Развіццё рэлігійнай сферы ў Беларусі: паміж папам і патрыярхам

Беларускі Штогадовік 2009

 

Найбольш важнымі падзеямі 2009 г. сталі абранне новага Патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы і яго візіт у Беларусь, а таксама сустрэча Прэзідэнта А. Лукашэнкі з Папам Рымскім у Ватыкане. У параўнанні з мінулым годам, з абраннем новага Патрыярха, адносіны паміж беларускім рэжымам і Беларускай Праваслаўнай Царквой халаднеюць, павялiчваецца дыстанцыя паміж БПЦ i Рускай Праваслаўнай Царквой. Стасункi з Рыма-Каталіцкай Царквой, наадварот, робяцца больш інтэнсіўнымі. Узаемадзеянне з галоўнымi канфесіямi ператвараецца, бадай, у галоўны сродак стварэння «прэстыжнага іміджу Беларусі на міжнароднай арэне».

Тым не менш, ў канфесійнай сферы зноў узнікаюць справы датычна свабоды сумлення. Да традыцыйных формаў уціску дадаюцца і гучныя працэсы, звязаныя з крымінальным пераследам вернікаў за адмаўленне ўзяць у рукі зброю і патрабаванне альтэрнатыўнай службы.

На працягу года доўгачаканыя змены ў Закон «Аб свабодзе сумлення» не былi ўнесеныя, тым часам у рамках ініцыятывы «За свабоднае веравызнанне» быў распрацаваны альтэрнатыўны закон. Адбываюцца няўдалыя спробы арганізацыйнага афармлення партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» (БХД), інтэнсіфікуюцца яе стасункі з канфесіямі. 

Тэндэнцыі:

• працягваецца ўціск на рэлігійнае поле – пераследы асобных рэлігійных арганізацый, замежных грамадзян;

• палітыка рэжыму, скіраваная на ўсталяванне больш шчыльных стасункаў з Ватыканам, дамiнуе ў публічным полі, аднак на рэальныя саступкі прэзідэнт не ідзе;

• халаднеюць стасункі паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і яе кіраўніцтвам у Маскве;

• БХД вядзе дыялог з канфесіямі, асабліва каталіцкай і праваслаўнай, аднак найбольшую вагу партыя мае ў пратэстантаў, што абумоўлівае спецыфіку палітычнага дыскурсу.

Агульная характарыстыка

Найбольш важнымі падзеямі 2009 г. сталі, безумоўна, абранне новага Патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы і яго візіт у Беларусь, а таксама сустрэча Прэзідэнта А. Лукашэнкі з папам Рымскім у Ватыкане. Менавіта яны найбольш падрабязна асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. Але гэтыя падзеі былі экстраардынарнымі, таму толькі на іх аснове немагчыма меркаваць аб той руціне і больш фундаментальных тэндэнцыях, што адбываюцца ў рэлігійнай сферы.

Перапіс насельніцтва, які прайшоў у 2009 г., традыцыйна не ўтрымліваў пытання аб рэлігійнай прыналежнасці рэспандэнтаў, таму правесці якую-кольвек верыфікацыю афіцыйных даных аб колькасці вернікаў той ці іншай канфесіі не ўяўляецца немагчымым. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Л. Гуляка адзначыў, што, у адпаведнасці з арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», «ніхто не абавязаны паведамляць аб сваім стаўленні да рэлігіі і не можа падлягаць якому-кольвек прымусу пры вызначэнні свайго стаўлення да рэлігіі, да вызнання той ці іншай рэлігіі, да ўдзелу ці няўдзелу ў дзейнасці рэлігійных арганізацый»1.

Аднак, нягледзячы на тое, што ідэнтычнае палажэнне ў дачыненні да нацыянальнай прыналежнасці змяшчаецца ў Законе «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь»2, пытанне пра нацыянальную прыналежнасць у перапісе фігуравала. Не зважаючы на адсутнасць даных, чыноўнік заяўляе, што 85% вернікаў дэкларуюць сябе праваслаўнымі, і толькі каля 12% каталікамі. Л. Гуляка мяркуе, «што ментальнасць беларусаў у гэтым плане збалансаваная»3.

Пры падвядзенні вынікаў развіцця этнаканфесійнай сферы за 2009 г. на традыцыйным пасяджэнні калегіі свайго апарату, Упаўнаважаны пра справах рэлігій і нацыянальнасцей Л. Гуляка адзначыў, што за 2009 г. у Беларусі не былі зарэгістраваныя новыя рэлігійныя накірункі. Паводле слоў чыноўніка, на 1-га студзеня 2010 г. у Беларусі дзейнічала 25 зарэгістраваных рэлігійных накірункаў, якія ўключалі 3263 рэлігійныя арганізацыі, сярод якіх «Беларускую Праваслаўную Царкву многія лічаць духоўным лідарам у беларускім грамадстве»4. У ёй дзейнічае 1509 абшчын, у тым ліку цягам 2009 г. з’явілася 36 новых прыходаў; гэта на 15% меней, чым у 2008 г.5

Што тычыцца Рыма-Каталіцкай Царквы, то Л. Гуляка канстатаваў «узрастанне ролі Рыма-Каталіцкай Царквы ў грамадскім жыцці Беларусі»6. На 1-га студзеня дзейнічала 470 абшчын гэтага накірунку, пры гэтым цягам 2009 г. было зарэгістравана 3 новыя абшчыны – у параўнанні з 2008 г. гэты паказчык знізіўся больш чым у тры разы.7 Дынаміка росту іншых рэлігійных арганізацый не асвятлялася.

Чыноўнік робіць наступныя высновы: «У 2009 г. узрасло значэнне ўзаемадзеяння беларускай дзяржавы і вядучых рэлігійных канфесій ва ўмацаванні не толькі стабільнасці грамадства, але і ў фарміраванні на міжнароднай арэне іміджу Беларусі як краіны, у якой забяспечваецца плённае суіснаванне разнастайных рэлігійных і этнічных груп»8. Можна зрабіць выснову, што стварэнне «прэстыжнага іміджу Беларусі на міжнароднай арэне» ператвараецца, бадай, у адну з асноўных стратэгій беларускага рэжыму, у тым ліку, і ў сферы рэлігіі, альбо нават пераважна ў сферы рэлігіі.

У рэалізацыі названай мэты беларуская дзяржава адводзіць вядучую ролю Каталіцкай Царкве, развіццё ўзаемаадносін з якой у апошнія два гады ўпісваецца менавіта ў гэтую стратэгію: тут і візіт кардынала Т. Бертонэ ў 2008 г.; і наведванне А. Лукашэнкам Ватыкана (гэта быў яго першы візіт пасля зняцця візавых санкцый, што вельмі сімвалічна); і падрыхтоўка канкардату; і спроба А. Лукашэнкі арганізаваць сустрэчу на тэрыторыі Беларусі Патрыярха Маскоўскага і Папы Рымскага. Тым не менш, дзеянні самога рэжыму не спрыяюць стварэнню прэстыжнага іміджу краіны: так ці інакш ў канфесійнай сферы зноў узнікаюць справы датычна свабоды сумлення: штрафуюцца баптысты (Царква ЕХБ «Пераяўленне», Віцебская вобл.) – за нямэтавае выкарыстанне будынкаў; «Сведкі Іеговы» (Магілёўская вобл.), «Новае Пакаленне» (Баранавічы)9, пастар Ірына Маршалкоўская-Грык (Чавускі раён)10 – за незарэгістраваную рэлігійную дзейнасць11. Двум ксяндзам – Э. Смагу і А. Банькоўскаму, якія з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы, – не падаўжаюцца візы для заняцца рэлігійнай дзейнасцю12; працягваецца гісторыя з будынкам царквы «Новае жыццё»13.

Цяпер да традыцыйных формаў уціску дадаюцца і гучныя працэсы, звязаныя з крымінальным пераследам вернікаў за адмаўленне ўзяць у рукі зброю і патрабаванне альтэрнатыўнай службы: гэта справы Дзмітрыя Смыка14 («Сведкі Іеговы», Гомель) у лістападзе і Івана Міхайлава15 («Месяінскія габрэі», Мінск) у снежні. Тут назіраецца наступная тэндэнцыя: у апошнія гады менавіта службу ў арміі дзяржава пачала выкарыстоўваць як рэпрэсіўны механізм.

Арганізацыя «Форум 18» у сваёй справаздачы па Беларусі адзначае, што рэпрэсіўная рэлігійная палітыка Прэзідэнта А. Лукашэнкі застаецца нязменнай. На погляд аналітыкаў гэтай арганізацыі, «законныя» абмежаванні ўключаюць наступныя дзеянні: «патрабаванне да ўсёй рэлігійнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца групай, мець дзяржаўны дазвол і ажыццяўляцца толькі ў межах адной геаграфічнай тэрыторыі; забарона малітоўных сустрэч і іншай рэлігійнай дзейнасці ў прыватных дамах, калі яны маюць рэгулярны ці масавы характар; патрабаванне, каб усе культавыя будынкі былі зацверджаныя дзяржавай у якасці такіх; пастаяннае справоджванне з краіны каталіцкіх і пратэстанцкіх замежных царкоўнаслужыцеляў»16. Падобным чынам ацэньвае сітуацыю ў рэлігійнай сферы ў Беларусі і Дзярждэпартамент ЗША ў сваёй штогадовай справаздачы па правах чалавека17, а таксама ў сваёй міжнароднай справаздачы па свабодзе рэлігіі18.

Таксама і еўрапейскія інстытуцыі выказваюць заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі: у дзвюх рэзалюцыях Еўрапаламента – у студзені і ў снежні 2009 г. – пытанне свабоды сумлення стаяла па-ранейшаму востра. Аднак дзяржаве ўдалося звесці гэтае пытанне да асобных фактаў пераследу, прыбраўшы з-пад удару асноўны інструмент рэлігійнай палітыкі – Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».

Заканадаўства і інстытуцыі

У 2008 г. завершыўся збор подпісаў за змены ў рэлігійнае заканадаўства Беларусі. Менавіта Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» традыцыйна разглядаўся як падмурак рэпрэсіўнай дзяржаўнай палітыкі ў рэлігійнай сферы; 50 тыс. подпісаў былі перададзеныя і ў еўрапейскі інстытуцыі. Аднак у студзені 2009 г. паследавала рэзалюцыя Еўрапарламента датычна стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, у якой асобным пунктам прысутнічаў заклік да беларускіх уладаў «шанаваць свабоду рэлігіі» і асуджэнне тых фактаў, «што еўрапейскія грамадзяне, у тым ліку святары, неаднаразова справоджваюцца з Беларусі, што супярэчыць працэсу пабудовы даверу з Еўрапейскім Саюзам»19.

Такім чынам, у якасці асноўнай праблемы парушэння правоў чалавека ў сферы рэлігіі еўрапейскія інстытуцыі называюць «факты» парушэння свабоды рэлігіі, а зусім не Закон. Ужо ў снежні 2009 г. у пункт 15 рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі адной з дзевяці ўмоваў па дэмакратызацыі, выкананне якіх неабходнае для поўнага зняцця санкцый і далучэння Беларусі да еўрапейскіх праграм, стала наступнае патрабаванне: «забеспячэнне свабоды веравызнання для неправаслаўных, у прыватнасці, для царквы «Новае жыццё»20.

Такім чынам, з гледзішча еўрапейскіх інстытуцый, не рэпрэсіўны Закон, паводле якога жывуць ўсе канфесіі: і праваслаўныя, і неправаслаўныя, і традыцыйныя, і нетрадыцыйныя, – ёсць галоўнай праблемай, а толькі канкрэтная права-выкарыстальная практыка. Цяпер прадстаўнікі еўрапейскіх арганізацый не звяртаюць увагі ні на Закон, ні на Пастанову Савета міністраў РБ ад 30.01.2008 No 123, якая зацвярджае Палажэнне «Аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліку Беларусь з мэтай займання рэлігійнай дзейнасцю», г. азн. на нарматыўную базу рэгулявання гэтай сферы. Такая пазіцыя Еўропы дазваляе беларускаму рэжыму станоўча вырашыць пытанне адной рэлігійнай арганізацыі і гэтым выканаць умову Еўрапарламента.

Хаця Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» быў мадыфікаваны, змены, унесеныя ў арт. 17 і 18, сталіся нязначнымі, гэтыя артыкулы тычацца працэдуры рэгістрацыіі рэлігійных абшчын і аб’яднанняў. Закон No109-3 аб унясенні змяненняў у шэраг законаў быў прыняты ў другім чытанні 11 снежня 2009 г., а падпісаны 4 студзеня 2010 г. Тым часам у рамках ініцыятывы «За свабоднае веравызнанне» быў распрацаваны альтэрнатыўны закон21, у якім была выдаленая прэамбула, а таксама шэраг рэпрэсіўных нормаў, што найбольш ускладняюць дзейнасць рэлігійных арганізацый.

8 ліпеня 2009 г. адбылося ўстаноўчае пасяджэнне Грамадскай рады па маральнасці, якое запачаткавала яе дзейнасць.22 Ініцыятарамі стварэння Рады выступілі БПЦ і афіцыйны Саюз пісьменнікаў на чале з М. Чаргінцом. У яе склад ўвайшлі прадстаўнікі рэлігій «з прэамбулы»: праваслаўныя, каталікі, лютэране, юдэі і мусульмане. Мерквалася, што Рада будзе прымаць заключэнні, рэкамендацыі, звароты да тэлерадыёкампаній, перыядычных выданняў і г. д. Аднак за 2009 г. не было зафіксавана ніводнага факту, калі б дзейнасць Рады паўплывала на прыняцце якога-небудзь рашэння.

27 сакавіка Мітрапаліт Філарэт у сваім выступе на сустрэчы Сінода БПЦ з Прэзідэнтам адзначыў: «У сувязі з выключнай важнасцю гэтай праблемы, Царква заклікае увесці дзейснае рэгуляванне інтэрнэт-кантэнту на заканадаўчым ўзроні, як гэта зроблена ў многіх краінах, у прыватнасці, у Кітаі»23. 1 лютага 2010 г. такі акт быў прыняты. Указ No 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнэт» мае ўступіць ў сілу летам 2010 г. Хаця дзяржаўныя органы ўстрымаліся ад пераймання «кітайскага досведу», рэгуляванне гэтай сферы абяцае быць больш жорсткім.

Дзяржава не прыслухалася да просьбаў Мітрапаліта Філарэта аб увядзенні ў якім-кольвек выглядзе рэлігіі ў школах, хаця на гэта было скіравана шмат намаганняў БПЦ: пытанне рэлігійнай адукацыі ўздымалася на сустрэчах Прэзідэнта і Сінода; менавіта з мэтай агітацыі за рэлігійную адукацыю ў школах краіну наведаў прот. Андрэй Кураеў, аўтар аднога з расійскіх курсаў праваслаўнай культуры для школьнікаў. Візіт святара адбываўся адначасова з візітам Патрыярха і ўключаў шэраг сустрэч з педагагічнымі работнікамі з мэтай падрыхтоўкі глебы для ўвядзення такога курса ў Беларусі. Аднак 5-га лістапада Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект Кодэксу аб адукацыі24 і паставіла крыж на гэтых планах.

Беларуская Праваслаўная Царква: новы Патрыярх

У пачатку 2009 г. галоўнай падзеяй для Маскоўскага Патрыярхата стаў Памесны Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы, скліканы для выбараў новага Патрыярха. Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, як і прадказвалася цягам дзесяцігоддзя, стаў адным з кандыдатаў на пасаду. Аднак, чалавек ужо сталы, абцяжараны хваробамі, ён не стаў змагацца за патрыяршы трон і ўзяў самаадвод.

27 студзеня 2009 г. Патрыярхам быў абраны Мітрапаліт Кірыл (Гундзяеў), які ў верасні адной з першай наведаў Беларусь як краіну сваёй «кананічнай тэрыторыі». У беларускай перспектыве усіх цікавілі наступныя пытанні: 1) ці дазволіць новы Патрыярх, які мае рэпутацыю філакатоліка, наведанне Беларусі Папам Рымскім?25 2) ці пашырыцца аўтаномія Беларускай Праваслаўнай Царквы ў складзе Маскоўскага Патрыярхату? 3) як будуць выбудоўвацца стасункі Рускай Праваслаўнай Царквы і беларускага рэжыму. Відавочна, што за першы год патрыяршаства Кірыла намеціліся адказы на гэтыя пытанні.

Пэўна, паддаўшыся чуткам пра «пракаталіцкасць» Патрыярха Кірыла, А. Лукашэнка вырашыў, што магла б рэалізавацца ідэя пра сустрэчу на беларускай зямлі Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха. Адбыліся некалькі сустрэчаў А. Лукашэнкі з Патрыярхам, ініцыятарам якіх выступіў беларускі Прэзідэнт. Патрыярх і Руская Праваслаўная Царква не сталі цырымоніцца з Прэзідэнтам, і на ўсе яго прапановы яму даволі адназначна далі зразумець, што патрэбы ў пасярэдніцтве А. Лукашэнкі Маскоўскі Патрыярхат не мае26, i перамовы з Ватыканам вядуцца па сваіх пытаннях27. Такім чынам, разлік Лукашэнкі на тое, каб прадставіць сябе як пасла міру ад РПЦ атрымаў досыць жорсткі адпор Царквы, і Лукашэнка быў вымушаны сказаць, што ён ніколі нічога такога і не казаў.28

Такім чынам, адбылася некаторая «ломка стэрэатыпаў», новы Патрыярх паводзіць сябе незалежна і ўпэўнена, у Прэзідэнта нічога не просіць, і нічога яму не дае. Ці гэта не тая «новая перспектыва царкоўна-дзяржаўных адносінаў», пра якую гаварыў Патрыярх?

Як бы там нi было, упершыню за свой прэзідэнцкі тэрмін Прэзідэнт праігнараваў пасхальнае богаслужэнне ў кафедральным саборы, дзе яго традыцыйна чакалі. А праз некалькі дзён ён паехаў у Ватыкан. З Патрыярхам Кірылам, відавочна, адносіны ў яго не складваюцца. І гэтыя супярэчнасці зрабіліся яшчэ больш відавочнымі ў часе візіту Патрыярха ў Беларусь у верасні.

Па-першае, падчас свайго выступу29 ў Палацы Рэспублікі Патрыярх агучыў геапалітычны праект «Рускага свету» – супольнасці Расіі, Украіны, Беларусі і Малдовы, праваслаўнай цывілізацыi, пабудаванай на праваслаўных каштоўнасцях. Прычым ён агучыў гэты праект у проціпастаўленне праекту А. Лукашэнкі і ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці, у якія ўпісаўся б і візіт Папы, і ягоная сустрэча ў Патрыярхам у Беларусі, – Беларусь як мост паміж Захадам і Расіяй. Для Патрыярха Беларусь не мост, а складнік «рускага свету».

Па-другое, Патрыярх заявіў з высокай сцэны Палацу Рэспублікі – самага афіцыйнага месца ў Беларусі, – што Курапаты з’яўляюцца адным з сімвалаў беларускага народа. Курапаты – гэта месца, якога рэжым баіцца, і дзе нават загадалі знішчыць капліцу Беларускай Праваслаўнай Царквы. Будаўніцтва святыні дабраславіў яшчэ папярэдні Патрыярх Аляксій ІІ падчас свайго візіту ў Беларусь, а яе разбурэнне замоўчваецца Беларускім Экзархатам. Такім чынам, Патрыярх паказаў і Беларускаму Экзархату, і Прэзідэнту, якую мадэль царкоўнадзяржаўных адносінаў ён бачыць – гэта не пустыя дэкларацыі аб супрацоўніцтве, якімі так ганарацца і Царква, і рэжым. Бо на справе няма ні навучання праваслаўнай рэлігіі ў школах, ні прызнання навуковых ступеняў, ні рэальнай фінансавай дапамогі царкве (тыя фонды, што выдзяляюцца на некаторыя праекты, гэта даволі дробныя сумы, нават у маштабах Беларусі).

Сам жа А. Лукашэнка праігнараваў не толькі пасхальнае богаслужэнне, але і выступ Патрыярха ў Палацы Рэспублікі. Больш за тое, нават атрымаўшы адпор ад РПЦ, Прэзідэнт працягвае выказвацца пра сябе як арганізатара сустрэчы паміж Папам і Патрыярхам, хоць і ў іншым духу. 30 Такім чынам, ў дачыненні да двух пытанняў – дазволу на візіт Папы і царкоўна-дзяржаўных ўзаемаадносінаў – палітыка новага Патрыярха з’яўляецца досыць канкрэтнай і яскравай.

Разгледзім цяпер пытанне, што тычыцца Беларускай Праваслаўнай Царквы. Па-першае, усе сустрэчы Лукашэнкі з Патрыярхам адбываліся з ігнараваннем Беларускага Экзархату. Па-другое, калі мы прааналізуем пытанні, узнятыя Мітрапалітам Філарэтам падчас сустрэчы Сінода з Прэзідэнтам31: 1) рэгуляванне інтэрнэту; 2) рада па маральнасці; 3) выданне Слуцкага Евангелля; 4) «пытанне аб духоўна-маральным кампаненце прадметаў гуманітарнага цыклу», – то можна зрабіць выснову: Прэзідэнту ўдалося адкупіцца Радай па маральнасці, якая практычна не мае ніякага ўплыву (што паказала гісторыя са спробай адмяніць канцэрт гурта Rammstein); а таксама выданнем Слуцкага Евангелля ў колькасці 500 асобнікаў.

Дзяржава ўзяла пад увагу пазіцыю наконт рэгулявання інтэрнэту; верагодна, дзяржава сама і навязала БПЦ такую пазіцыю. Што ж тычыцца асноўнага пытання – аб выкладанні праваслаўя ў школах, – то яно дагэтуль застаецца нявырашаным. Больш за тое, калі раней гаворка ішла пра ўвядзенне спецыяльнага прадмета, то цяпер ўсяго толькі аб «духоўна-маральным кампаненце прадметаў гуманітарнага цыклу»32. Нявырашаным застаецца і пытанне прызнання дысертацый.

У параўнанні з мінулым годам, з абраннем новага Патрыярха змяніліся і ўзаемаадносіны Беларускай Праваслаўнай Царквы з цэнтрам – Масквой. Відавочна, што ў межах стратэгіі Патрыярха Кірыла не можа ісці мовы аб пашырэнні аўтаноміі БПЦ. Наадварот, назіраецца тэндэнцыя да яе памяншэння. Паводзячы сябе з Прэзідэнтам Лукашэнкам досыць жорстка і без лішняй дыпламатыі, Патрыярх фактычна перакрэсліў тыя сервілісцкія намаганні, якія столькі год рабіла БПЦ, каб дасягнуць нават тых дробных вынікаў, што ўжо атрымалася дасягнуць. Як рэзультат, адносіны паміж беларускім рэжымам і БПЦ халаднеюць. З аднога боку – іерархі БПЦ, прызвычаеныя маўчаць ці выказваць падтрымку з любой нагоды; з другога – Патрыярх, які выступае адкрыта і недвухсэнсоўна. Такі канфліктны вузел можа прывесці да павелічэння аўтаноміі БПЦ ад РПЦ, калі будзе абраны шлях маўчання і далейшага маўклівага супрацоўніцтва з рэжымам; альбо да павелічэння аўтаноміі БПЦ ад беларускага рэжыму – за кошт салідарызацыі з агульнацакроўнай палітычнай стратэгіяй.

Магчыма, ключом да вызначэння кірунку развіцця гэтай сітуацыі можа служыць тэкст Вітання Сінода БПЦ да Патрыярха,33 калі параўнаць гэтае пасланне з аналігічным, якое прагучала годам раней. Падчас візіту Патрыярха Аляксія ІІ, якога сустракалі настальгіяй па Савецкім Саюзе і рыторыкай Святой трыадзінай Русі, у Вітанні да Патрыярха Кірыла западна-рускай рыторыкі паменела, хоць дыскурс Святой Русі і еднасці захоўваўся. Наадварот, Сінод БПЦ згадаў і пра даўнейшыя візіты Канстанцінопальскага і Іерусалімскага Патрыярхаў, і пра прыезд Антыяхійскага Патрыярха, які наведаў Беларусь на Тысячагоддзе Хрышчэння Русі. Гэта быццам бы падкрэслівала, што Беларусь у першую чаргу належыць да Усясветнага Праваслаўя, а ўжо потым – да Рускага. Быў таксама ўзгаданы Крыж Ефрасінні Полацкай «як меч, якім ахоўваецца дзяржаўная годнасць Белай Русі».

Магчыма, што ключ варта шукаць у іншай падзеі. Беларуская Праваслаўная Царква вуснамі аднога са сваіх чыноўнікаў архім. Аляксея Шынкевіча выступіла ў абарону Аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя». Беларускае тэлебачанне зняло сюжэт супраць гэтага руху з прыцягненнем дзеячаў розных цэркваў. Архім. Аляксей назваў гэты сюжэт «заказным»34, а гэта па мерках беларускага грамадства, у якім Беларускае тэлебачанне адлюстроўвае настрой рэжыма, а апазіцыя, да якой належыць БХД, з’яўляецца ў вачах дзяржавы злом паводле вызначэння, выглядае ледзь не геройствам і замахам на падмуркі канстытуцыйнага ладу. Тое, што гэты выступ адбыўся адразу пасля візіта Патрыярха Кірыла, а сюжэт БТ пра БХД ішоў у адной звязцы з асвятленнем гэтага візіту, можа наводзіць на думку, што такі імпульс аўтаномнасці царквы ад рэжыму сваімі смелымі словамі задаў Патрыярх. 

Рыма-Каталіцкая Царква: ці прыедзе Папа?

У 2009 г. Рыма-Каталіцкая Царква ў Беларусі адзначала двацаццігоддзе свайго адраджэння – 29 верасня 1989 г., дзень ушанавання Касцёлам св. Архангела Міхаіла, лічыцца днём адраджэння дзейнасці РКЦ у Беларусі.35 Якія б падзеі нi адбываліся цягам 2009 г. у рэлігійнай сферы, яны ўспрымаліся праз адзіны кантэкст: ці будзе плён з таго «павароту» да Каталіцкай Царквы, які распачаў беларускі рэжым. Па-першае, ці прыедзе ў бліжэйшы час у Беларусь, адгукнуўшыся на запрашэнне А. Лукашэнкі, Папа Рымскі, а па-другое, ці будзе заключаны паміж беларускай дзяржавай і Ватыканам канкардат – дамова аб супрацоўніцтве?

Яшчэ падчас візіту ў Беларусь летам 2008 г. кардынала Тарчызіа Бертонэ, Дзяржсакратара Ватыкана, А. Лукашэнка зрабіў спробу запрасіць Папу ў Беларусь. У сярэдзіне красавіка 2009 г. Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніком Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам36, і менш чым праз два тыдні была абвешчаная сенсацыйная навіна – А. Лукашэнка наведае Ватыкан.

Цяжка сказаць, наколькі беларускі Прэзідэнт быў жаданым госцем у Ватыкане, але для самога А. Лукашэнкі прыём у Папы Рымскага стаў знакавай падзеяй. Папа патрэбны Лукашэнку, каб падмацоўваць свой сімвалічны капітал, як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Але трэба ўлічыць дзве рэчы: па-першае, гэта была прыватная аўдыенцыя, якіх на дзень у Папы бывае не адна. Лукашэнка любымі спосабамі імкнуўся ўзняць статус сустрэчы, але афіцыйная інфармацыя Ватыкана гучала даволі суха.37 Па-другое, Аляксандр Лукашэнка зноў паспрабаваў узяць на сябе міратворчую функцыю, і ўжо ад імя Папы заявіў, што той разлічвае ў хуткім часе сустрэцца з Патрыярхам Кірылам.38 Гэта не што іншае, як блеф – усяго толькі стварэнне падабенства пацяплення стасункаў з Рыма-Каталіцкай Царквой.

Наступным крокам развіцця гэтага сюжэту можа стаць толькі прыезд самога Папы ў Беларусь альбо заключэнне канкардату. Калі ў 2010 г. ні Папа не прыедзе ў Беларусь, ні канкардат не будзе заключаны, усе намаганні беларускага прэзідэнта пойдуць з ветрам. Хоць час ад часу ў СМІ з’яўляюцца звесткі пра магчымую сустрэчу Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага, але гэта не азначае, што такая сустрэча адбудзецца ў Беларусі. Кіраўніцтва Рыма-Каталіцкай Царквы падчас візіту ad lumina таксама перадало Папу запрашэнне наведаць Беларусь, але перспектыва гэтага прыезду выглядае змрочна. Тым больш, што вельмі замаруджваецца справа з падпісаннем канкардату.

Што тычыцца працэсу заключэння пагаднення, то адразу пасля візіту ў Ватыкан беларускі бок бадзёра запэўніваў, што канкардат ужо практычна падрыхтаваны, і яго вось-вось падпішуць. Упаўнаважаны па справах рэлігіі ў пачатку траўня заяўляў: «Візіт у Беларусь Тарчызіа Бертонэ адбудзецца да канца першага паўгоддзя 2009 г. У часе візіту прадстаўніка Святога Прастолу плануецца падпісаць пагадненне паміж Беларуссю і Ватыканам»39. Але ні да канца першага паўгоддзя, ні да канца другога не тое што візіту Папы не адбылося, не адбылося ні ўжо запланаванага візіту Дзяржсакратара Ватыкана, ні падпісання ўжо падрыхтаванага канкардату. Час ад часу толькі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч канстатуе, што размовы пра канкардат вядуцца даўно, а рэальна нічога не адбываецца.40 З ватыканскіх чыноўнікаў у Беларусь напрыканцы года прыехаў толькі Вальтэр Каспер, чалавек, які мае дачыненне да каталіцка-праваслаўнага дыялогу, таму ад ягонага прыезду можна было б чакаць зрухаў у пытанні арганізацыі сустрэчы Папы і Патрыярха. Але нічога не адбылося.

Тым не менш, можна канстатаваць даволі значную перамогу рэжыму, дасягнутую абяцаннямі прыезду Папы і заключэння канкардату: у канфлікце з Саюзам палякаў Рыма-Каталіцкая Царква ў Беларусі, нягледзячы на сваю сувязь з польскай дзяржавай і польскім нацыянальным пытаннем, трымала нейтралітэт. Наколькі доўга ў рэжыма будзе магчымасць трымаць РКЦ у гэтым нейтралітэце, пакуль цяжка сказаць. Але дзяржава працягвае ўціск на рыма-каталіцкіх святароў, што па нацыянальнасці з’яўляюцца палякамі, і ў чарговы раз адмовіла ў візах святарам Э. Смагу і А. Банькоўскаму.41 

Грэка-Каталіцкая Царква

Жыццё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (БГКЦ) ў 2009 г. разгортвалася вакол дзвюх інтрыг: атрыманне свайго храма ў Мінску (тут яны спрабавалі звяртацца да дзяржавы); і атрыманне свайго епіскапа ў Беларусі (тут яны правілі кіраўніцтва Каталіцкай Царквы). Нягледзячы на сваё досыць нявыгаднае становішча, Грэка-Каталіцкая Царква гуртуе вакол сябе колы нацыянальнай інтэлігенцыі. У сярэдзіне красавіка яны звярнуліся да Прэзідэнта з просьбай разгледзець магчымасць дазволу пабудовы храма на месцы царквы Святога Духа ў Верхнім горадзе, якую адбудоўваюць для дзіцячай філармоніі, звярнуўшы ўвагу на тое, што за 19 год з дня адраджэння БГКЦ вернікі так і не атрымалі дазволу на пабудову храма ў Мінску. Аднак на гэты ліст грэка-каталіцкія вернікі атрымалі традыцыйную адмову42 – якраз пасля вяртання Прэзідэнта з Ватыкана.

Ватыкан стаў адрасатам іншага ліста грэка-каталікоў Беларусі. На гэты раз яго аўтарамі сталі грэка-каталіцкія святары, і ліст тычыўся пытанняў кананічнай структуры БГКЦ.43 Аднак і на гэты ліст адказ пакуль не быў атрыманы.

Калі абодва жаданні грэка-каталікоў спраўдзяцца: яны атрымаюць свайго біскупа, г. азн. будуць паўнавартаснай царкоўнай структурай у кананічным плане; а таксама калі ў іх атрымаецца займець і свой храм, то, магчыма, гэта значна ўмацуе пазіцыі грэка-каталіцтва, прынамсі сярод моладзі і нацыянальна-арыентаваная інтэлігенцыі. Грэка-Каталіцкая Царква можа стаць рэальным канкурэнтам – у маштабах сталіцы – для рыма-каталікоў і праваслаўных; нават рэальнай альтэрнатывай. Ладзячы богаслужэнні па-беларуску, гуртуючы вакол сябе нацыянальную інтэлігенцыю, БГКЦ уяўляе яшчэ адну небяспеку для ўладаў, таму малаверагодна, што рэжым дазволіць ёй развівацца.

Альтэрнатыўнае праваслаўе

Як удзельнік з’езду беларусаў свету Мінск наведаў лідар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) еп. Святаслаў Лонгін, які таксама правёў высвячэнне новага святара для БАПЦ ў Беларусі. Аднак ні пра імя святара, ні пра ягоную дзейнасць практычна нічога не паведамлялася. У той самы час менш актыўнай зрабілася дзейнасць Беларускай Народнай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Б(Н)АПЦ, у прыватнасці, святара Леаніда Акаловіча, які доўгі час быў «тварам» беларускай апазіцыі.

Магчыма, на развіццё беларускага альтэрнатыўнага праваслаўя змогуць паўплываць падзеі ва Украіне, а канкрэтна тое, што Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (УАПЦ) пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Мяфода Кудракова звярнулася да Канстанцінопальскага Патрыярхата (КП) з просьбай прыняць іх у свій склад, і ў адказ на гэта Украіну наведала дэлегацыя КП.44 Тым не менш, пакуль рана казаць пра магчымае ўмяшанне Канстанцінопаля ва ўкраінскія справы. Прынамсі агульнаправаслаўная нарада ў Шамбезі (Швейцарыя) дазваляе меркаваць пра паляпшэнне ўзаемаадносінаў паміж Канстанцінопальскім і Маскоўскім Патрыярхатамі, таму чакаць іх нейкай канфрантацыі ва Украіне не выпадае. Што тычыцца Канстанцінопальскага праваслаўя, то ў Беларусі таксама існуе альтэрнатыўны і БАПЦ, і БПЦ «Грэка-праваслаўны рух» – беларусы за Канстанцінопальскі Патрыярхат45, які ўзначальвае еп. Васіль Касцюк. Аднак гэты рух даволі маргінальны, пра што сведчаць і ўнутраныя супярэчнасці, звязаныя з тым, што з яго выйшаў бліжэйшы паплечнік Касцюка свят. Сяржук Горбік.4

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

Як адзначалася ў прагнозах на 2009 г., гэты год стаў годам партыі БХД. Цягам году адбыліся два ўстаноўчыя з’езды партыі, але яна так і не была зарэгістраваная. Цікавымі ў дачыненні да БХД ў рэлігійнай сферы з’яўляюцца два сюжэты. Першы звязаны з затрыманнямі службай аховы парадку на фэсце ў Будславе некаторых актывістаў БХД, што распаўсюджвалі бюлетэнь «Крыніца». Другі – сюжэт перадачы БТ «Панарама» пра БХД, у якім прыводзіліся негатыўныя выказванні розных рэлігійных дзеячаў наконт дзейнасці партыі, і ад якога вуснамі свайго чыноўніка ўрэшце дыстанцыявалася Беларуская Праваслаўная Царква.

Што тычыцца першага сюжэту, то затрыманні адбываліся простымі каталіцкімі вернікамі, што спарадзiла адкрыты ліст Паўла Севярынца да Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча47, таму апошні быў вымушаны досыць памяркоўна выказацца пра дзейнасць БХД.48 Тым не менш, відавочна, што сярод каталікоў аўтарытэт партыі досыць нізкі, іх у партыі найменшы адсотак – паводле статыстыкі Віталя Рымашэўскага, усяго 11–13%49, пры тым, што менавіта каталікі традыцыйна лічацца найбольш нацыянальна-арыентаванай канфесіяй у Беларусі, а многія пытанні сацыяльнай этыкі БХД і РКЦ з’яўляюцца даволі блізкімі. I нават адкрытая падтрымка некаторымі святармі БХД не павялiчвае аўтарытэту партыii сярод каталiкоў.

БХД спрабуе таксама прадставіць, што мае падтрымку і сярод праваслаўных, а большасць яе членаў належаць да Праваслаўнай Царквы. Насамрэч цяжка падлічыць ступень падтрымкі БХД у праваслаўным асяроддзі, бо адкрыта яна не выказваецца. Варта адзначыць, што ў верасні 2009 г. адбылася важная падзея, пра якую ўжо было згадана ў параграфе, прысвечаным Праваслаўнай Царкве, – выступ архім. Аляксея Шынкевіча50, у якім Праваслаўная Царква дыстанцыявалася ад БТ і пазіцыі агульнапрапагандысцкай крытыкі БХД, аднак сцвярджаць пра нейкую падтрымку тут не выпадае. Сюжэт «Панарамы» быў скіраваны на тое, каб выбіць у БХД яе асноўную сацыяльную базу – вернікаў-хрысціян. Аднак, атрымаўшы абарону ад Праваслаўнай Царквы, БХД хутчэй выйграла.

Варта адзначыць, што калі БХД і далей будзе інтэрпрэтаваць падобную абарону ад Рыма-Каталіцкай Царквы і Беларускай Праваслаўнай Царквы як падтрымку партыі, то, верагодна, нават такія выступы іерархаў у абарону БХД могуць спыніцца.

Прагноз

На 2010 г. у чарговы раз плануецца візіт Папы Рымскага ў Беларусь, а таксама заключэнне канкардату з Рыма-Каталіцкай Царквой. Праца ў гэтым накірунку будзе весціся, аднак, хутчэй за ўсё, ніякіх вынікаў не будзе ні ў першай, ні ў другой справе. Тым не менш, цягам году да іх будзе прыцягнутая найбольшая ўвага грамадскасці, чым будзе карыстацца рэжым.

Што тычыцца Праваслаўнай Царквы, то стасункі паміж ёй і беларускім рэжымам будуць заставацца напружанымі. Калі Лукашэнка не зменіць сваёй стратэгіі ў дачыненні да Царквы і не пойде на саступкі ў розных пытаннях, у т. л. памяншэння ўвагі каталікам і ўвядзення курсу «Асновы праваслаўнай культуры» ў школах, праграма якога ўжо распрацаваная і лабіруецца Беларускім Экзархатам разам з Міністэрствам адукацыі51, то гэтыя стасункі могуць пагоршыцца. Больш за тое, магчымыя некаторыя кадравыя змены ў Беларускім Экзархаце, памяншэнне яго аўтаномнасці ад цэнтра ў Маскве.

Цягам 2010 г. будзе працягвацца дзейнасць БХД, у т. л. праца з рознымі рэлігійнымі канфесіямі. Верагодна, што гэта прывядзе да ўзмацнення ціску, асабліва на тыя супольнасці, якiя будуць звязаныя з дзейнасцю гэтай партыі.

У межах нарматыўнай базы і прававыкарыстальнай практыкі давядзецца чакаць новага ўціску, звязанага з дзейнасцю мясцовых органаў па ідэалогіі, сетка якіх будзе ўзмацняцца ў сувязі з выбарамі ў мясцовыя Саветы.

 

1. http://churchby.info/bel/409/

2. http://www.levonevski.net/pravo/razdel2/num3/2d350.html.

3. Там жа.

4. http://churchby.info/rus/news/2010/01/15-2/

5. http://www.belta.by/ru/print?id=324661.

6. http://churchby.info/rus/news/2010/01/15-2/

7. http://www.belta.by/ru/print?id=324661.

8. http://churchby.info/rus/news/2010/01/15-2/

9. http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=1327.

10. http://www.prochurch.info/index.php/news/more/15904.

11. http://churchby.info/rus/news/2009/10/20-1/

12. http://churchby.info/bel/431/

13. http://newlife.by.

14. http://www.euramost.org/index.php?artc=13025.

15. http://spring96.org/be/news/32013/

16. http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=1311.

17. http://www.state.gov/g/drl/rls/hrrpt/2009/eur/136021.htm/

18. http://www.state.gov/g/drl/rls/irf/2009/127300.htm.

19. http://www.europarl.europa.eu/sides/getDoc.do?pubRef=-//EP//TEXT+TA+P6-T... EN.

20. http://www.europarl.europa.eu/sides/getDoc.do?type=TA&reference=P7-TA-20....

21. http://forreligiousfreedom.info/documents/proekt-zakona.htm.

22. http://www.belta.by/ru/belta_news?id=393309.

23. http://churchby.info/bel/288/

24. http://house.gov.by/images/page16/4proekt_kodeksa3sessija2.doc.

25. http://www.svaboda.org/content/transcript/1376030.html.

26. http://news.tut.by/136668.html.

27. http://churchby.info/rus/news/2009/11/15-2/

28. http://churchby.info/rus/news/2009/06/27-2/

29. http://churchby.info/rus/news/2009/09/26-1/

30. http://churchby.info/rus/news/2009/11/29-1/

31. http://churchby.info/rus/news/2009/03/30-1/

32. http://www.president.gov.by/press69021.print.html.

33. http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/Page2469.html.

34. http://churchby.info/rus/news/2009/10/03-1/

35. http://churchby.info/rus/news/2009/09/29-1/

36. http://churchby.info/rus/news/2009/04/14-1/

37. http://churchby.info/bel/news/2009/04/27-1/

38. http://churchby.info/rus/news/2009/04/29-1/

39. http://churchby.info/rus/news/2009/05/08-1/

40. http://churchby.info/bel/238/

41. http://churchby.info/bel/431/

42. http://churchby.info/rus/news/2009/06/17-1/

43. http://carkva-gazeta.org/data/63/index.php?id=8-2.php.

44. http://churchby.info/rus/news/2009/09/30-1/

45. http://belpat.narod.ru.

46. Там жа.

47. http://sieviarynets.net/index.php?newsid=135.

48. http://old.bchd.info/modules.php?name=News&file=view&news_id =3507.

49. Інфармацыя, агучаная на з’ездзе партыі.

50. http://churchby.info/rus/news/2009/10/03-1/

51. http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=34744

Васілевіч Н.С. Развіццё рэлігійнай сферы ў Беларусі: паміж папам і патрыярхам. - Белорусский ежегодник 2009. Сборник обзорных и аналитических материалов по развитию ситуации в Республике Беларусь в 2009 г. под ред. Паньковского А., Костюговой В. - BISS. - Минск, 2010. - С. 192-208.

Васілевіч Наталля

Рубрыка: 

 

 

Яшчэ па тэме Аналіз рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі:Яшчэ па тэме Папа Рымскі на шляху да Беларусі: