Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта

«Ангел усклікаў Благадатнай:

Чыстая Дзева, радуйся! ...Твой Сын уваскрэс!»

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Прайшоўшы шлях Вялікага посту і абнавіўшы нашае сэрца перажываннем падзей Страснога тыдня, мы зноў сведчым перад Богам і людзьмі пра радасць веры ў тое, што Хрыстос сапраўды ўваскрэс!

Гэтае нашае пасхальнае прывітанне выказвае галоўную ісціну хрысціянства, якая з’яўляецца яго асновай! І мы зусім не перабольшваем значнасці гэтага найкарацейшага сімвала нашай веры, калі сцвярджаем, што ўвесь сусвет, усё стварэнне Гасподняе трымаецца на тым, што Сын Божы стаў Сынам Чалавечым, спазнаў крыжовую смерць за грахі свету, уваскрэс з мёртвых і Сваім Уваскрасеннем вярнуў чалавека ў абдымкі нябеснага Айца, Уседзяржыцеля, Тварца неба і зямлі.

Цуд трохдзённага Уваскрасення Іісуса з Назарэта адбыўся на ўскраіне Іерусаліма, у адной з малых правінцый Рымскай імперыі, — але яго значэнне было сапраўды сусветным. Законы бачнага і нябачнага свету былі ўзрушаны тайнай адкуплення і ўваскрасення, якая здзейснілася на вяршыні Галгофскай гары і ў пахавальнай пячоры каля яе падножжа. Пра гэта спявае Святая Царква ў Пасхальны перыяд: «Смерці святкуем умярцвенне, пекла разбурэнне, іншага жыцця вечнага пачатак» (Пасхальны канон, 7 песня).

Прычынай жа ўсяго, што адбылося, была Любоў: «Бо так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ін.3: 16).

Уважліва чытаючы Святое Евангелле, мы заўважаем, што Сам Хрыстос Спасіцель рэдка гаварыў пра Сябе як пра Сына Божага. Так называлі Яго людзі, у якіх запальвалася іскра веры, так вызнавалі Яго вучні і апосталы. І нават дэманы і іх князь, які спакушаў Іісуса Хрыста пасля Яго хрышчэння, называлі Яго Сынам Божым, бо, паводле сведчання апостала Іакава, «і бесы веруюць, і трымцяць» (Іак. 2: 19).

Сам жа Іісус называў сябе Сынам Чалавечым, жадаючы падкрэсліць, што тайна Богаўцял?снення не змагла б здзейсніцца без удзелу ў ёй саміх людзей. Але, створаныя па вобразу і падабенству Божаму, з часоў Адама людзі па сваёй волі падпарадкаваліся законам граху і смерці, якія панавалі ў свеце пасля грэхападзення праайцоў…

Наш розум нярэдка задае пытанне: чаму ж так доўга не прыходзіў у свет Спасіцель? Бо любоў Тварца да ўсяго створанага не спынялася ніколі! Чаму ж тысячы і тысячы гадоў Бог Слова, у Якім «было жыццё, і жыццё было святлом для людзей» (Ін.1: 4), нібы марудзіў у чаканні толькі Яму Аднаму вядомага дня і часу? Аднак адказ на гэта пытанне было знойдзена больш за дзве тысячы гадоў таму, калі стала відавочным, што ўвесь старазапаветны перыяд гісторыі чалавечага роду быў ні чым іншым, як часам чакання Той, Якая магла б стаць Лесвіцай, каб злучыць Нябёсы і зямлю.

Такой Лесвіцай, такім богаабраным умясцілішчам Святога Духа з’явілася Прачыстая Дзева Марыя, Маці Госпада нашага Іісуса Хрыста, для Якой Прадвечны Сын Божы стаў Сынам нам Чалавечым.

Свяшчэннае Пісанне і царкоўнае Паданне апавядаюць, як Архангел Гаўрыіл дабравесціў Дзеве Марыі пра нараджэнне Спасіцеля; як клапаціўся Вястун Божы пра душу праведнага Іосіфа Абручніка, адкрываючы яму тайну беззаганнага зачацця; як у горадзе Віфлееме ў дні раз’юшанасці цара Ірада ён папярэджваў Святое Сямейства пра смяротную небяспеку; і нарэшце, як Добры Вястун абвясціў Маці Божай пра набліжэнне Яе Успення…

Адно з цэнтральных песнапенняў Святой Пасхі дае нам адказ яшчэ на адно важнае пытанне: хто і як першым даведаўся пра Уваскрасенне Хрыста Спасіцеля? Царкоўнае Паданне сведчыць, што ў першыя ж імгненні пасля Уваскрасення Іісуса «Ангел усклікаў Дабрадатнай:Чыстая Дзева, радуйся! І зноў кажу — радуйся! Твой Сын уваскрэс!».

Узлюбленыя браты і сёстры! Сёння нашыя асаблівыя пасхальныя роздумы пра Маці і пра Сына зусім не выпадковыя. Ушанаванне Багародзіцы і Богадзіцяці ў нашай Царкве настолькі глыбокае і праўдзівае, што яно стала неад’емнай часткай веруючай народнай душы, адной з рысаў нацыянальнага характару і светапогляду. Далёкім продкам нашым заўсёды была ўласціва трапяткая ахова мацярынства і дзяцінства ад стыхіяў свету гэтага і ад хваляванняў жыццёвых. Бо вобраз Маці і Дзіцяці па промыслу Божаму стаў сімвалам працягу роду чалавечага, і таму памяць сэрца захоўвае і перадае яго з роду ў род, з веку ў век.

Сваё найвышэйшае выражэнне гэтая памяць знайшла ва ўшанаванні Прасвятой Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі. Бо Яна стала адзінай дачкой чалавечай, якая, нарадзіўшы Богачалавека, захавала дзявочую чысціню і беззаганнасць. Таксама і Сын Яе, паводле слова апостала Паўла, у чалавечай істоце Сваёй быў «падобна да нас спакушаны ва ўсім, акрамя граху» (Яўр. 4: 15).

Дарагія мае! Як часта мы, разважаючы на гэтыя высокія тэмы, не заўважаем іх адлюстравання ў нашым паўсядзённым жыцці! А дакладней, не спяшаемся настроіць нашыя будні на гэтую хвалю чысціні, веры і спадзявання. Няўжо трывога нашага грамадства пра тое, што дзяцей на беларускай зямлі нараджаецца ўсё менш, а маладыя сем’і распадаюцца ўсё часцей і хутчэй, не гучыць для хрысціянскіх сэрцаў пагрозлівым прадвесцем наступстваў, трагічных для краіны і народа? Няўжо не пакліканы мы, хрысціяне, у першую чаргу яўляць перад Богам і людзьмі прыклад дзейснага жыцця паводле Евангелля, і ў тым ліку — у жыцці сямейным?

Сапраўды, гэта так! І нам належыць з асаблівай адказнасцю развіваць навык ўзаемаадносін у нашых сем’ях па прыкладу Святога Сямейства.

Мужы і браты! Не бянтэжачыся ад вышыні гэтага прыкладу, будзьце і вы ў сваіх сем’ях такімі ж мудрымі і разважлівымі, як Іосіф, які свята ахоўваў неацэнны скарб — Маці і Сына Божага, дадзеных яму для клопату, павагі і трапяткой любові!

Жанчыны і сёстры! І вы кіруйцеся прыкладам Маці Божай, для Якой клопат пра Сына — Богадзіця Хрыста — засяроджваўся не толькі на ежы і піцці, але і на духоўным выхаванні, як пра гэта і сказана ў Пісанні: «Не адным хлебам жыве чалавек, а ўсякім словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада» (Друг. 8: 3).

Такім чынам, калі мы самі будзем трымацца высокіх узораў жыцця, пабудаванага паводле закону Гасподняга, тады зможам спадзявацца, што благадаць Божая будзе на нас і на нашых дзецях.

Час і гістарычныя буры не павінны сціраць з нашай памяці, з патаемных глыбінь народнага жыцця спасіцельныя ісціны хрысціянскай веры, якія робяць дастойным жыццё старэйшых пакаленняў і закладаюць добры падмурак для пакаленняў наступных. Гістарычная адказнасць для нас, хрысціян, як раз і палягае ў тым, каб захоўваць гэтыя ісціны і праводзіць іх у жыццё.

І калі мы ўсведамляем, што мінулы год быў пакліканы стаць у грамадскай свядомасці годам маці, а цяперашні названы годам дзіцяці, — мы павінны прыкласці намаганні, каб у сваім асяроддзі, на сваім шляху напоўніць прастору жыцця Евангельскім словам і справаю. Таму што Свяшчэннае Пісанне — гэта вялікі гімн жыцця, у якім апяваецца веліч мацярынства і айцоўства, духоўная слава сыноў і дабрапрыстойнасць дачок як найвышэйшыя каштоўнасці чалавечага быцця.

Узлюбленыя браты і сёстры! Пасха Гасподняя — гэта перамога жыцця ў яе самым глыбінным, першасным сэнсе. Гэта як раз тая дасканалая радасць, пра якую гаварыў Гасподзь наш Іісус Хрыстос, асабліва падкрэсліваючы, што яе ніхто не адыме ў нас (Ін. 15: 11; 16: 22). Будзем жа шчодра дзяліцца ёю з нашымі бліжнімі і дальнімі, з адзінавернымі братамі і сёстрамі і з усімі, хто, паводле слова апостала Пятра, у кожным народзе даспадобы Богу, бо жыве праведна (Дзеян. 10: 35).

Няхай жа будуць на справе выкананы ў жыцці кожнага з нас словы Пасхальнага канона: «Уваскрасення дзень, і прасвятлімся ўрачыстасцю, і адзін аднаго абдымем. Скажам: браты, і тым, хто ненавідзіць нас, прабачым ўсё дзеля ўваскрасення, і так усклікнем»:

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс. Амінь.

Філарэт,
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова,
2007 год,
Мінск

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: