9 Паводле Марка

1 І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, хто не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое прыйдзе ў сіле.
2 І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару высокую адных асобна, і перамяніўся перад імі.
3 І ўбранне Яго стала бліскучым і надзвычай белым, як снег, такім, як бялільшчык на зямлі не можа выбеліць.
4 І явіўся ім Ілія з Маісеем; і размаўлялі з Іісусам.
5 І, азваўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Равві! добра нам тут быць, зробім тры шатры, Табе адзін, Маісею адзін і адзін Іліі.
6 Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былі перапалохаліся.
7 І ўзнікла воблака, ахінаючы іх, і з воблака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлюблены; Яго слухайце.
8 І нечакана, агледзеўшыся навокал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе.
9 І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
10 І захавалі ў сабе гэтае слова, разважаючы між сабой: што значыць “уваскрэснуць” з мёртвых?
11 І пыталіся ў Яго, кажучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія павінен прыйсці раней?
12 А Ён сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды, прыйшоўшы раней, узновіць усё; а як жа напісана пра Сына Чалавечага, — што многа адпакутуе і зняважаны будзе?
13 Але кажу вам, што і Ілія прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго.
14 І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
15 І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, уразіўся і, падбягаючы, віталі Яго.
16 І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрачаецеся з імі?
17 Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік! Я прывёў да Цябе сына майго, які мае ў сабе духа нямога;
18 і дзе ні схопіць яго, кідае яго, і ён пену пускае і скрыгоча зубамі і дранцвее; і прасіў я вучняў Тваіх, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
19 Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязверны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне.
20 І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
21 І запытаўся Іісус у бацькі яго: як даўно гэта здарылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства;
22 і часта дух і ў агонь кідаў яго, і ў ваду, каб загубіць яго; але, як што можаш, дапамажы нам, зжаліўшыся над намі.
23 А Іісус сказаў яму: калі можаш вераваць, усё магчыма для таго, хто веруе.
24 І адразу, усклікнуўшы, хлопцаў бацька са слязьмі сказаў: верую, Госпадзі! памажы майму нявер’ю!
25 Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: дух нямы і глухі, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
26 І, ускрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр.
27 Але Іісус, узяўшы яго за руку, падняў яго; і ён устаў.
28 І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здолелі выгнаць яго?
29 І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа выйсці, толькі ад малітвы і посту.
30 І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.
31 Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя і заб’юць Яго, і забіты, Ён на трэці дзень уваскрэсне.
32 Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.
33 І прыйшоў у Капернаум; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважалі між сабою?
34 Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся адзін з адным, хто большы.
35 І, сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.
36 І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
37 хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыме, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне.
38 Азваўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што імем Тваім выганяе дэманаў, але не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо не ходзіць за намі.
39 Іісус жа сказаў: не забараняйце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя Маё і мог бы неўзабаве зняважыць Мяне,
40 бо хто не супраць вас, той за вас.
41 І хто напоіць вас чашай вады ў імя таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
42 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, калі б павесілі жарнавы камень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора.
43 І калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе: лепей табе калекам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукі маючы, пайсці ў геену, у агонь незгасальны,
44 дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
45 І калі нага твая спакушае цябе, адсячы яе: лепей табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у геену, у агонь незгасальны,
46 дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
47 І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго: лепей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым два вокі маючы, быць укінутым у геену вогненную,
48 дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
49 Бо кожны агнём асоліцца і кожная ахвяра соллю асоліцца.
50 Добрая рэч — соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе паправіце? Майце соль у сабе, і мір майце між сабою.