Хрысціянскія цэрквы пад дзяржаўным кантролем

Выступ на сустрэчы Цэнтральнага Камітэту Сусветнай Рады Цэркваў

 

Раман Абрамчук, адзін з рэдактараў парталу "Царква" на дадзены момант знаходзіцца ў Жэневе на пасяджэнні Цэнтральнага Камітэту Сусветнай Рады Цэркваў як удзельнік праграмы сцюардаў. 18 лютага ў межах выступу Сусветнай Хрысціянскай Студэнцкай Федэрацыі ён звярнуўся да Цэнтральнага Камітэту з кароткай прамовай пра студэнцкі хрысціянскі рух у Беларусі. Тэкст ягонага выступу мы змяшчаем на партале "Царква".

Раман Абрамчук сярод іншых сцюардаў на пасяджэнні Цэнтральнага Камітэту СРУ. Фотаздымак - Cайт Сусветнай Рады Цэркваў

Я – Раман з Беларусі, Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату.

Я тут працую сцюардам і вельмі задаволены мець гэтую мажлівасць гаварыць. Я хачу распавесці Вам пра некаторыя мае ўражанні ад Сусветнай Рады Цэркваў у сувязі са студэнцкім хрысціянскім рухам у маёй краіне. Перш за ўсё, для мяне было нечаканасцю, што я адзін чалавек з беларускіх хрысціянскіх цэркваў сярод удзельнікаў гэтай сустрэчы. Таксама я быў вельмі здзіўлены пытаннямі іншых сцюардаў з маёй каманды. Яны цікавіліся, ці Беларусь – гэта незалежная дзяржава? Ці сапраўды беларуская мова адрозніваецца ад расейскай? Я мусіў распавесці ім шмат пра маю краіну, каб запэўніць іх, што я не з Расеі і што мая родная мова не расейская. Таксама, я папрасіў супрацоўнікаў выправіць мой бэдж з “Руская Праваслаўная Царква” на “Беларуская Праваслаўная Царква”. Гэта важная рэч для многіх маладых людзей у Беларусі.

Такім чынам, я хачу сказаць некалькі словаў пра студэнцкі хрысціянскі рух у Беларусі. На дадзены момант мы жывем пры пост-камуністычным рэжыме А. Лукашэнкі. Спецслужбы спрабуюць узяць пад свой кантроль усё, што выходзіць за межы дзяржаўнай пост-камуністычнай ідэалогіі. Яны спрабуюць спыніць і запужаць маладых палітыкаў, артыстаў, культурніцкіх і рэлігійных актывістаў. Яны жадаюць узяць пад кантроль кожнага актыўнага чалавека, чыё меркаванне не супадае з дзяржаўнай ідэалогіяй. Таксама актыўныя і незалежныя хрысціяне становяцца для іх мішэнню.

Іншая рэч – што нашая Беларуская Праваслаўная Царква пачала супрацоўнічаць з Беларускім урадам. Праводзяцца некаторыя новыя афіцыйныя праграмы супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. І ў той жа час, хрысціянскія цэрквы, якія не супрацоўнічаюць з дзяржавай (перш за ўсё, я маю на ўвазе пратэстанцкія), маюць праблемы з дзяржаўнымі ўладамі і міліцыяй. Каталікі і праваслаўныя маюць такія ж праблемы, калі яны жадаюць вызнаваць сваю веру без афіцыйнай рэгістрацыі ці дазволу. Напрыклад, калі некалькі чалавек ажыццяўляюць хрысціянскае богаслужэнне ў прыватным доме, яны могуць быць пакараныя паводле новага закона “Аб свабодзе сумлення”. Таксама Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне стварае перадачы пра пратэстанцкія цэрквы, называя іх “сектамі”. І ніводная іншая хрысціянская царква не выказвае ў салідарнасць з імі ніводнага слова пратэсту, таму што яны таксама не жадаюць праблем з дзяржавай.

У нас у цэрквах – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкіх ёсць шмат моладзевых аб’яднанняў. Такія арганізацыі, як правіла, ажыццяўляюць дабрачынную дзейнасць, праводзяць сустрэчы, абмеркаванні найбольш актуальных пытанняў веры. Яны арганізуюць паломніцтвы, дзіцячыя лагеры і інш.

Што тычыцца экуменічнай дзейнасці, то праводзіць яе афіцыйным шляхам няма адпаведных умоваў. Вельмі мала людзей у нашых цэрквах ведаюць пра экуменічныя праграмы і арганізацыі кшталту СРЦ, Таксама ёсць мноства людзей, якія ніколі і не чулі пра экуменізм наогул. У Беларусі ўсякая рэлігійная дзейнасць мусіць быць зарэгістраваная і дазволеная адмысловым дзяржаўным органам. Я сумняюся, ці змагу я, напрыклад, арганізаваць у маім горадзе прынамсі адну сустрэчы маладых людзей розных канфесій, як я намеркаваў сваім сцюардскім праекце.

Дзякуй за Вашую ўвагу.

Пераклад з ангельскай - партал "Царква"

Раман Абрамчук

Рубрыка: 

 

 

Яшчэ па тэме Аналіз рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі:Яшчэ па тэме Права на веру і свабода сумлення: