Рэлігія і адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: палітыка-прававыя аспекты.

У апошні час у рэлігійным жыцці Рэспублікі Беларусь адбыліся значныя падзеі. Грамадскасць уважліва сачыла за ўз’яднаннем дзвюх праваслаўных цэркваў, святкаваннем 1020-годдзя Хрышчэння Русі, выбраннем новага Кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы, восьмым (25.09.09—28.09.09 гг.) апостальскім спадарожжам Патрыярха Маскоўскага і ўсея Русі Кірыла па беларускай зямлі. Узрастанне цікавасці да рэлігіі ў многім тлумачыцца духоўным адраджэннем краіны, змяненнем рэлігійнай свядомасці насельніцтва. Царква перастала ўспрымацца як рудыментарная з’ява і пераўтварылася ў важнейшы сацыяльны інстытут. Рэлігія ў цэлым і асобныя царкоўныя інстытуты сталі важным фактарам грамадска-палі-тычнага жыцця краіны. У пацвярджэнне гэтай думкі дастаткова назваць сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі з Кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы, якія адбыліся ў Маскве (10.04.09 г.), у Мінску (25.09.09 г.), і сустрэчу з Папам Рымскім Бенядзіктам XVI у Ватыкане (27.04.09 г.).

Прыкметна палепшыліся адносіны дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі, у першую чаргу з Беларускай Праваслаўнай Царквой (БПЦ) і Рымска-каталіцкай Царквой (РКЦ).

У Рэспубліцы Беларусь адносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый будуюцца на аснове прынцыпаў свабоды сумлення, неўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць рэлігійных арганізацый і ў той жа час на аснове прызнання дзяржавай значнага ўкладу БПЦ і РКЦ у станаўленне беларускай дзяржаўнасці, развіццё нацыянальнай культуры і ў зацвярджэнне духоўна-маральных каштоўнасцей

у грамадстве. Гэтыя ідэі складаюць аснову свецкай дзяржавы і маюць асаблівае значэнне для Рэспублікі Беларусь, краіны шматнацыянальнай і поліканфесійнай.

У свецкай дзяржаве (светапоглядна нейтральнай, роўнааддаленай, безацэначнай, гэта значыць, дзяржаве, якая не аддае перавагі ніякаму светапогляду) свабода сумлення і іншыя фундаментальныя правы і свабоды чалавека не пазбаўлены маральнага вымярэння. Яны цесна звязаны з гонарам і годнасцю асобы, якія з’яўляюцца крытэрыем духоўных, маральных і сацыяльных якасцей чалавека.

У цяперашні час з’явіліся новыя элементы свабоды сумлення, у прыватнасці, такія: права на альтэрнатыўную грамадскую службу, права на рэлігійную бяспеку. Акрамя таго, адбываецца пераасэнсаванне канстытуцыйнага права на рэлігійную адукацыю, з’яўляюцца дадатковыя магчымасці для яго рэалізацыі. Такім чынам, можна размаўляць пра пашырэнне зместу паняцця «свабода сумлення» ва ўмовах фарміравання свецкай дзяржавы.

Свецкая дзяржава — гэта такі спосаб арганізацыі публічнай (палітычнай) улады, пры якім дзяржава і рэлігійныя арганізацыі адасоблены і ў той жа час узаемадзейнічаюць адна з адной, адсутнічае дзяржаўная або афіцыйная рэлігія, што забяспечвае роўнасць рэлігійных арганізацый перад законам, свабоду сумлення і раўнапраўе грамадзян незалежна ад адносін да рэлігіі ў мэтах дасягнення балансу інтарэсаў асобы, дзяржавы і рэлігійных утварэнняў у розных сферах жыцця грамадства.

У той жа час свецкая дзяржава ў сучаснай Беларусі толькі робіць першыя крокі. Рэспубліка Беларусь не мае такога вопыту, як, напрыклад, Францыя, Англія, ЗША, Германія і іншыя краіны, якія ўзялі курс на свецкасць з пачатку XVIII стагоддзя. Фарміраванне свецкай дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь адбываецца ва ўмовах пастаяннага пашырэння канфесійнай прасторы, пошуку навуковага абгрунтавання асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы, неабходнасці выбудоўвання граматнай дзяржаўна-канфесійнай і міжканфесійнай палітыкі, у працэсе чаго на практыцы ўзнікае шэраг складанасцей.

Важнейшай састаўляючай свецкасці сучаснай беларускай дзяржавы з’яўляецца свецкасць яе органаў, і перш за ўсё органаў дзяржаўнай улады. Яна пра-дугледжвае асаблівасці арганізацыі і дзейнасці дзяржаўных органаў, замацаванне палітыка-прававых асноў іх узаемадзеяння з рэлігійнымі арганізацыямі і прыхільнікамі розных светапоглядаў.

Істотнымі рысамі свецкасці дзяржаўных органаў як палітыка-прававой катэгорыі з’яўляюцца: 1) свецкасць фарміравання органаў дзяржаўнай улады; 2) свецкасць іх функцыянавання; 3) свецкасць палітыка-прававога статусу асоб, надзеленых уладнымі паўнамоцтвамі; 4) свецкасць этыкі службовых асоб; 5) свецкасць дзяржаўнай сімволікі.

Жыццёвай праблемай з’яўляецца гарантаванне рэлігійнай бяспекі грамадзян Рэспублікі Беларусь у кантэксце свецкасці. З’явіўся вялікі выбар светапоглядных сістэм, рэлігійных рухаў. Дзейнасць некаторых з іх наносіць урон дзяржаве і грамадству, мае негатыўныя вынікі для насельніцтва. Пераканаўчым доказам таму з’яўляецца факт добраахвотнага зняволення групы людзей, сярод якіх былі і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, у падзямеллі яра, размешчанага каля сяла Нікольскае Бекаўскага раёна Пензенскай вобласці. Чаканне канца свету працягвалася 175 дзён і прывяло да смерці 2 пустэльнікаў.

Больш значнай становіцца прысутнасць рэлігійнага кампанента ў дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, праваахоўных і армейскіх падраздзяленняў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, што стварае пагрозу клерыкалізацыі дзяржаўных і са-цыяльных інстытутаў.

Рэлігія ў апошнія два дзесяцігоддзі стала адным з найбольш істотных фактараў сучаснага беларускага сацыяльнага быцця, у сувязі з чым асаблівую значнасць набывае форма яе ўплыву на станаўленне і развіццё розных сфер грамадскага жыцця, сярод якіх усё большую ўвагу прыцягвае да сябе дзяржаўная адукацыя. У гэтай сферы найбольшы грамадскі рэзананс выклікалі праблемы, звязаныя са спробамі ўкаранення шэрагу новых дысцыплін, якія змяшчаюць веды аб рэлігіі, у дзяржаўныя школы.

З аднаго боку, рэлігія непарыўна звязана з грамадствам і культурай, адукацыяй і выхаваннем. У масавай свядомасці, СМІ, некаторых рэлігійных і навуковых публікацыях гэтым адносінам часта надаецца вырашальнае значэнне, што з’яўляецца падставай для ўкаранення ў школы традыцыйных у мінулым і новых форм рэлігійнай адукацыі.

Безумоўна, веды аб рэлігіі з’яўляюцца неад’емным кампанентам адукаванасці сучаснага чалавека, агульнай і прафесійнай культуры спецыяліста. Але выкладанне гэтых ведаў можа ажыццяўляцца ў розных формах — свецкай, рэлігійнай, антырэлігійнай (атэістычнай). Найбольш актуальным з’яўляецца гэта пытанне для ўстаноў дзяржаўнай сістэмы адукацыі, у якіх могуць мець месца тэндэнцыі падмены свецкай адукацыі рэлігійнай, а рэлігіязнаўчых ведаў — тэалагічнымі.

Пранікненне рэлігіі ў сістэму адукацыі, якая да нядаўняга часу была максімальна секулярызаванай, выклікала і абвастрыла праблему «адукацыя і рэлігія», якая ўжо не першы год выклікае ў беларускім грамадстве вельмі гарачыя і не заўсёды канструктыўныя спрэчкі. Вырашэнне дадзенай праблемы знаходзіцца не столькі ў выхаваўчай сферы, колькі ў сацыяльным, палітычным, прававым і іншых аспектах.

Развіццё свецкай і рэлігійнай адукацыі істотна апярэджвала прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў да азначанай галіны сацыяльнай рэальнасці, што аказвала ўплыў на сістэму адукацыі, тым самым прыводзячы да калізій на існуючым палітыка-прававым полі. Марудны канфлікт інтэрпрэтацый, які адбываецца ў дадзенай сферы, абумоўлены гістарычна.

Доўгі працэс секулярызацыі навукі сфарміраваў велізарную перавагу «безрэлігійнай» свецкай культуры над рэлігійнымі традыцыямі, у выніку чаго нават сама цікавасць да рэлігіі і патрэба ў ёй склаліся пад уплывам сацыякультурных працэсаў. У цяперашні час назіраецца адваротная з’ява, і адукацыя як структураўтваральны элемент дзяржаўна-канфесійных адносін выступае асноўным каналам, які вызначае працэс і вынікі асваення рэлігійнай сістэмы каштоўнасцей свецкай свядомасцю цяпер і ў перспектыве.

Спосабы асваення рэлігійных каштоўнасцей, якія сфарміраваліся ў адукацыйнай практыцы, зводзяцца альбо да ліберальна-секулярнай мадэлі, арыентаванай на захаванне «чысціні» свецкай культуры пры пастуліраванні светапоглядна нейтральнага акадэмічнага рэлігіязнаўства, альбо да мадэлі, якая культывуе рэлігійныя сэнсы і каштоўнасці. Такая палярызацыя на практыцы прыводзіць да таго, што пераважвае альбо адзін, альбо другі пункт погляду. Сёння неабходна іншая пастаноўка пытання, якая прадугледжвае ўстараненне канфрантацыі.

Практыка вывучэння рэлігіі ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь выглядае па-рознаму. Перш за ўсё такія катэгорыі, як «гуманнасць», «духоўнасць» і г. д. сталі падмяняцца рэлігійнымі маральнымі каштоўнасцямі, ствараючы ўяўленне, што гуманнасць і духоўнасць могуць мець толькі рэлігійны змест.

Зварот да духоўнасці паставіў вучоных і выкладчыкаў-практыкаў перад неабходнасцю вырашыць шэраг важных праблем. Адна з іх — на якіх традыцыях яе выхоўваць? Духоўнасць — складанае паняцце, якое выкарыстоўваецца, перш за ўсё, у рэлігіі, рэлігійнай і ідэалістычна арыентаванай філасофіі, дзе яна звязваецца з дзеяннем самастойнай духоўнай субстанцыі, якой належыць функцыя тварэння і вызначэння лёсаў свету і чалавека. У іншых філасофскіх традыцыях яно не так вызначана і не знайшло свайго месца як у сферы паняццяў, якія характарызуюць сферу ідэальнай свядомасці, розуму, нацыянальнасці, так і ў сферы сацыякультурнага быцця чалавека. Разам з тым у апошнія гады гэта паняцце стала шырока выкарыстоўвацца ў канцэпцыях «духоўнага адраджэння Беларусі», у даследаваннях працэсаў «духоўнай вытворчасці», «духоўнай культуры і яе відаў» і г. д. Але яго азначэнне па-ранейшаму застаецца дыскусійным.

Паняцце «духоўнасць», на наш погляд, можна выкарыстоўваць пры характарыстыцы ўнутранага, суб’ектыўнага свету чалавека як «духоўнага свету асобы». Але пры гэтым узнікаюць пытанні, што ў гэты свет уваходзіць, па якіх крытэрыях вызначаць яго наяўнасць, а тым больш развіццё? Ці вычэрпваюць розум, рацыянальнасць, культура мыслення, узровень і якасць ведаў змест паняцця духоўнасці, а адукацыя — шлях яго духоўнасці? Аднабаковы рацыяналізм аказваецца відавочна недастатковым для вызначэння духоўнай культуры асобы. Але калі духоўнасць немагчыма звесці да рацыянальнага асваення свету чалавекам, то тым больш немагчыма вызначыць гэту сферу як культуру перажыванняў

і пачуццёва-валявога асваення свету чалавекам, хаця і па-за гэтым духоўнасць як якасць чалавека і як характарыстыка яго культуры таксама не існуе.

Духоўнасць можа быць свецкай і рэлігійнай. Гэта дзве розныя, хаця і ўзаема-звязаныя лініі духоўнага развіцця чалавека. Было б няправільным атаясамляць духоўнасць толькі з рэлігійнасцю. У такім выпадку можна звузіць і збядніць само паняцце духоўнасці, заўсёды звязанае з гуманістычнымі ідэямі, цэнтрам якіх былі адносіны чалавека не толькі да сябе, але і да іншых людзей, грамадства і г. д.

Арыентацыя сістэмы адукацыі на агульначалавечыя каштоўнасці выклікае праблемы, звязаныя з іерархіяй (асобасныя, сацыяльныя, дзяржаўныя).

Перш за ўсё трэба адзначыць дваістасць разумення самой «свецкасці», якая ўнутры рэлігійнай суполкі (царквы, канфесіі, «грамадскай большасці») можа трактавацца як «аблюдскасць» арыентацыі на асвету аднаверцаў, у той час як у поліканфесійным, плюралістычным грамадстве свецкае разумеецца як агульнаграмадзянскае, дзе ўжо «рэлігійная» адукацыя можа трактавацца як радавызначанае з «гуманітарным», «прыродазнаўчым», «філасофскім» відамі адукацыі.

Зыходным прыярытэтам, на нашу думку, павінна стаць фарміраванне свабоднай і адказнай асобы, здольнай канструктыўна працаваць у праблемных сітуацыях, якая спалучае прафесійную кампетэнтнасць з грамадзянскай адказнасцю, валодае належным светапоглядным кругаглядам і маральнай свядомасцю. Таму грамадзянскае выхаванне павінна пакідаць навучэнцу магчымасць рабіць уласны выбар, захоўваць незалежнасць і разам з тым павінна выхоўваць павагу да каштоўнасцей, без якіх немагчыма існаванне дэмакратычнай дзяржавы.

Існуючыя праблемы і супярэчнасці выкліканы, з аднаго боку, недасканаласцю заканадаўства. У заканадаўстве, і асабліва ў правапрымяняльнай практыцы, маюць месца істотныя недахопы і супярэчнасці. Іх пераадоленне магчыма праз змяненне адносін дзяржавы, органаў кіравання адукацыяй, а таксама школьнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў да ведаў аб рэлігіі, да навучання, якое не зводзіцца да засваення і прыняцця ісцін таго ці іншага веравучэння або светапогляду, а носіць характар агульнакультурнага пазнавальнага працэсу.

З другога боку, існаванне праблем і супярэчнасцей выклікана актывізацыяй адукацыйнай дзейнасці рэлігійных арганізацый. У выніку ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь аказаліся ўцягнутымі ў працэс пераацэнкі каштоўнасцей у дачыненні да рэлігіі.

Асноўнай калізіяй беларускай прававой палітыкі ў сферы адукацыі з’яўляецца адсутнасць нарматыўных механізмаў рэалізацыі свабоды веравызнання ў адукацыйным праве, з аднаго боку, і замацаванне гэтага права ў палітыка-прававым полі — з другога.

Істотным недахопам прававой палітыкі ў сферы адукацыі трэба прызнаць канцэптуальную нераспрацаванасць яе тэрміналагічнага раду, які выкарыстоўваецца ў актах рознага ўзроўню і робіць нявызначаным палітыка-прававы парадак у дадзенай сферы адносін. Прынцып свецкасці адукацыі з’яўляецца адной з гарантый рэалізацыі чалавекам свабоды веравызнання, таму што толькі ва ўмовах свецкай адукацыі чалавеку прадастаўляецца свабода выбару светапогляду і ліквідуецца пагроза дыскрымінацыі на рэлігійных падставах.

У выпадку парушэння патрабаванняў свецкасці ўзнікаюць перашкоды для рэалізацыі свабоды сумлення. Свабода сумлення i веравызнання гарантуецца кожнаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. «Кожны мае права самастойна вы-значаць свае адносіны да рэлігіі, аднаасобна або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам» (арт. 31).

Нацыянальныя прававыя нормы ў сферы свабоды сумлення грунтуюцца на агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права, якія ўтрымліваюцца, у першую чаргу, у дакументах, прынятых ААН.

Міжнароднае права разглядае рэлігійную адукацыю як асноўны элемент права на свабоду сумлення. Структурнымі элементамі катэгорыі свабоды сумлення з’яўляюцца: права вызнаваць любую рэлігію; права выконваць рэлігійныя абрады; права мяняць рэлігію; права не прытрымлівацца ніякай рэлігіі; права прапаганды рэлігіі; права весці атэістычную прапаганду; права на дабрачынную дзейнасць; права на рэлігійную адукацыю; культурна-асветніцкая рэлігійная дзейнасць; роўнасць усіх грамадзян перад законам незалежна ад іх адносін да рэлігіі.

Састаўной часткай права на свабоду сумлення з’яўляецца права на атрыманне рэлігійнай адукацыі. Міжнародныя акты ўстанаўліваюць як права грамадзян на рэлігійную адукацыю, так і права бацькоў на выбар адукацыі і выхавання дзяцей у адпаведнасці са сваімі перакананнямі.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека 1948 г. устанаўлівае, што «бацькі маюць права прыярытэту ў выбары адукацыі для сваіх малалетніх дзяцей». (Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (прынята і абвешчана рэзалюцыяй 217А (ІІІ) Генеральнай Асамблеі 10.12.1948 г.). Ч.3 арт.26).

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 г. абвяшчае, што «дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у гэтым Пакце, абавязваюцца паважаць свабоду бацькоў і ў адпаведных выпадках законных апекуноў забяспечваць рэлігійнае і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі ўласнымі перакананнямі» (Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16.12.1966 г. Ч.3 арт. 18).

Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах 1966 года замацоўвае, што «дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у гэтым Пакце, абавязваюцца паважаць свабоду бацькоў і ў адпаведных выпадках законных апекуноў выбіраць для сваіх дзяцей не толькі заснаваныя дзяржаўнымі ўладамі школы, але і іншыя школы, якія адпавядаюць таму мінімуму патрабаванняў для адукацыі, які можа быць устаноўлены або зацверджаны дзяржавай, і забяспечваць рэлігійнае і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі ўласнымі перакананнямі» (Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах ад 16.12.1966 г. Ч. 3 арт. 13).

У Дэкларацыі ААН аб ліквідацыі ўсіх форм нецярпімасці і дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў 1981 года развіваюцца палажэнні, замацаваныя ў дакументах ААН агульнага значэння, якія прыведзены вышэй, а таксама выкарыстоўваецца паняцце «інтарэсаў дзіцяці», якія з’яўляюцца кіруючым прынцыпам. «Калі дзіця не знаходзіцца на ўтрыманні сваіх бацькоў або законных апекуноў, то бяруцца належным чынам пад увагу воля або любыя праяўленні волі, якія выказваюцца ім у пытаннях рэлігіі або перакананняў, прычым кіруючым прынцыпам з’яўляюцца інтарэсы дзіцяці» (Дэкларацыя аб ліквідацыі ўсіх форм нецярпімасці і дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў (прынята і абвешчана рэзалюцыяй 36/55А Генеральнай Асамблеі 13.11.1981 года).

Дэкларацыя змяшчае паняцце дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў з боку любой дзяржавы, установы, групы асоб або некаторых асоб. Пад дыскрымінацыяй падразумяваецца любое адрозненне, абмежаванне або перавага, заснаваныя на рэлігіі або перакананнях, якія маюць сваёй мэтай або вынікам знішчэнне або прыніжэнне прызнання, карыстання або ажыццяўлення на аснове роўнасці правоў чалавека і асноўных свабод.

Артыкул 4 Дэкларацыі абавязвае дзяржавы прымаць эфектыўныя меры для папярэджання і ліквідацыі дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў у прызнанні, ажыццяўленні і рэалізацыі правоў чалавека і асноўных свабод ва ўсіх галінах эканамічнага, палітычнага, сацыяльнага і культурнага жыцця. Усе дзяржавы прыкладаюць намаганні па прыняцці або адмене заканадаўства, калі гэта неабходна, для забароны любой падобнай дыскрымінацыі, а таксама для прыняцця ўсіх адпаведных мер па барацьбе супраць нецярпімасці на аснове рэлігіі або іншых перакананняў у гэтай галіне (Дэкларацыя аб ліквідацыі ўсіх форм нецярпімасці і дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў (прынята і аб-вешчана рэзалюцыяй 36/55А Генеральнай Асамблеі 13.11.1981 г.). Арт. 2,3,4).

Выніковы дакумент Венскай сустрэчы 1989 г. прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў ліку гарантый забеспячэння свабоды асобы ўказвае на павагу дзяржавамі-ўдзельніцамі права кожнага даваць і атрымліваць рэлігійную адукацыю па сваім выбары, індывідуальна або сумесна з іншымі.

На аналагічных прававых нормах грунтуецца Канвенцыя аб барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі, прынятая Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у 1960 годзе.

На наш погляд, асноўнымі прынцыпамі рэгулявання правоў і свабод у сферы рэлігійнай адукацыі міжнароднага заканадаўства з’яўляюцца неагульнаабавязковасць і добраахвотнасць рэлігійнай адукацыі. Так, у арт. 5 Канвенцыі па барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі адзначана, што «нікому паасобку і ніводнай групе асоб, узятай у цэлым, не трэба навязваць рэлігійнае навучанне і выхаванне, несумяшчальнае з іх перакананнямі».

Інстытут правоў і свабод чалавека змяшчае нормы, якія ўстанаўліваюць, што ў сферы адукацыі дзяржава павінна ствараць усю сукупнасць інстытуцыянальных умоў для рэалізацыі грамадзянамі права на адукацыю. Пры гэтым умяшальніцтва дзяржавы ў адукацыйны працэс павінна вызначацца інтарэсамі асобы, грамадства і дзяржавы, што, відавочна, таксама прадыктавана рэалізацыяй правоў і свабод чалавека, таму што права на адукацыю належыць да сукупнасці асноўных правоў.

У адпаведнасці з прынятымі міжнароднымі падыходамі права на адукацыю разумеецца як свабода адукацыі і з’яўляецца натуральным, неадчужальным правам, належыць кожнаму ад нараджэння. Не існуе ніякіх падстаў, дзякуючы якім гэта права можа быць перададзена іншай асобе, групе асоб, грамадству, дзяржаве.

Міжнароднае заканадаўства, якое рэгулюе рэлігійныя адукацыйныя адносіны, фарміруе міжнародна-прававы парадак рэалізацыі права на рэлігійную адукацыю. Нормы, што ўстанаўліваюць міжнародныя нарматыўна-прававыя дакументы, уяўляюць сабой палітыка-прававую аснову рэлігійнай адукацыі, а дзяржавы, якія падпісалі дадзеныя дакументы, інтэгруюць іх як частку сваёй прававой сістэмы.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь у артыкулах 8, 21 і 61 устанавіла: наша краіна прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, што адкрывае магчымасць прамога дзеяння гэтых нормаў міжнароднага права, іх прымянення органамі ўлады, уключаючы суды. Судам пры ажыццяўленні правасуддзя трэба зыходзіць з таго, што агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права, замацаваныя ў міжнародных пактах, канвенцыях і іншых дакументах (у прыватнасці, ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах), і міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 8 і ч. 3 арт.

21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь састаўной часткай яе прававой сістэмы.

Згодна з арт. 137 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь валодае прамым дзеяннем на тэрыторыі краіны. Яна ўтрымлівае як нормы, непасрэдна звязаныя са свабодай сумлення і становішчам рэлігійных арганізацый, так і нормы больш агульнага характару, якія ў наяўным выглядзе ўключаюць як прыватны выпадак права на свабоду сумлення (свабода думкі і слова, права на аб’яднанне, права на адукацыю), а таксама нормы, якія вызначаюць парадак і падставы абмежавання асноўных правоў і свабод чалавека.

Рэлігійная адукацыя ёсць інстытут адукацыйнага права, які рэгулюе канстытуцыйныя патрабаванні аб свабоде сумлення і свабодзе адукацыі, уключае ў сябе нарматыўна-прававую сукупнасць, якая рэгулюе права на набыццё ведаў аб рэлігіі, выкладанне рэлігіі. Рэлігійная адукацыя падзяляецца на канфесійную і рэлігіязнаўчую.

Канфесійную і рэлігіязнаўчую адукацыю можна вызначыць як дзейнасць па трансляцыі спецыфічных відаў каштоўнасцей, ведаў, ладу жыцця і светаадчування, якая ажыццяўляецца прафесійна падрыхтаванымі людзьмі ў дачыненні да навучэнцаў. Паміж імі ёсць падабенства, але метадалагічна дакладным падыходам у вывучэнні рэлігіі застаецца ўсё ж такі прызнанне таго факта, што рэлігія абапіраецца на веру ў звышнатуральнае, а рэлігіязнаўства як галіна гуманітарнай навукі гэта звышнатуральнае вывучае даступнымі ёй метадамі і сродкамі. Адсюль і асноўнае адрозненне: для канфесійнай адукацыі веды выконваюць дапаможную ролю, а рэлігіязнаўства робіць рэлігію прадметам навуковага даследавання разам з іншымі сферамі грамадскага жыцця.

Пад канфесійнай адукацыяй трэба разумець дзейнасць па трансляцыі рэлігійных дактрын, вопыту, пачуццяў, спосабаў культавай практыкі, якая ажыццяў-ляецца канфесійна падрыхтаванымі асобамі (свяшчэннікамі, рэлігійнымі педагогамі і г. д.), а таксама сістэму падрыхтоўкі педагагічных кадраў для саміх устаноў канфесійнай адукацыі. Усё гэта не можа ўваходзіць у задачу свецкіх устаноў адукацыі, нягледзячы на пэўнае падабенства ў змесце ведаў аб рэлігіі. Акрамя таго, ёсць наяўнасць неадпаведнасці паміж знешнімі нормамі, якія рэгулююць канфесійную адукацыю, і ўнутраным зместам, які вызначае сувязь паміж канфесійнай адукацыяй і рэлігіязнаўчай, рэлігійнай і свецкай адукацыяй, а знешнія формы нарматыўнай рэгуляцыі не зусім адпавядаюць сучасным рэаліям і будуць у далейшым мяняцца ў працэсе развіцця дзяржаўна-канфесійных адносін.

Тэрмін «рэлігійная адукацыя» ўвайшоў у міжнародны лексікон як найбольш шырокае паняцце, якое ахоплівае розныя віды адукацыйнай дзейнасці, звязаныя з вывучэннем рэлігіі, выхаваннем рэлігійных пачуццяў і развіццём рэлігійнай свядомасці.

Тэрмін «рэлігійная адукацыя» ў шырокім сэнсе разумеецца як «форма далучэння да ведаў аб рэлігіі», што дазваляе адрозніваць яго ад «біялагічнай» або «філасофскай» адукацыі па змесце. Гэты змест мае ў сучаснай культуры дзве спецыялізаваныя і супрацьпастаўляемыя формы адукацыі: «канфесійная», якая далучае да жыцця ў пэўнай «сапраўды праўдзівай традыцыі», і «рэлігіязнаўчая», якая далучае да ведаў аб любой рэлігіі, ні адна з якіх не лічыцца «адзіна сапраўднай». У гэтай сувязі тэрмін «рэлігійная адукацыя», які часта атаясамліваецца толькі з «канфесійнай», што бярэцца ў супрацьпастаўленні з «рэлігія-знаўчай» свецкай, патрабуе спецыяльнага вызначэння. У колькасць паняццяў, якія патрабуюць заканадаўчых дэфініцый, уваходзяць катэгорыі свецкай і рэлігійнай адукацыі.Свецкая адукацыя ёсць палітыка-прававая катэгорыя, якая адлюстроўвае аксіялагічную нейтральнасць сістэмы адукацыі да рэлігійнага светапогляду, выключае навучанне, навязванне якой-небудзь рэлігіі або нерэлігійных ідэалогій, правядзенне богаслужэнняў, рэлігійных абрадаў або цырымоній, не накіраваных на падрыхтоўку служыцеляў культу.

Палітыка-прававыя асновы свецкасці адукацыі зводзяцца да пяці нарматыўных патрабаванняў. У тым ліку:

— недапушчальнасць устанаўлення якога-небудзь светапогляду, у тым ліку рэлігійнага, у якасці абавязковага ў дзяржаўных установах адукацыі;

— недапушчальнасць умяшальніцтва рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў у кіраванне дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, якое прадугледжвае перадачу рэлігійным і грамадскім аб’яднанням паўнамоцтваў і функцый адміністрацый дзяржаўных устаноў адукацыі;

— забеспячэнне правоў навучэнцаў і выкладчыкаў на свабоду веравызнання і слова, так як і недапушчальнасці прымусу пры навучанні рэлігіі;

— недапушчальнасць правядзення ў дзяржаўных установах адукацыі рэлігійных абрадаў;

— недапушчальнасць накіраванасці адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі на прафесійную рэлігійную падрыхтоўку служыцеляў рэлігійнага культу.

Канфесійная адукацыя нярэдка з’яўляецца аднабаковай з адзінай дапушчальнай сёння формай выхаваўчага, духоўна-ўтваральнага ўздзеяння грамадства на асобу падрастаючага пакалення, супрацьпастаўленага адукацыі як перадачы ведаў, навуковай інфармацыі аб прадмеце. Патрабуецца пераасэнсаванне формаў і мэтаў сучаснай (канфесійнай і рэлігіязнаўчай) адукацыі грамадскай думкай, напрацаваных практык яе ўкаранення ў нацыянальную сістэму адукацыі, спроб знайсці тэарэтычна глыбокую аснову для фарміравання новых дзяржаўна-канфесійных адносін у сферы адукацыі, пераасэнсавання мэтаў, метадаў і перспектыў рэлігійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Пытанне аб фінансаванні канфесійнай адукацыі выклікае найбольш вострыя і супярэчлівыя спрэчкі, аднак адназначны адказ на яго знаходзіцца ў канстытуцыйна-прававым полі. Зыходзячы з прынцыпаў свабоды веравызнання, свецкасці дзяржавы, роўнасці рэлігійных арганізацый і іншых узаемазвязаных прынцыпаў, якія складаюць аснову ладу, дзяржава не павінна фінансаваць дзейнасць рэлігійных арганізацый, у тым ліку канфесійную адукацыю ў дзяржаўных установах адукацыі. Указаныя вышэй негатыўныя тэндэнцыі клерыкалізацыі дзяржаўнай адукацыі вядуць да таго, што іншадумцы-падаткаплацельшчыкі вымушаны аплачваць канфесійную адукацыю.

Ва ўмовах станаўлення канфесійнай адукацыі павялічваецца значнасць далейшага развіцця рэлігіязнаўчай адукацыі як фактару фарміравання светапогляднай, рэлігійнай, нацыянальнай цярпімасці.

Пад рэлігіязнаўчай адукацыяй у свецкай школе трэба разумець выкладанне ведаў аб рэлігіі ў яе навукова-культуралагічным плане. Такая адукацыя ўвасабляе ў сабе шырокі комплекс дысцыплін, якія разглядаюць рэлігію ў гістарычным, філасофскім, паліталагічным, сацыялагічным і культуралагічным аспектах.

У адрозненне ад канфесійнай адукацыі, накіраванай на ўкараненне рэлігійнай веры ў свядомасць навучэнцаў, канфесійнае самавызначэнне і навучанне дагматам і абрадам пэўнай канфесіі, рэлігіязнаўчая адукацыя спрыяе атрыманню навучэнцамі навуковых ведаў аб рэлігіі як сацыяльнай і культурнай з’яве, яе месцы ў ду-хоўным жыцці грамадства, у гісторыі беларускага народа. Мэтай рэлігіязнаўчай адукацыі з’яўляецца фарміраванне ўсебакова развітой асобы, якая валодае высокім культурным патэнцыялам і шырокім кругаглядам. У рамках рэлігіязнаўчай адукацыі адбываецца далучэнне да рэлігійнай культуры (культуры рэлігій і рэлігійных арганізацый) як часткі нацыянальнай і сусветнай культурнай спадчыны.

Спецыфіка канфесійнай і рэлігіязнаўчай адукацыі праяўляецца ў:

— змесце ведаў, якія трансліруюцца;

— выніку адукацыйнай дзейнасці, якая выяўляецца ва ўзнаўленні асаблівага тыпу асобы, здольнай ажыццявіць асэнсаваны выбар светапогляднай устаноўкі;

— якасных характарыстыках канфесійнай і рэлігіязнаўчай адукацыі (кансерватыўнасці, стабільнасці, нізкім узроўні дынамікі і інавацыйнасці, наяўнасці ірацыянальнага кампанента);

— характарыстыцы суадносін элементаў навучання і выхавання ў навучальным працэсе.

Акрамя таго, канфесійная і рэлігіязнаўчая адукацыя адрозніваюцца па шэрагу параметраў: мэтах, суб’ектах адказнасці, суб’ектах выканання. Разам з тым дакладнае захаванне прынцыпу свецкага характару зместу адукацыі ў свецкіх установах адукацыі і канфесійнай адукацыі ў канфесійных навучальных установах не азначае немагчымасць супрацоўніцтва паміж рознымі сістэмамі адукацыі, міжканфесійнага дыялогу і ўзаемнага абагачэння педагагічным вопытам. Падобнае супрацоўніц-тва (у распрацоўцы курсаў праграм, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па гісторыі рэлігій, рэлігіязнаўстве і г. д.) не ўступае ў супярэчнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дзеючым заканадаўствам пры ўмове свайго роду «светапо-гляднага нейтралітэту» і аб’ектыўнага падыходу да выкладання рэлігіязнаўства. Гэта супрацоўніцтва можа спрыяць паглыбленню ведаў аб розных канфесіях у выкладчыкаў і навучэнцаў свецкай школы і адначасова — большай цярпімасці ў асяроддзі выкладчыкаў духоўнага чыну ў канфесійных навучальных установах.

Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права на атрыманне адпаведнай канфесійнай і рэлігіязнаўчай адукацыі на добраахвотнай аснове. Дадзенае права замацавана як шэрагам міжнародных нарматыўных актаў, прызнаных Рэспублікай Беларусь, так і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Згодна з арт. 49 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права на адукацыю з’яўляецца элементам сістэмы правоў і свабод чалавека, яно непасрэдна выяўляецца ў рэальнай адукацыйна-прававой практыцы ў выглядзе канкрэтнага суб’ектыўнага права як мера дазволенасці (магчымасці) дзеяння ўдзельнікаў адукацыйных адносін па задавальненні імі ў рамках дзеючага заканадаўства сваіх адукацыйных патрэбнасцей, забеспячэнні і абароне адпаведных законных інтарэсаў.

Права на адукацыю мае неабходнасць у інстытуцыянальнай структуры, якая адпавядае нацыянальным інтарэсам. Па сутнасці справы, палітычнае і прававое поле, якое фарміруецца і рэгулюе сферу адукацыі, вызначаецца больш шырокім інстытуцыянальным кантэкстам, што забяспечвае рэалізацыю правоў і свабод чалавека, таму паўната рэалізацыі дзяржавай права на адукацыю звязана з канцэптуальным зместам нацыянальных інтарэсаў у сферы адукацыі, мэтамі і задачамі дзяржаўнай сацыяльнай і, адпаведна, адукацыйнай палітыкі.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» сцвярджае, што ў адпаведнасці з прынцыпам аддзялення рэлігійных арганізацый ад дзяржавы яна забяспечвае свецкі характар адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі, таксама не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі гэта не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Навучанне рэлігіі з’яўляецца неабходным элементам праваздольнасці рэлігійных арганізацый. Так, у арт. 13 Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» навучанне рэлігіі і рэлігійнае выхаванне паслядоўнікаў рэлігійных арганізацый разглядаюцца ў якасці прыкметы рэлігійнай арганізацыі разам з такімі прыкметамі, як веравызнанне, правядзенне богаслужэнняў, іншых рэлігійных абрадаў і цырымоній. Разам з тым права на атрыманне рэлігійнай адукацыі не рэгламентавана ў беларускім заканадаўстве. Арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» дэкларуе свецкі характар дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, правоў чалавека. Аднак змест гэтых прынцыпаў не канкрэтызуецца. Узнікае парадаксальная сітуацыя: літара закона заклікае выконваць тое, што не вызначана. Гэта выклікае шматлікія спрэчкі і дыскусіі аб выкладанні ў свецкіх навучальных установах канфесійна арыентаваных прадметаў.

У Рэспубліцы Беларусь ёсць заканадаўчая база, якая забяспечвае рэалізацыю права на адукацыю, што адпавядае міжнародным стандартам, узятым на сябе Беларуссю міжнародным абавязацельствам у дадзенай сферы. Разам з тым трэба адзначыць, што некаторыя аспекты беларускай адукацыйнай палітыкі патрабуюць далейшага ўдасканальвання. У сучасных умовах як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў іншых краінах значную ролю выконвае канфесійны фактар адукацыйнай палітыкі, які ўключае ў сябе сукупнасць палітычных і прававых умоў рэалізацыі свабоды сумлення ў сферы адукацыі. У дадзеным кантэксце відавочна непаслядоўнасць рэалізацыі прынцыпу свабоды адукацыі ў беларускім заканадаўстве, што прыводзіць да істотных палітыка-прававых калізій, якія маюць вялікае палітычнае значэнне.

Адмоўны ўплыў маюць тыя абставіны, што Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» хаця і замацоўвае роўны доступ да адукацыі, але не гарантуе роўнага абыходжання ў навучальным працэсе. Акрамя таго няма прававой дакладнасці выкладання рэлігіі ў дзяржаўных установах адукацыі. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» не змяшчае норм аб рэлігійнай адукацыі. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» толькі фармальна дае магчымасць для атрымання рэлігійнай адукацыі, але ў ім няма ўпамінання аб тым, што атрыманне рэлігійнай адукацыі ў сям’і або ўстанове адукацыі з’яўляецца спосабам рэалізацыі права на свабоду сумлення.

Да ліку супярэчнасцей заканадаўства, што забяспечвае права на рэлігійную адукацыю, датычыцца прававы статус рэлігійных устаноў адукацыі, дыпломы якіх не прызнаюцца дзяржавай. Для прызнання дзяржавай дыпломаў гэтых устаноў неабходна іх дзяржаўная акрэдытацыя, што супярэчыць прынцыпу свецкасці адукацыі, замацаванаму Законам Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь». Тым самым можна канстатаваць супярэчнасць заканадаўства аб адукацыі ў частцы роўнасці правоў устаноў адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Відавочна, нераспрацаванасць гэтага прававога механізму сведчыць аб непаслядоўнасці адукацыйнай палітыкі ў сферы забеспячэння права на адукацыю і свабоду сумлення, што істотна абмяжоўвае свабоду грамадзян атрымаць (або даць сваім дзецям) адукацыю ў адпаведнасці са сваімі рэлігійнымі і маральнымі перакананнямі.

Асноўнай калізіяй рэалізацыі права на рэлігійную адукацыю з’яўляецца адсутнасць механізмаў яго забеспячэння ў кантэксце маючага інстытуцыянальнае значэнне прынцыпу свецкасці адукацыі.

Недастаткова паслядоўная прававая палітыка ў галіне адукацыі прыводзіць да неадназначных трактовак месца і ролі рэлігійных арганізацый у свецкай школе. Дзейнасць рэлігійных арганізацый у свецкай школе (напрыклад, выкладанне «Асноў праваслаўнай культуры», распрацоўка і ўкараненне дзяржаўнага стандарту па тэалогіі) выклікалі дыскусію ў навуковым і адукацыйным асяроддзі, у шырокай грамадскасці. Шэраг даследчыкаў, вучоных і педагогаў-практыкаў разглядаюць выкладанне дадзенага курсу як прамое парушэнне прынцыпу свецкасці ў характары зместу адукацыі. Іншыя вучоныя мяркуюць, што выкладанне рэлігійных прадметаў на факультатыўнай аснове, або нават уключаных у сетку гадзін, не парушае канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь і не супярэчыць дзеючаму заканадаўству.

На нашу думку, у адукацыйным сектары неабходна захоўваць прынцып свецкасці. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што такія курсы, як «Асновы праваслаўнай культуры», па сваім змесце з’яўляюцца светапогляднымі, таму павінны адпавядаць бінарнаму закону дыдактыкі, у стасунках з якім у сістэме адукацыі павінны быць прадстаўлены двойчы: як уласны навучальны прадмет і як інтэграцыя яго зместу ва ўсе адукацыйныя прадметы, у тым ліку ў пазанавучальную выхаваўчую работу з дзецьмі, сямейнае выхаванне, маладзёжную культуру. Як уласны навучальны прадмет ён не можа быць уключаны ў сетку гадзін з прычыны яго светапогляднай устаноўкі, але інтэграцыя яго зместу ў адукацыйныя прадметы цалкам дапушчальная.

Менавіта таму ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь установы адукацыі нашай краіны ў пытаннях выхаваўчай дзейнасці на падставе пісьмовых заяў законных прадстаўнікоў дзяцей (саміх паўналетніх навучэнцаў) у пазанавучальны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Праблема свабоды сумлення ў сферы адукацыі з’яўляецца даволі складанай і супярэчлівай і, мабыць, не зводзіцца да дуалістычнага метаду яе вырашэння. Процістаянне дзвюх сістэм адукацыі (свецкай і рэлігійнай) з’яўляецца, па сутнасці, процістаяннем дзвюх сістэм каштоўнасцей. Яно абумоўлена цэлым шэрагам фактараў, у тым ліку і недахопамі сістэмы адукацыі, зместам яе навучальнай

і пазанавучальнай работы. У выніку рэформ школа аказалася не падрыхтаванай да вырашэння зноў узніклых праблем. А школа ж (як вышэйшая, так і адукацыйная) з’яўляецца механізмам рэалізацыі палітыкі дзяржавы ў сферы ідэалогіі беларускай дзяржавы.

Трэба звярнуць увагу на тое, што праблема часта вырашалася на канферэнцыях, нарадах, «круглых сталах», Свята-Міхайлаўскіх чытаннях і г. д. з прыцягненнем грамадскай думкі людзей, часта далёкіх ад дадзенай праблематыкі і не заўсёды кампетэнтных у тых пытаннях, якія выносіліся на абмеркаванне. Пры гэтым мы выступаем не супраць грамадскага абмеркавання дадзенай важнай дзяржаўнай праблемы, а супраць дылетантызму ў навуцы, у прыватнасці, педагагічнай. Можна ўлічыць вопыт і погляды дылетантаў, але нельга ігнараваць погляды прафесіяналаў, а вырашэнне праблемы больш мэтазгодна ўскладаць не на грамадскія структуры, а на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, РІВШ БДУ і іншыя даследчыя цэнтры.

Аналізуючы вопыт педагогаў у ажыццяўленні рэлігійнай адукацыі ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь, можна канстатаваць, што сістэму прыярытэтаў і арыенціраў, неабходную не толькі для вырашэння, але і самой пастаноўкі пытання «адукацыя і рэлiгiя», выпрацавала само беларускае грамадства метадам спробаў і памылак.

Тым не менш, трэба адзначыць, што праблема рэалізацыі свабоды сумлення ў адукацыі — прадмет агульнага клопату дзяржавы і ўсяго грамадства, усеагульнага інтарэсу і ўсеагульнай адказнасці.

На сённяшні дзень дзяржава ў асобе яе выканаўчых органаў фактычна самаўхілілася ад вырашэння праблемы, спасылаючыся на прынцып свецкасці ў характары адукацыі і аргументуючы гэта толькі тым, што яна павінна быць нейтральнай у адносінах да розных канфесій. Яе ўмяшальніцтва ў адукацыйную сферу часта абмяжоўваецца добрымі пажаданнямі ў адрас педагогаў, якія выкладаюць веды аб рэлігіі, хаця больш актуальнай была б дэталёвая прапрацоўка норм, прынцыпаў і характару рэлігійнай адукацыі. Тым больш што сёння практычна ўсе дзяржавы маюць нарматыўныя дакументы, якія тлумачаць і дапаўняюць канстытуцыйныя нормы, дэталізуюць прынцыпы і характар рэлігійнай адукацыі. Пры гэтым практычна ўсе сучасныя дзяржавы, фарміруючы або ўдасканальваючы свае сістэмы адукацыі, суадносяць іх з асноўнымі міжнароднымі дакументамі, якія датычацца прынцыпаў адносін дзяржавы і рэлігійных арганізацый.

Палітыка-прававы статус прадмета рэлігіі ў сістэме адукацыі розных дзяржаў адлюстроўвае гістарычна-культурныя і рэлігійныя асаблівасці кожнай асобна ўзятай краіны. Так, у шарагу краін прадмет рэлігіі з’яўляецца такім жа, як і іншыя навучальныя прадметы. У некаторых краінах выкладанне гэтага прадмета арганізуюць і ажыццяўляюць нагляд — у супрацоўніцтве з дзяржаўнымі ўладамі ў галіне адукацыі і заўсёды ў рамках работы сістэмы адукацыі — таксама і рэлігійныя арганізацыі. Аднак у дадзеным выпадку ўлічваецца неабходная ўмова: каб рэлігійныя суполкі мелі значную колькасць веруючых у соцыуме дадзенай мясцовасці (там, дзе дзяржава з’яўляецца федэратыўнай, як, напрыклад, у ФРГ) або на ўсёй тэрыторыі краіны (як гэта адбываецца ў Аўстрыі і Бельгіі). У гэтых выпадках у навучэнцаў заўсёды ёсць магчымасць свабоднага выбару, аднак абавязкова пры згодзе з боку бацькоў: яны могуць альбо наведваць, альбо не наведваць заняткі па рэлігіі.

Вывучэнне еўрапейскага вопыту таксама паказвае, што адсутнічае уніфікаваная мадэль, адзіны падыход у галіне прававога рэгулявання і практычнай рэалізацыі рэлігійнай адукацыі ў свецкай школе. Нацыянальная свядомасць кожнай краіны па-свойму распараджаецца сваім гістарычным набыткам і па-свойму фарміруе адносіны да духоўнай спадчыны, культурнай пераемнасці, у тым ліку

ў сферы нацыянальнай адукацыі. Разам з тым ёсць і падобныя рысы: добраахвотнасць выбару, магчымасць выбару вывучэння рэлігійнай культуры сваёй канфесіі або курсу нерэлігійнай этыкі, патрабаванне ўзгаднення зместу рэлігійнай адукацыі і з прадстаўнікамі адпаведнай канфесіі.

Шэраг момантаў з вопыту дадзеных краін могуць быць прымяняльнымі

ў беларускай сістэме адукацыі. Зразумела, трэба ўважліва выбіраць тое, што падыходзіць айчыннай школе, улічваючы не толькі традыцыі выкладання савецкага перыяду, якія склаліся, або звяртаючыся да дарэвалюцыйнага вопыту, але і сучаснае сацыяльнае становішча, новыя прыярытэты ў адукацыі, асаблівасці нацыянальнага беларускага менталітэту, беручы пад увагу лепшае з вопыту іншых краін, дзе традыцыі рэлігійнай адукацыі не перапыняліся.

За рэдкім выключэннем у многіх замежных краінах назіраецца ўзаемадзеянне рэлігійнай і свецкай адукацыі. Гэтыя сістэмы не ўступаюць у супярэчнасць адна з адной пры ўмове дэталёвай прапрацоўкі ў дзеючым заканадаўстве прынцыпаў і характару адукацыі, уліку ў заканадаўстве нацыянальных асаблівасцей і сталых традыцый. Прамое запазычанне замежнага вопыту ў мэтах яго выкарыстання ва ўмовах Рэспублікі Беларусь без уліку спецыфікі нашай краіны, яе традыцый, гісторыі не ўяўляецца магчымым. Аднак поліканфесійнасць Беларусі не з’яўляецца нечым выключным. Дадзены гістарычны факт не азначае, што існуюць непераадольныя перашкоды на шляху ўзаемадзеяння розных сістэм адукацыі,

і не дае падставы для іх спалучэння ў адну сістэму. Няма падстаў і для іх супрацьпастаўлення адна адной.

На наш погляд, перспектывы фарміравання палітыка-прававога інстытута рэлігійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь звязаны з распрацоўкай комплекснага нарматыўна-прававога акта, які ўстараняе калізіі і прабелы палітыка-прававога рэгулявання, уніфікуе заканадаўства, якое рэгулюе дадзеную сферу грамадскіх адносін. У ліку асноўных задач гэтага заканадаўчага акта павінны разглядацца прававая інстытуцыяналізацыя рэлігійнай адукацыі ў нацыянальнай сістэме адукацыі, акрэдытацыйныя правы канфесійных устаноў адукацыі выдаваць дыпломы дзяржаўнага ўзору.

Адпаведна дадзены акт павінен прадугледзець наступную сістэму палітыка-прававых мер:

— раскрыць прынцып свецкасці адукацыі і вызначыць гарантыі свецкасці адукацыі;

— даць заканадаўчае вызначэнне рэлігійнай адукацыі;

— уключыць у змест права на свабоду веравызнання права на рэлігійную адукацыю;

— адлюстраваць асноўныя палітыка-прававыя асаблівасці рэлігійнай адукацыі, якія заключаюцца ў тым, што яна не можа быць агульнаабавязковай і павінна ажыццяўляцца на добраахвотнай аснове;

— урэгуляваць прававы статус устаноў адукацыі рэлігійных арганізацый;

— замацаваць прававы парадак узаемадзеяння нацыянальнай сістэмы адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі, які можа грунтавацца на прынцыпах сузас-навальніцтва ўстаноў адукацыі, у тым ліку ўстаноў адукацыі і рэлігійных арганізацый, сумеснай распрацоўкі і рэалізацыі адукацыйных праграм па вывучэнні рэлігійнай культуры, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. Дадзеныя меры дазволяць зарыентаваць беларускую адукацыйную палітыку на абарону нацыянальных інтарэсаў і інтарэсаў асобы, дзяржавы і грамадства.

Літаратура:

1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 г. (са змян. і дап., прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г.). — Мн.: Амалфея, 2005. — 48 с.

2. Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях»: Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2002 г. // Нац. рэестр прававых актаў. — 2002. — № 1232/886.

3. Аб адукацыі: Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991 г.: у рэд. Закона ад 4 жніўня 2004 г. № 311-3 // Нац. рэестр прававых актаў. — 2004. — № 1232/1060.

Землякоў Л.Я., Шчокін М.С. Рэлігія і адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: палітыка-прававыя аспекты // Сацыяльна-эканамінчыя і прававыя даследаванні. Навукова-практычны і інфармацыйна-метадычны часопіс. - БІП - Інстытут праванаўства. - Мн. - 2010. - С. 31-50

Землякоў Л.Я., Шчокін М.С.

Рубрыка: