МАНІТОРЫНГ СМІ: АЛЬТЭРНАТЫЎНАЯ МОЛАДЗЕВАЯ ПЛАТФОРМА: Праваслаўная моладзь прачынаецца пад Rammstein

Якая яна – праваслаўная моладзь? Альтэрнатыўная моладзевая платформа пагутарыла з прадстаўніцамі Аб’яднання моладзі Беларускай праваслаўнай царквы (АМБПЦ) пра Бога і тое, як ім жывецца ў свеце, поўным граху.

 

Дзяўчыны з Аб’яднання моладзі Беларускай праваслаўнай царквы патрапіліся нам на адукацыйнай праграме «Будзь на сувязі!». Мы ведалі, што ў групе ёсць праваслаўныя маладзёны, але не маглі іх адразу дакладна ідэнтыфікаваць. Калі даведаліся, who is who, вельмі здзівіліся: Каця і Лена пілі піва, спявалі пад гітару і прачыналіся пад Rammstein на будзільніку.

Чым адрозніваецца праваслаўная моладзь і як дайсці да Бога

Праваслаўная моладзь – такая, як і звычайная, даводзяць дзяўчыны. Толькі мае фундаментальныя духоўныя каштоўнасці.

«Праваслаўе – гэта не захапленне, а трывалы фундамент, на якім будуецца ўсё маё жыццё – і прафесійнае, і асабістае. Праваслаўе ніццю праходзіць праз ўсе адносіны», – распавядае Каця, рэдактар афіцыйнага блогу АМБПЦ.

Усе людзі па-рознаму прыходзяць да праваслаўя: адны ўвабіраць яго, як кажуць, з мацярынскім малаком, іншыя прыходзяць у царкву пасля нейкіх цудаў ці крытычных сітуацый.

«У мяне пытанне пра тое, як я прыйшла ў царкву, заўсёды выклікае «тупняк», – усміхаецца Лена, мадэратар форума праваслаўнай моладзі «Бяседка». – Усё ідзе з сям’і, мяне выхоўвалі ў праваслаўі».

Каця ж належыць да тых маладзёнаў, якія прыйшлі ў царкву самі, бо хацелі знайсці там адказ на пытанне «Што далей?». Мы жывём, нешта робім, але для чаго? Якая мэта нашага жыцця? – з такімі пытаннямі дзяўчына прыйшла ў брацтва.

«Ты можаш пражыць адзін дзень цудоўна, выкласціся па максімуму, а можаш праляжаць увесь дзень на канапе. А ў выніку?» – не разумела Каця.

Праваслаўе дало ёй ўсе адказы. Дзяўчына ўпэўнена, што яно – самы просты і кароткі шлях да Бога. Шмат каму імпануе думка, што людзі жывуць у сутворчасці з Богам. Бог – гэта не малюнак, гэта асоба, якая заўсёды з табой і дапамагае ва ўсім.

Праваслаўе – гэта як круціць ровар

Дзень праваслаўнага чалавека такі ж, як і неправаслаўнага. Адрозніваецца, пэўна, малітвамі зранку, перад і пасля ежы, крыжовым знаменнем.

«Прачынаешся, і пачынаеш «круціць ровар», пастаянная рабіць нешта, працаваць над сабой», – дзеліцца падрабязнасцямі Каця.

Галоўнае адрозненне – ты ведаеш, нашто жывеш. Нават, калі ты «робіш дурню», ведаеш, што ты слабы чалавек, грашыць – у тваёй натуры, і гэта дае сілы на барацьбу.

Колькі разоў на дзень трэба маліцца? Чым болей, тым лепей. Бо чым больш молішся, тым бліжэй ты да Бога.

«А ён жа свой, такі родны, з ім вельмі хочацца быць», – дзеліцца з намі Каця.

Чаму праваслаўныя носяць спадніцы і цярпяць гомасэксуалаў?

Ад звычайнага сучаснага чалавека візуальна праваслаўны чалавек ніяк не адрозніваецца. Доўгую спадніцу і хустку носіць толькі на святы ў храм, калі хоча – п’е, калі хоча – паліць.

«У паўсядзённым жыцці я нашу джынсы, спаднічку апранаю ў царкву. Гэта простая павага да месца. Вы ж не пойдзеце ў оперны тэатр у спартыўным касцюме?» – тлумачыць Лена.

Па словах дзяўчын, нават у семінарыі шмат паляць. «Мы нікога не асуджаем», – расказвае Каця. Праваслаўныя не дзеляць людзей на добрых і дрэнных. Усе людзі неблагія, але іх справы могуць быць агіднымі. Але любяць людзей, а не іх справы.

«Таму мы і да геяў адносімся лаяльна, хаця царква лічыць гомасэксуальныя адносіны грахом. Як да людзей, канечне», – шчыра расказваюць дзяўчыны.

Але ладзіць з імі нейкія сумесныя мерапрыемствы рашуча адмаўляюцца.

«Гэта ж ісці супраць нашых прынцыпаў. Праваслаўе не можа быць мяккім і ласкавым для ўсіх», – лічыць Каця. На саступкі згаджаюцца звычайна пайсці тыя рэлігіі, якія гоняцца за колькасцю людзей. Праваслаўе – гэта якасць, а не колькасць.

Чым жа займаюцца праваслаўныя ў сваім аб’яднанні?

АМБПЦ у асноўным займаецца злётамі членаў моладзевых брацтваў. Па Беларусі іх налічваецца каля 35, 12 з якіх у Мінску. Моладзь звычайна прыходзіць у храм і бачыць там бабулек, якія моляцца. Паміж імі вялікі разрыў пакаленняў. А брацтва «падхоплівае» маладзёнаў, уцягвае іх у праваслаўнае жыццё, займае добрымі справамі. Моладзь дапамагае ў храме, прадае свечкі, ездзіць па дзіцячых дамах, удзельнічае ў паходах.

Злёты мала чым адрозніваюцца ад звычайных кэмпаў – актыўнасці тыя ж. Дадаецца царкоўная літаратура, малітвы, тэматычныя размовы. Так чалавек прызвычайваецца жыць ў правільным рытме. Прыйсці можа не толькі хрышчоны, але любы цікаўны. Прымаюць усіх.

«На злётах асаблівы дух і атмасфера. Да прыкладу, на Літургіі звычайна пяе хор, а на злётах – мы спяваем усе разам. Гэта непаўторна», – кажуць дзяўчыны.

Пазнаёміцца з дзейнасцю Аб’яднання моладзі Беларускай праваслаўнай царквы (АМБПЦ) можна на іх афіцыйным блогу.

А на наступным тыдні мы пазнаёмімся з «абляцкай моладдзю»: даведаемся пра светаўспрыманне каталікоў, распарадак іх дня і прынцыпы жыцця.

Настасся Ероха

Рубрыка: