НЕАПАГАНСТВА І ХРЫСЦІЯНСТВА НА БЕЛАРУСІ

Напачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя беларускае грамадства апынулася ў атмасферы разгубленасці і бездапаможнасці. У выніку пэўных палітычных зменаў адбыўся светапоглядны крызіс, які ахапіў значную частку насельніцтва нашай краіны.

Ідэалогія савецкіх часоў была зразумелай і прывабнай, бо ў аснову яе закладваліся некаторыя фундаментальныя для калектыўнай этыкі і маралі катэгорыі: сацыяльная справядлівасць, роўнасць сацыяльных правоў і магчымасцей кожнага члена грамадства, павага да працы, агульнадаступнасць адукацыі і медыцынскай дапамогі і г.д. Каштоўнасныя арыентацыі маральнага кодэкса будаўніка камунізму былі таксама блізкімі да хрысціянскіх каштоўнасцей, але на атэістычнай глебе яны аказаліся дэкларацыйнымі і нежыццяздольнымі.

Са знікненнем СССР грубы матэрыялізм і атэізм, якія панавалі ў духоўным жыцці беларускай нацыі, здалі свае пазіцыі.

Са з'яўленнем суверэннай і незалежнай Беларусі пачаўся актыўны пошук агульнанацыянальнай ідэі, што было асабліва актуальным у сувязі з працэсам этнічнага самавызначэння, які адбываўся ў тагачасным грамадстве. У гэты час асноўнай дамінантай дзяржаўнай палітыкі на Беларусі становіцца ідэя нацыянальна-культурнага адраджэння. Яна садзейнічала таму, што фальклор на пэўны час стаў інтэлектуальнай і ідэалагічнай модай. На руінах камуністычнай ідэалогіі многія шукалі і знаходзілі адказы на пэўныя духоўныя пытанні. Вельмі часта адбывалася пры гэтым рамантызацыя фальклорнай традыцыі ў якасці бясспрэчнага ідэалу.

Фальклор, які складае аснову народнай культуры, аказаўся досыць прывабным, бо яго прастата і дзіцячая непасрэднасць пачуцця, сіла і маляўнічасць вобразаў, дасканалая арганічнасць мастацкай формы суседнічаюць з выразна адчуваемай глыбінёй гістарычнай памяці, стыхіяй старажытных уяўленняў аб навакольным асяроддзі, прыродзе, звышнатуральных сілах, чалавеку.

Фальклор (не мастацкая самадзейнасць!), менавіта сапраўдны, жывы, аўтэнтычны фальклор адначасова з'яўляецца агульнадаступным і закрытым, элітарным і шырока распаўсюджаным, простым і эзатэрычным. Да таго ж цэлы комплекс тэкстаў, звычаяў і абрадаў у народнай культуры мае выразную магічную скіраванасць.

Беларусь - адна з нешматлікіх краін славянскага свету, дзе ў значнай ступені захаваліся старажытныя паганскія вераванні. У аўтэнтычным беларускім фальклоры, у спрадвечным светаўспрыманні і ментальнасці беларусаў засталося шмат паганскіх архетыпаў, сімвалаў і прымхаў, якія ўжо не з'яўляюцца характэрнымі для нашых суседзяў, палякаў і рускіх, але знаходзяць сваё месца ў свядомасці беларуса. Значная частка паганскіх вераванняў на Беларусі не знікла бясследна з народнай памяці, а ў крыху змененым выглядзе «закансервавалася» ў фальклоры і дасягнула ХХІ ст.

Для сучаснага чалавека, які, пачаўшы займацца фальклорам, як правіла, не мае нават паняцця пра хрысціянскую духоўнасць, не валодае здольнасцю адрозніваць духаў, аб якой нам нагадваюць святыя айцы Царквы, а таксама апостал і евангеліст Іаан Багаслоў (1 Іаан 4: 1-3) і святы першавярхоўны апостал Павел (2 Кар. 11: 13-15), гэта захапленне можа быць вельмі небяспечным. Ён прарываецца ў іншы, нематэрыяльны свет, аднак забывае, што яго насельнікі могуць варожа ставіцца да цікаўнага даследчыка. На жаль, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца тыя галіны фальклору, якія маюць цесную сувязь з эзатэрыкай і дахрысціянскімі цёмнымі вераваннямі. Нездарма сёння кніжныя паліцы ў нашых кнігарнях ломяцца ад літаратуры па рунічнай і любоўнай магіі, па старажытнаславянскай варажбе і розным замовам. А ад вывучэння тэорыі адзін крок да практычных магічных дзеянняў.

Сёння прыходзіцца канстатаваць, што на глебе вывучэння і даследвання фальклору ўзнікла і развіваецца сучаснае неапаганства. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што паганства гістарычнае і паганства сучаснае - розныя з'явы.

Да з'яўлення на зямлі Хрыста старажытныя культы неслі ў сабе тую маленькую частачку Ісціны, якую мог зразумець і асэнсаваць тагачасны чалавек. Калі б так не было, не было б тады і цуда выжывання безабаронных людзей побач з драпежнікамі, у варожым асяродзі, пры неспрыяльных кліматычных умовах. Мы не маем права называць сваіх прашчураў служкамі сатаны, хоць і ведаем, каму на самай справе прыносілі свае ахвяры паганцы (Пс. 95:5). Стан чалавечай душы да прыняцця Святога Хрышчэння - гэта стан сляпога, хворага чалавека. Сітуацыя карэнным чынам змянілася пасля евангелісцкай пропаведзі апосталаў, пасля дзейнасці хрысціянскіх місіянераў. Зараз кожны ведае пра Госпада Іісуса Хрыста, пра Яго ахвяру за род чалавечы ці мае магчымасць ведаць. Таму той, хто сёння выступае за адраджэнне паганскіх рытуалаў, свядома выступае супраць Ісціны, стварае новаўтварэнне, якое аддаляе людзей ад Збавіцеля (1 Іаан. 2: 19).

Эйфарыя ад слоў «спрадвечная народная культура», «аўтэнтычны фальклор», «адвечная вера продкаў» павінна саступіць сваё месца духоўнай цвярозасці. Можна прыгадаць даследаванні вучоных ХІХ ст. (Буслаеў, Весялоўскі, Сахараў і інш.), у працах якіх выразна адчуваецца хрысціянская свядомасць аўтараў. Даследчыкаў не паглынаў аб'ект даследавання, яны не лічылі яго абсалютным ідэалам. А вось, напрыклад, навукоўцы (а можа, псеўдавучоныя?) з Цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» даказваюць пазітыўнасць і чалавечнасць паганства ў параўнанні з хрысціянствам. Гэты стан рэчаў - не выключэнне, а норма. Многія інтэлігентныя людзі даводзяць, што паганства выхоўвала ў славянаў ашчаднае стаўленне да прыроды. Пры гэтым пра чалавечыя ахвярапрынашэнні, пра мнагажонства і разбэшчаныя паводзіны ў асабістым жыцці чамусьці не згадваецца. Мы павінны добра ўяўляць, што паганства - мінулы этап у гісторыі беларусаў ды і ўвогуле славянаў, што зварот да яго - гэта зварот да цёмных сілаў, гэта пакланенне дэманам.

Неапаганства - сцежка, якая вядзе ў пекла. За паганскімі маскамі любіць хавацца сатанізм. Нават месцы пакланення д'яблу сатаністы пазычаюць у старажытных валхвоў: перакрыжаванні лясных дарог, узбярэжжы азёр і рэк, курганы і ўзвышшы, старыя крушні... З паганства пазычаюцца таксама і святы сатаністаў: дні зімовага і летняга сонцастаяння, ноч на 7 ліпеня - Купалле, ноч на 1 мая - так званая Вальпургіева ноч, знакаміты Хэлоўін. Відавочна, што неапаганства - не проста салодкія спевы Леля...

На Беларусі прыхільнікі неапаганства асабліва актыўныя на Палессі і ў раёне Браслаўскіх азёраў. Адраджаюцца культы старажытнаславянскіх багоў: Рода, Сварога, Велеса, Перуна. Ім ствараюцца ідалы, капішчы. Асабліва папулярным з'яўляецца культ Перуна (яго вызнаюць агрэсіўна настроеныя маладыя людзі з неанацысцскімі і антысеміцкімі поглядамі) і Велеса (яго прыхільнікі - больш памяркоўныя людзі сярэдняга ўзросту). На Палессі практыкуецца пакланенне вужам.

Так ці інакш, але неапаганства варожа ставіцца да хрысціянства. Вось новы неапаганскі часопіс: «Русский молодежный сказатель «Перун»: Языческий вестник Славянской культуры и истории с разделом о русском музыкальном андеграунде». На яго вокладцы буйнымі літарамі надпіс «Перун» і шмат аб чым гаворачы малюнак: група людзей у светлых рубахах каля ідала з суровым тварам. Побач - высокі жрэц з посахам у руках. Унізе - двое маладых людзей трубяць у рог. Магутны воін замахнуўся мячом над панікшаю галавою палоннага ў манаскай адзежы... Як кажуць, без каментарыяў.

У Інтэрнэце ёсць «Славянскі паганскі каляндар». У ім можна прачытаць наступнае: «Купала. Кресень (Июнь)».

Сегодня существует праздник Летнего солнцестояния и человеческого жертвоприношения подводному хозяину Ящеру (Яше). Проводятся обряды у воды, возжигают костры и утапливают в реке Купалу - куклу из соломы. Час адраджэння і вяртання да «старажытных звычаяў». «Заканадаўцамі моды» ў свеце ўсходнеславянскага неапаганства з'яўляюцца рускія неапаганцы.

Апалагеты паганства павінны разумець, што іх рэлігійная сістэма вядзе да маральнай дэградацыі: старажытны чалавек прыносіў ахвяры сваім багам (дэманам па сваёй сутнасці) і атрымліваў тое, аб чым прасіў. Ні аб якім самаўдасканаленні, ні аб якой барацьбе з грахом нават і гаворка не вялася. Рэлігійна-практычныя дзеянні ў рытуальнай магіі сыходзяць на ўзровень «куплі-продажу». Хрысціянства ж заклікае людзей быць вартымі Божай міласці, змяніцца, перамагчы свае грахоўныя звычкі. А сяброўскія адносіны з нячыстай сілай, якой, дарэчы, вельмі шмат у сцэнарыях шматлікіх «каляд» і «купалляў», што ладзяць нашы культурныя работнікі, - гэта не проста псеўдакультура. Гэта - свядомае супрацоўніцтва з цемрай і адзін з найцяжэйшых грахоў.

Тыя людзі, што вярнуліся з неапаганства ў праваслаўе, сведчылі аб спустошанасці сваёй душы, аб пачуцці адзіноты і самотнасці. Па іх словах, «богі іх не чулі, не было зваротнай сувязі» - з «таго» боку не было адказу». Зараз гэтыя людзі - праваслаўныя хрысціяне, і яны сведчаць аб станоўчых пачуццях у сваёй душы падчас малітвы да Айца Нябеснага.

Праблема таго нацыянальнага адраджэння, якое нам прапануюць, відаць, у тым, што цудоўная сама па сабе ідэя вяртання да традыцыйнай народнай культуры, да нашых спрадвечных духоўных вытокаў узрасла ў грамадстве на спустошанай глебе шматгадовой барацьбы з рэлігіяй як з невуцтвам і перажыткам мінулага і ва ўмовах працяглага адрыву ад хрысціянскіх традыцый некалькіх пакаленняў. У свядомасці людзей, што былі выхаваны пры атэістычным ладзе, укараніліся стэрэатыпы аб прымітыўнасці хрысціянства, якія прымушаюць некаторых саромецца прыняцця сістэмы хрысціянскіх ідэалаў і прынцыпаў.

Суадносіны хрысціянства (а для Беларусі, найперш, праваслаўя) і спрадвечнай, традыцыйнай культуры нашых продкаў яшчэ недастаткова даследаваны. Між тым сёння відавочная небяспека ўзнікнення славянскага неапаганства на глебе безагляднага захаплення аўтэнтычным фальклорам.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Библия. Книги священного Писания Ветхого и Нового Завета. - М., 2001.

2. Кураев, Андрей, диакон. Почему православные такие?.. / А. Кураев. - М., 2006.

3. Кураев, Андрей, диакон. Дары и анафемы: что принесло христианство в мир / А. Кураев. - М., 1999.

4. Новые религиозные организации и неокульты деструктивного и оккультного характера: справочник. - Минск, 2001.

5. Осипов, А.И. Путь разума в поисках Истины / А.И. Осипов. - М., 1997.

6. Рыбаков, Б.А. Язычество древних славян / Б.А. Рыбаков. - М., 1994.

7. Язычество: религии мира. - М., 2003.

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

свят. Ігар Данільчык

Рубрика: