«Вечары для закаханых» будуць праводзіцца ў мінскім архікатэдральным касцёле
06.04.2017З 5 красавіка пры архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску праводзяцца «Вечары для закаханых». Пачатак у 19.00.
Запрашаюцца ўсе пары, якія толькі сустракаюцца, ужо вырашылі ажаніцца і якія нават пра гэта не думалі.
«Вечары для закаханых» — цудоўная магчымасць распазнаць сваё пакліканне, паглыбіць свае адносіны, а, магчыма, і прыняць рашэнне на будучыню. У «Вечарах» могуць браць удзел пары закаханых незалежна ад канфесійнай прыналежнасці.
«Вечары для закаханых» — гэта 9 сустрэч, якія доўжацца 2-2,5 гадзіны і праводзяцца раз на тыдзень. У сустрэчах абавязковы ўдзел абодвух закаханых. «Вечары» праводзяцца сужэнскай парай і святаром, аніматарамі руху «Сужэнскія Сустрэчы».
Асноўным метадам працы на «Вечарах» з’яўляецца праца закаханых толькі ўдваіх. Ёй папярэднічаюць прамовы і сведчанні сужэнскіх пар і святароў.
Удзельнікі — у сваіх парах — маюць магчымасць глыбей пазнаць сябе, разабрацца ў сваіх чаканнях, вызначыцца з агульнай сістэмай каштоўнасцяў у жыцці, таксама яны вучацца, як вырашаць праблемы і як будаваць гармонію сваіх адносін. Удзельнікі стараюцца зразумець, у чым сутнасць таямніцы сакрамэнту сужэнства, адкрываюць месца веры ў сваім жыцці, знаёмяцца з вучэннем Касцёла пра сужэнства і сям’ю.
«Вечары» прызначаны як для заручаных, так і для пар, якія сустракаюцца адно з адным без вызначанай даты вяселля, але сур’ёзна думаюць пра шлюб. У праграме «Вечароў» таксама могуць удзельнічаць пары закаханых, якія яшчэ не думалі пра сужэнства, але жадаюць паглыбіць свае веды пра сужэнства і сям’ю.
Стварэнне сям’і — адказны працэс, звязаны з прыняццем сур’ёзных рашэнняў на ўсё жыццё. Праграма «Вечароў для закаханых» прапануе:
- навучанне дыялогу — дарозе ўзаемнага пазнання як падчас сустрэч адно з адным у перыяд заручын, так і на працягу магчымага будучага сужэнскага жыцця,
- лепшае пазнанне рысаў, чаканняў, планаў, поглядаў, жыццёвых установак людзей, з якімі плануюць звязаць сваё жыццё,
- больш глыбокае разуменне значэння таямніцы сакрамэнту сужэнства і слоў шлюбнай прысягі,
- правядзенне аналізу, наколькі планы сумеснага жыцця дакладныя і сталыя.
Вынікам «Вечароў» з’яўляюцца моцныя сем’і, дзе пануе любоў і згода, дзе сужэнцы слухаюць адно аднаго, дзеляцца сабою, разумеюць сваю другую палавіну і заўсёды гатовыя прабачаць.
Кантактны нумар для запісу на «Вечары»:
Ганна Баярчук +375 (29) 772-91-66
Павел Баярчук +375 (44) 745-22-93
Паводле catholic.by
Яшчэ па тэме Моладзевы рух у царкве:
- Як асобныя святары і афіцэры на Гродзеншчыне рыхтуюць салдатаў «рускага свету» ("Наша Ніва")
- Ліст да мітрапаліта Паўла і яго адказ наконт фестывалю праваслаўнай моладзі на "Лініі Сталіна"
- Фестываль праваслаўнай моладзі пройдзе на "Лініі Сталіна"
- МАНІТОРЫНГ СМІ: АЛЬТЭРНАТЫЎНАЯ МОЛАДЗЕВАЯ ПЛАТФОРМА: Праваслаўная моладзь прачынаецца пад Rammstein
- Положение о структурном подразделении Белорусской Православной Церкви «Объединение молодёжи Белорусской Православной Церкви»
Апошнія навіны