МАНІТОРЫНГ СМІ: CATHOLIC.BY: Інтэрвію з Мітрапалітам Т.Кандрусевічам: "Касцёл у Беларусі чакаў свайго адраджэння"

catholic.by: 1989 год у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі стаў годам адраджэння яго структур. Каля вытокаў гэтага аднаўлення стаялі Вы, Ваша Эксцэленцыя. Праз два гады Божы Провід накіраваў Вас у Расію. Тым не менш просім Вас падзяліцца з наведвальнікамі нашага сайта, якімі былі гэтыя 20 гадоў, чым яны адзначаюцца?

Мітрапаліт Т.Кандрусевіч: Змучаны пераследам веры, Каталіцкі Касцёл у Беларусі, як і ў іншых рэспубліках былога СССР, чакаў свайго адраджэння. Узгадаем словы святога Ігнацыя з Антыёхіі: «Ubi episcopus — ibi Ecclesia», што азначае «Дзе біскуп — там і Касцёл». Усе чакалі і маліліся аб прызначэнні біскупа. І такі дзень настаў. У свята першага апостала мучаніка святога Якуба, 25 ліпеня 1989 г., папа Ян Павел ІІ прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Такім чынам, мне было наканавана стаць першым біскупам у нашай краіне пасля больш за 60 гадоў адсутнасці іерарха ў Касцёле ў Беларусі.

Чаму Папа прызначыў мяне, я не ведаю. Я прыняў гэтае прызначэнне, давяраючы сваё біскупскае служэнне Божай Маці, якая ў фатальным 1917 г. праракавала навяртанне Расіі.

Перада мной стаяла шмат задач па адраджэнні Касцёла. За няпоўныя два гады працы ў Беларусі ўдалося атрымаць 97 некалі канфіскаваных касцёлаў. Быў вернуты мінскі Чырвоны касцёл, распачаліся рэгулярныя набажэнствы і ў катэдры, якія праходзілі на трэцім паверху, быў атрыманы дазвол на сумеснае з філармоніяй выкарыстанне касцёла на Залатой горцы. У 1990 г. была заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. Я вельмі ўдзячны святарам з-за мяжы, якія ў той час прыехалі да нас з дапамогай. Аднак я добра разумеў, што Касцёл, як жывое цела, патрабуе сваіх святароў, сваёй крыві, бо на «пераліванні крыві» нельга доўга жыць, яна неабходна для таго, каб вылечыць.

Быў падрыхтаваны і выдадзены накладам у 50 тысяч экзэмпляраў Парадак святой Імшы на беларускай мове, а таксама 3 выданні катэхізісу на беларускай мове агульным тыражом у 95 тысяч экзэмпляраў.

catholic.by: Два гады актыўнай працы ў Беларусі, аднак, неўзабаве Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў Вас Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі...

Мітрапаліт Т. Кандрусевіч: Так, Касцёл у Беларусі дынамічна ажываў і залечваў свае раны. Аднак прыйшло новае рашэнне Папы — ехаць у Маскву. Я пакідаў Беларусь, у якой ужо былі створаны дыяцэзіі (Мінска-Магілёўская, Гродзенская і Пінская), што складалі адну Мінска-Магілёўскую Мітраполію. Мой сябар, пробашч з парафіі Хрыста Валадара ў г. Маркс (Саратаўская вобласць) Юзаф Верт быў прызначаны біскупам у Навасібірск. Сітуацыя ў Расіі была яшчэ горшай. На велізарнай тэрыторыі было толькі 10 зарэгістраваных парафій, 4 касцёлы і 2 капліцы, 8 святароў, 2 з якіх мелі больш за 80 гадоў.

Закасаўшы рукавы, з Божай дапамогай і верай у заступніцтва Марыі я ўзяўся за працу. Праз 16 гадоў у Расіі былі адноўлены паўнавартасныя касцёльныя структуры — гэта 4 дыяцэзіі ў Маскве, Саратаве, Навасібірску і Іркуцку, аб’яднаныя у адну Мітраполію з цэнтрам у Маскве. Колькасць парафій узрасла амаль да 220. З іх 30% яшчэ не маюць уласнага касцёла ці капліцы. Колькасць святароў узрасла да 270, а сясцёр законных — да 400. У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу, заснаванай у 1993 г., на дзень майго ад’езду ў Беларусь былі падрыхтаваны 45 святароў. Актыўнай дзейнасцю адзначаецца дабрачынны каталіцкі фонд «Карытас». Было выдадзена больш за 600 адзінак рэлігійнай літаратуры, у тым ліку — тры тамы рускай «Каталіцкай энцыклапедыі», Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Кампендыум катэхізіса Каталіцкага Касцёла, Кампендыум сацыяльнага вучэння Касцёла. Былі заснаваны дзве радыёпраграмы — у Маскве і Санкт-Пецярбургу, а таксама штотыднёвік «Свет Евангелля». Адрэстаўравана велічная і вельмі прыгожая катэдра ў Маскве, амаль што завершана рэстаўрацыя так званай Маці ўсіх каталіцкіх касцёлаў у Расійскай Імперыі — касцёла святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу. Былі адноўлены і многія іншыя святыні. У 1990 г. быў заснаваны Каледж каталіцкай тэалогіі, які з часам стаў Інстытутам тэалогіі св. Тамаша з прызнанымі дзяржавай дыпломамі. Касцёл вёў вельмі актыўны міжхрысціянскі (у тым ліку з Праваслаўнай Царквой) і міжрэлігійны дыялог. Такім чынам, за 16 гадоў Каталіцкі Касцёл у Расіі стаў інтэгральнай часткай расійскага грамадства.

catholic.by: Пасля 16 гадоў служэння ў Расіі Вы вяртаецеся на радзіму. Якім Вы ўбачылі Касцёл у Беларусі?

Мітрапаліт Т. Кандрусевіч: У 2007 г. прыйшло новае прызначэнне — вяртаюся на радзіму. Нехта з журналістаў пажартаваў: Кандрусевіч — гэта «біскуп для спецыяльных прызначэнняў». У Беларусі я ўбачыў ужо зусім іншы Касцёл: 4 дыяцэзіі, 6 біскупаў, семінарыя ў Пінску, 4 (калі я не памыляюся) выдавецтвы, шматлікія пабудаваныя і адноўленыя святыні, хоць гэта праблема яшчэ не вырашана да канца. Значна ўзрасла колькасць сваіх святароў. Напрыклад, у пачатку 90-х гг. мінулага ст. у Беларусі працавала 270 мясцовых святароў і 60 з-за мяжы. Актыўная моладзь, касцёльныя рухі, шматлікія пілігрымкі... Аднак трэба працаваць далей.

За апошнія два гады ўдалося значна ажывіць і зрабіць больш цікавым інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Вялікую працу робіць выдавецтва «Про Хрысто». Я асабіста перакананы, што ў наш час евангелізацыя без належнага выкарыстання сродкаў масавай камунікацыі будзе сціплай і неэфектыўнай. Сучасны чалавек выхаваны на мас-медыя, таму варта выкарыстоўваць іх яшчэ шырэй. Вельмі патрэбны дыялог са сродкамі масавай камунікацыі, таму стараюся падтрымліваць і развіваць кантакты з імі. Яшчэ адчуваецца вялікі недахоп рэлігійнай, літургічнай і тэалагічнай літаратуры. Нам удалося ўжо выдаць Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору і падручнікі па катэхізацыі. У хуткім часе выйдзе ў свет «Літургічная агенда», а потым — Кампендыум Катехізіса Каталіцкага Касцёла.

Стараюся працаваць больш з моладдзю, таму арганізуюцца дні моладзі і моладзевыя сустрэчы. У многіх парафіях паспяхова працуюць біблейскія курсы. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія арганізуе шмат канферэнцый і сімпозіумаў, прысвечаных актуальным праблемам у Касцёле і сучасным жыцці. Вельмі важнае пастырскае значэнне мела перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага земляка благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, якая стала сапраўднымі дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі. Трэба ўзмацніць душпастырства і ў галіне распазнання паклікання. Вялікай задачай таксама з’яўляецца фармацыя свецкіх: яны павінны адчуваць большую адказнасць за Касцёл.

Патрэбны таксама новыя касцёлы. Мару аб утварэнні тэалагічнага факультэта. Добрыя міжхрысціянскія, асабліва з Праваслаўнай Царквой, і міжрэлігійныя адносіны трэба ўмацоўваць, бо выклікі сучаснага секулярнага свету патрабуюць супольнага адказу. Касцёл не з гэтага свету, але ён у гэтым свеце, таму нам трэба развіваць адносіны з грамадствам, каб дапамагчы яму будаваць сваё будучыню найперш на духоўных каштоўнасцях. Ёсць таксама многа іншых задач і праблем. Не ўсё адразу, але з іншага боку пад ляжачы камень вада не цячэ, трэба яго патроху рухаць, а гэта значыць ніколі не спыняцца на дасягнутым, але заўсёды ісці наперад.

catholic.by: Ваша Эксцэленцыя, у свеце Вас ведаюць як вельмі актыўнага душпастыра...

Мітрапаліт Т. Кандрусевіч: Бог адарыў мяне цікавым лёсам — адбудоўваць разбуранае і збіраць раскіданае, за які я вельмі ўдзячны Найвышэйшаму. Не аднойчы трэба было станавіцца і першапраходцам. Можа, не ўсё ўдалося так, як было задумана, як усім нам хацелася б, за што, карыстаючыся з нагоды, перапрашаю, аднак хачу заверыць, што заўсёды стараўся служыць Богу, Касцёлу і людзям. Хачу таксама выказаць падзяку ўсім, з кім працаваў і працую, а таксама людзям, да якіх пасланы. Без вас я — генерал без войска. Разам з вамі нам трэба яшчэ многа зрабіць. Маліцеся за мяне, каб сапраўды быў «episkopos» (грэцк. — заўвага Рэд.), гэта значыць тым, які глядзіць наперад.

catholic.by: Дзякуем за размову/

Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі

Рубрика: