Беларусь рыхтуецца да падпісання канкардату з Ватыканам

Інфармацыю аб тым, што Беларусь рыхтуецца да падпісання канкардату з Ватыканам, пацвердзіў 21 мая ў Гродне падчас сустрэчы з журналістамі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка.

«Калі з Беларускай Праваслаўнай Царквой дзяржава падпісала Пагадненне, якое дае зялёнае святло для сумеснай працы па розных накірунках, то з Каталіцкім Касцёлам мы рыхтуем да падпісання Канкардат, — паведаміў Леанід Гуляка. — Гэта павінен быць дакумент больш высокага ўзроўню, пагадненне паміж дзвюма дзяржавамі — Рэспублікай Беларусь і Ватыканам, — якое замацуе прававыя нормы адносінаў дзяржаваў па самых розных пытаннях. Але такіх канкардатаў у свеце адзінкі, і нам няма што ўзяць за ўзор. І хаця гэта вельмі вялікая праца, мы разам з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам яе распачалі». 

Дарэчы, Леанід Гуляка ўзначаліў у Гродне пасяджэнне абласной калегіі апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, якая ў гэты раз была прысвечана ходу выканання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. У калегіі прынялі ўдзел епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, епіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, а таксама шматлікія святары епархіі. Гаворка ішла як пра дасягненні, так і пра праблемы ў адносінах паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой, сярод якіх біскуп Арцемій назваў неразуменне значнасці такіх адносінаў з боку чыноўнікаў, адсутнасць сістэмнасці, выкананне Пагаднення толькі «на паперы», недахоп ініцыятыўных, падрыхтаваных да публічнай дзейнасці святароў. 

Леанід Гуляка, праваслаўныя епіскапы і святары пасля пасяджэння наведалі Каложскую царкву — помнік архітэктуры ХІІ ст., музей гісторыі рэлігіі, у якім больш за 10 гадоў адбываецца рэканструкцыя, а таксама гродзенскую каталіцкую семінарыю і каталіцкую дыяцэзіяльную курыю, дзе сустрэліся з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Таццяна Вішнеўская

 

Крыніца:

Catholic.By

Рубрыка: