэння, мы вызнаем веру ў тое, што Бог уцелавіўся і ўвайшоў у гісторыю чалавецтва. У Ім неба з’ядналася з зямлёй. Сувязь паміж боскім і чалавечым стала блізкай. Нездарма святы апостал Павел кажа, што Хрыстус — гэта вобраз нябачнага Бога (пар. Клс 1, 15).

У той жа час сучаснаму чалавеку, які ўсё часцей жыве так, як быццам Бог не існуе, нялёгка прыняць праўду Богаўцелаўлення.

Тым не менш, у сучаснай секулярнай культуры чалавецтва адзначае свята Божага Нараджэння. Сведчыць пра гэта летазлічэнне, якое бярэ свой пачатак ад нараджэння Езуса. Сведчаць папулярные калядныя канікулы, канцэрты, практыка святочных віншаванняў і да т.п.

Таму, нягледзячы на негатыўны ўплыў секулярызму, мы святкуем праўду нашай веры, што Бог стаўся адным з нас. Ён быў прадказаны прарокамі, кожнае слова Святога Пісання вядзе да Яго і ўсё знаходзіць сваё завяршэнне ў Ім.

3. Дзякуючы святкаванню Божага Нараджэння, мы зноў становімся перад таямніцай прыйсця Бога ў свет у чалавечым целе. Евангельскі аповед пра нараджэнне Хрыста ўжо 20 стагоддзяў зачароўвае сэрцы людзей. Яслі з Немаўляткам Езусам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі; пастушкі, анёльскія хоры і бэтлеемская зорка. Гэта ўсё так прыгожа і так захапляе, што мы становімся падобнымі да дзяцей!

Таму мы з радасцю паўтараем словы Евангелля: «Нарадзіўся сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (пар. Лк 2, 11).

4. У свята Божага Нараджэння мы пытаемся: «Кім ёсць Збаўца? Толькі Адзінародным Божым Сынам, тым, хто збавіў нас ад граху? Ці на гэтым Яго заданне завяршылася?»

У наш час адыходу ад Бога, духоўных каштоўнасцяў, час імкнення да самадастатковасці, а таксама ў час шматлікіх крызісаў мы лепш, чым калі-небудзь, адчуваем патрэбу ў Збаўцы. Сітуацыя, у якой знаходзіцца свет, з чыста чалавечага пункту гледжання здаецца трагічнай, і мы ўсё больш пераконваемся, што без Божага ўмяшальніцтва не зможам вырашыць нашых праблем (гл. Ян 15, 5).

5. Завяршаецца пастырскі год сям’і як крыніцы радасці і надзеі для моладзі. На працягу гэтага часу мы засяроджваліся над праблемай сям’і, якая з’яўляецца падмуркам грамадства (пар. АА 11) і якая знаходзіцца ў крызісе.

Большасць сем’яў знаходзяцца ў разводзе. Таму падмурак нашага грамадства нетрывалы. А гэта не абяцае яму добрай будучыні, бо дзеці застаюцца без належнай апекі і выхавання абодвух бацькоў. Хто іх выхоўвае? Не сям’я, а вуліца і сродкі масавай камунікацыі. Інтэрнэт, Facebook, Instagram, радыё і тэлебачанне лідзіруюць у фармацыі маладога пакалення.

Якія каштоўнасці яно там знаходзіць, чым захапляецца? Ці ведаюць пра гэта бацькі, якія занятыя праблемамі працы і ўзаемаадносін? У выніку дзеці ізалююцца і становяцца залежнымі ад сучасных тэхналогій і амаральных звычак. Яны ў раннім узросце пачынаюць нязгоднае з Божым законам сексуальнае жыццё, ужываюць алкаголь, прымаюць наркотыкі, нецэнзурна выказваюцца і г.д.

Завоблачныя лічбы падае статыстыка абортаў. Колькі зачатых дзяцей не ўбачыла сонечнага святла ў годзе, які завяршаецца?! Якія перспектывы ў тых, хто нарадзіўся? Мы павінны шанаваць жывёл і годна ставіцца да іх. Але ці не здзіўляе нас тое, што за забойства сабакі нас могуць пакараць, а забойства дзіцяці ва ўлонні маці дазволена? Гэтыя і падобныя пытанні мы павінны задаваць сабе і шукаць на іх адказу, калі хочам мець шчаслівую будучыню, бо сям’я, якая павінна быць «санктуарыем жыцця», ператвараецца ў месца самагенацыду нацыі.

Амаральная сексуальная адукацыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі прасоўваецца ў навучальныя ўстановы.

Гендарная ідэалогія прапагандуе права выбіраць пол, які замест біялагічнага навязвае чалавеку секулярная культура. Касцёл вельмі ясна і недвухсэнсоўна выступае супраць такой нязгоднай са Святым Пісаннем і нашай хрысціянскай традыцыяй чужой ідэалогіі, наступствы якой могуць быць катастрафічнымі.

Прапаганда аднаполых саюзаў сведчыць аб тэндэнцыях адыходу ад традыцыйнай, Богам створанай мадэлі сям’і як адзінага саюзу мужчыны і жанчыны.

Касцёл рашуча выступае супраць насілля ў сям’і. Аднак ён не можа пагадзіцца на прапановы, якія супярэчаць хрысціянскім традыцыям і абмяжоўваюць бацькоў у правах, якія яны атрымалі ад Бога: выхоўваць дзяцей згодна з прынцыпамі Евангелля і ў паслухмянасці. У той жа час дзецям прапануюцца правы, якія не адпавядаюць нашай культуры.

Такія тэндэнцыі вядуць у бездань. Нездарма папа Бэнэдыкт XVI кажа, што свет без Бога з’яўляецца светам без значэння. На вялікі жаль, у сучасным, асабліва заходнім, грамадстве Бог не прысутнічае і «не можа» нічога сказаць. Таму такое грамадства з’яўляецца грамадствам згубленага чалавека (пар. https://ekai.pl/benedykt-xvi-ostrzega-przed-teologia-bez-boga).

Таму мы як хрысціяне павінны сказаць нашае рашучае «не» антыхрысціянскім тэндэнцыям!

6. Людзі без веры вельмі бедныя, нават калі з’яўляюцца матэрыяльна багатымі. Яны асуджаныя на адчай і безнадзейнасць. У той жа час, мы як веруючыя не толькі маем надзею, але і жывем ва ўпэўненасці, бо з намі — адзіны Збаўца свету ўчора, сёння і ва ўсе часы (гл. 1 Ян 4, 14; Гбр 13, 8). Ён прыйшоў у наш свет духоўнай цемры, хлусні і граху як слабое дзіця і адначасова як Усемагутны Бог.

Сын Божы прыйшоў, каб збавіць нас з грахоўнага рабства, і чыніць гэта далей. Прыйшоў, каб захаваць ад тых, хто разбівае сем’і, забівае народжанае і ненароджанае жыццё і распаўсюджвае антыхрысціянскія ідэалогіі.

З мэтай супрацьстаяць такім тэндэнцыям найперш неабходнае навяртанне, гэта азначае змена жыцця і мыслення, а таксама моцная вера ў Бога, а не ў дэманічныя сілы зла і хлусні.

7. У ноч Божага Нараджэння анёл сказаў пастушкам: «Не бойцеся!» (Лк 2, 10). Сучасны чалавек і сёння мае пачуццё апраўданай боязі. Аднак словы анёла: «Не бойцеся!» адрасаваныя таксама і людзям нашага часу, падобна як 20 стагоддзяў таму яны былі скіраваны да пастушкоў.

Калі ў сучасным свеце існуе вялікая колькасць пагрозаў, то як не баяцца? — спытаецца хтосьці. Адказ просты: мы атрымалі Збаўцу, які не пакідае нас адных і заўсёды бароніць.

Прарок Ісая кажа не баяцца, бо Бог адкупіў нас (пар. Іс 43, 1). Бог — наш Збаўца! Гэта самая вялікая радасць і адзінае вырашэнне ўсіх нашых праблем. Мы маем Збаўцу!

Езус кажа: «Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). А калі Ён з намі, то і мы павінны быць з Ім, бо ў Яго былі ўключаны ў сакрамэнце хросту. Таму няма і не можа быць такой небяспекі, ад якой Езус не мог бы нас выратаваць, бо калі Бог з намі, то хто супраць нас (пар. Рым 8, 31)?

Аднак для гэтага найперш мы самі павінны звярнуцца да Яго. У Старым Запавеце чытаем, што калі выбраны народ навяртаўся, то Бог аказваў яму сваю міласэрнасць. А калі адмаўляўся ад Божага закону і схіляўся да ідалапаклонства і акультызму, наступалі войны, пакаранні, катаклізмы і да т.п.

Таму нам застаецца адзіны шлях — шлях пакаяння, прыняцця Божага закону, сыходу з дарогі граху і самазнішчэння.

8. У сучасным свеце абарона праўды і барацьба за хрысціянскія каштоўнасці патрабуе надзвычайнага гераізму. Дзякуй Богу, у нас скончыўся час ганенняў на веру. Ніхто і нікому не забараняе маліцца і хадзіць у касцёл. Аднак наступае час ганенняў «у белых пальчатках», што ўжо асабліва відавочна ў шматлікіх еўрапейскіх краінах. Дэмакратычным спосабам парламенты прымаюць нязгодныя з Божым правам законы, забараняецца публічна выказваць свае адносіны да веры, яна высмейваецца, адбываюцца акты блюзнерства, прафанацыі і знішчэння рэлігійных сімвалаў. Чыніцца ўсё гэта найчасцей на падставе правоў чалавека на абсалютную свабоду і талерантнасць без маральнай адказнасці.

Старажытны рымскі юрыст Цыцэрон казаў: «Summum ius, summa iniuria» (https://news.ycombinator.com/item?id=11272429), што азначае: «Вяршыня закону з’яўляецца вяршыняй беззаконня». Таму самая вялікая талерантнасць становіцца вяршыняй неталерантнасці.

Сёння чалавецтва перажывае небывалы ціск сатанінскіх сілаў, якія разбураюць устаноўлены Богам маральны парадак. І сапраўды, прапагандаваць амаральныя справы становіцца нормай, а маральныя — праблемай. У выніку наступае сістэматычная маральная дэградацыя чалавека, сям’і і цэлых народаў, аб чым сведчыць штодзённае жыццё.

Касцёл атрымаў ад Езуса місію абвяшчэння Евангелля ўсяму чалавецтву (гл. Мц 28, 19), і ніхто, таксама і людзі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, не можа быць пазбаўлены магчымасці пачуць Добрую Навіну. Аднак у той жа час у імя вернасці нашаму хрысціянскаму пакліканню мы павінны абвяшчаць поўнае Евангелле — не выключаючы яго патрабаванняў. Інакш мы будзем красці ў сябе і ў іншых аб’яўленую Богам праўду.

Павага да асобаў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі не можа весці да прыняцця такой ідэалогіі, якая імкнецца перавярнуць традыцыйныя хрысціянскія звычаі з ног на галаву і ўчыніць рэвалюцыю ў галіне маральнасці. Такая рэвалюцыя размахвае «штандарам свабоды», але ў рэчаіснасці прыносіць духоўнае спусташэнне людзям, кажа папа Францішак (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/en/speeches/2014/november.index.2.html).

Гэта асабліва важна ў наш час, калі назіраецца вострае супрацьстаянне Божай праўды з неаязычніцтвам і калі мы як хрысціяне становімся перад неабходнасцю радыкальнага этычна-рэлігійнага выбару: захаваць вернасць вучэнню Хрыста ці ігнараваць яго.

Праз служэнне Касцёла Хрыстус прыходзіць да нас, таксама як 20 стагоддзяў таму прыйшоў у Бэтлееме. Ён нічога не адбірае, а толькі ўзбагачае духам мудрасці і любові, міласэрнасці і трываласці, а таксама адорвае супакоем, радасцю, шчасцем і новай надзеяй. Таму неабходна адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім мы зможам пазнаць саміх сябе, як заклікае святы Ян Павел II (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1978/documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato.html), якому прысвечаны наступны Пастырскі год у Касцёле на Беларусі.

9. Дарагія браты і сёстры, суайчыннікі!

Віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага!

Віншую ўсіх хрысціянаў, якія разам з намі яго адзначаюць!

Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нараджэння!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Сын Божы стаўся чалавекам, каб мы ў вымярэнні Божай ласкі сталіся багамі. Таму не будзьма баяцца ў мітусні сучаснага свету і святочных клопатаў знайсці час для Езуса! Не будзьма баяцца прыняць Яго ў нашыя сэрцы! Не будзьма баяцца, бо святло бэтлеемскай зоркі дае нам новую надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18)!

Са святам Нараджэння Хрыстовага і надыходзячым Новым годам!

Даручаючы ўсіх вас апецы Багародзіцы, якая нарадзіла свету Збаўцу, дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай і свае святочныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 

Мінск, 8 снежня 2019 г.,

Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

 

 

Выкарыстаная літаратура і скарачэнні:

1. Дэкрэт пра апостальства свецкіх Apostolicam actuositatem (AA).

2. https://ekai.pl/benedykt-xvi-ostrzega-przed-teologia-bez-boga

3. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1978/documents/hf_... 19781022_inizio-pontificato.html

4. http://w2.vatican.va/content/francesco/en/speeches/2014/november.index.2...

5. https://news.ycombinator.com/item?id=11272429.

 

 

 

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: