Хрысціянін і палітыка

Ці мае права хрысціянін, чалавек, які вырашыў будаваць сваё жыццё, свае рэляцыі з навакольным светам на прынцыпах і словах Хрыста, браць удзел у палітычным і сацыяльным жыцці сваёй краіны, грамадстве, складаючай часткай якога ён з’яўляецца? Досвед паказвае, што гэта пытанне заўсёды трапляе ў поле дыскусій, а самі спробы адказаў прэзэнтуюцца дастаткова скамплікаванымі і неаднасэнсоўнымі. Тлумачыцца гэта тым, што розныя бакі надаюць свой адмысловы змест, як хрысціянству з ягонымі мэтамі, так і самой палітыцы. Кожны мае сваю візію і інтэрпрэтацыю гэтых рэчаіснасцей у залежнасці ад чаго і прапануюцца адпаведныя стасункі паміж імі. У сваю чаргу варта пазначыць, што гаворка, у кожным выпадку, ідзе пра сутыкненне двух вымярэнняў жыцця чалавека: вертыкальнага і гарызантальнага. Логіка рэчаў падказвае, што чалавеку каб зрэалізаваць сябе на сто адсоткаў тут і цяпер, выявіць закладзены ў ім патэнцыял, неабходна рухацца ў гэтых двух накірунках, будуючы сціслыя рэляцыі з Богам і сацыялізуючыся з іншым людзьмі, інтэгруючыся ў супольнасць, цікавячыся патрэбамі іншых.

Уважлівае чытанне Евангелля і глыбокая рэфлексія над мэсіджам Ісуса Хрыста пераконваюць, што чалавеку каб быць чалавекам на вобраз і падабенства Божае трэба пазбавіцца абыякавасці і быць заангажаваным у жыццё і праблемы тых, хто знаходзіцца побач. Хрыстос кажа, што увесь закон і прарокі, уся гісторыя пошукаў праўды, дабрыні, свабоды, справядлівасці грунтуюцца на двух прыказаннях: любіць Бога і бліжняга. Сапраўдная любоў да Бога не выключае сапрўднай любові да чалавека. Наадварот, са словаў апостала Яна вынікае, што нельга любіць небачнага Бога калі мы не любім, нават, тых каго бачым. Гэта любоў да чалавека, каб быць поўнай і вычарпальнай, мусіць закранаць кожную сфэру жыцця. Сфэра эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага жыцця не з’яўляецца выключэннем. Інакш кажучы, гэта любоў, да якой заклікае Пасланнік ад Бога, выяўляецца ў канкрэтных узаемарэляцыях паміж людзьмі, якія ўзнікаюць пры пабудове супольнага жыцця, пры развіцці грамадства. Любіць нельга толькі словам. Вера і любоў без учынкаў, без падмацавання сапраўдным канкрэтным фактам усталявання роўных правоў, гарантыі свабоды волявыяўлення, прыняцця агульнаабавязуючых законаў, заўсёды застанецца мёртвай і пустой. Любоў агарняе ўсё і пранікае паўсюль. Любоў становіцца падмуркам і пачаткам усіх адносінаў і кожнай сфэры. Любоў не можа быць фрагментарнай. Яна павінна быць сістэмнай.

На вялікі жаль, усталявалася меркаванне, што хрысціянам, апрача культа праслаўлення Бога, у сацыяльным вымярэнні, дазваляецца займацца выключна дабрачыннай дзейнасцю, харытатыўнымі акцыямі. Пэўныя колы і структуры зла зацікаўленныя ў тым, каб хрысціяне прысвячалі сябе толькі змаганню з наступствамі граху і несправядлівасці ў сацыяльнай ды палітычнай сфэры, без спробаў выкрыцця заганнасці самой сістэмы, без ідэнтыфікацыі самой прычыны той ці іншай праблемы. Таму цалкам зразумела выказванне аднаго з біскупаў Каталіцкага Касцёла Лацінскай Амерыкі, які кажа, што калі ён раздае хлеб галодным і бедным, яго называюць святым, а калі ён пытаецца пра прычыну такой вялікай колькасці незабяспечаных людзей, яму закідваюць, што Касцёл займаецца не сваімі справамі. Зразумела, каб змяніць у грамадстве сітуацыю да лепшага, неабходна зліквідаваць саму прычыну зла, што праз свае структуры паралізуе ўсе добрыя ініцыятывы і не дазваляе перабудаваць сутнасць саміх рэчаў. Змаганне з наступствамі зла і несправядлівасці можа і павінна лічыцца добрай і неабходнай справай, але ў той самы момант, мусіць быць прызнана недастаковай. Нямецкі тэолаг Дзітрых Бонхофэр, які публічна асуджаў нацызм і быў прыхільнікам адкрытага супраціву, за што і быў пазбаўлены жыцця ў 1945, сцвярджаў, што ягоным абавязкам з’яўляецца не толькі выключная рупнасць пра чалавека-ахвяру, збітага аўтамабілем, які кіруе шалёны кіроўца па залюднёнай вуліцы, але ягоным заданнем з’яўляецца і тое, каб зрабіць усё магчымае і недазволіць такому чалавеку кіраваць.

Прыклад дзейнасці Ісуса Хрыста ў гэтым выпадку больш чым яскравы. Хрыстос выпраўляе зло ў свеце спароджанае д’яблам. Ён аздараўляе хворых, уваскрашае памерлых, размнажае хлеб для галодных, але на крыжы, сваім фінальным актам Хрыстос знішчае галоўную прычыну трагічнага лёса чалавека – абсалютнае зло, д’ябла.

Трэба прызнаць, што за кожнай з’явай у грамадскім, палітычным, эканамічным жыцці стаяць свае прычыны, свае структуры, свае законы - ёсць пэўны аўтар. Хрысціянская любоў і адказнасць праяўляюцца тады, калі самі хрысціяне, абапіраючыся на евангельскія прынцыпы, становяцца аўтарамі і суаўтарамі тых законаў, якія вызначаюць ход развіцця эканомікі, палітыкі, сацыяльнай сфэры і спрыяюць гарманійнаму развіццю грамадства. Пазіцыя і навучанне Касцёла ў гэтым пытанні адназначная, яны знаходзяць свой выраз у розных афіцыйных дакументах. Асаблівую ўвагу пры гэтым варта звярнуць на пастырскую канстытуцыю “Gaudium et spes”.

Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes”, прынятая 7 снежня 1965г. пад час другога Ватыканскага Сабора, не пакідае ніякога сумневу ў тым, што Касцёл, як супольнасць веруючых, павінен быць прысутным у жыцці света, у жыцці грамадства. Гэта прысутнасць не можа быць пасіўнай. Касцёл не можа сабе дазволіць быць звычайным назіральнікам тых працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, а самі хрысціяне не павінны хавацца перад абліччам новых выклікаў супольнага жыцця, але пільна вывучаць і аналізаваць знакі сённяшняга дня, цікавіцца пошукамі вырашэнняў узніклых пытанняў. У чацвертым раздзеле Канстытуцыі адзначана, што “адыходзяць ад праўды тыя, хто ведуючы, што мы не маем тут трывалай дзяржавы, а шукаем будучай, думаюць, што ў сувязі з гэтым могуць занядбаць свае зямныя абавязкі, не зважаючы на тое, што згодна з верай яны абавязаны выконваць іх паводле паклікання, якое дадзена кожнаму”. Абавязак, які стаіць перад хрысціянамі з ужо сфармаваным сумленнем, заключаецца ў “імкненні запісаць Божы закон у жыццё зямной дзяржавы”.

Канстытуцыя звяртае ўвагу і падкрэслівае, што роля свецкіх у касцёле, асаблівым чынам, выконваецца праз іх прысутнасць і дзейнасць у свеце. З гэтае прычыны дзейнасць у сфэры гаспадаркі, культуры, палітыкі ўжо больш не з’яўляецца дадаткам да хрысціянскага жыцця ці факультатыўным заняткам. Гэта пачынае станавіцца абавязкам і місіяй, якія Бог ускладае на чалавека.

Канстытуцыя закладае імператыў, дзе заклікае, каб усе хрысціяне адчувалі “сваё асаблівае і ўласцівае ім пакліканне ў палітычнай супольнасці, дзякуючы якому яны павінны даваць яскравы прыклад сумленнага выканання абавязкаў і служэння агульнаму дабру, паказваючы на справе, як можна пагадзіць уладу са свабодай, прыватную ініцыятыву з салідарнасцю ўсяго соцыюма, карыснае адзінства з плённай разнастайнасцю”.

Больш за тое, дакумент пазначае, што трэба старанна клапаціцца пра “грамадзянскую і палітычную асвету, так пільна сёння патрэбную людзям, асабліва моладзі, каб усе грамадзяне маглі выконваць сваю задачу ў жыцці палітычнай супольнасці”.

Таксама падкрэсліваецца, што палітычная дзейнасць гэта не толькі складаная справа, але і “вельмі высакародная”. У звязку з гэтым, Касцёл катэгарычна сцвярджае, што тыя хто мае здольнасць да палітычнай дзейнасці “павінны падрыхтавацца да яе і старанна займацца ёй, не думаючы пра сваю матэрыяльную карысць”. Праз гэту канстытуцыю Касцёл запрашае выступаць “супраць дыктату як з боку аднаго чалавека, так і самаўладства ці неталерантнасці палітычнай партыі, дзейнічаючы мудра і беззаганна ў маральных адносінах, прысвячаючы агульнаму ў шчырасці і праўдзе, з любоўю і палітычнай адвагай”.

Як бачна, хрысціянскі мэсідж пазбаўлены пасіўнасці і абыякавасці. Недаравальна, каб хрысціяне не цікавіліся светам, які яны атрымалі ў спадчыну ад Бога, каб яны адмовіліся ад права і абавязку на прыняццё законаў і нормаў, якія павіны вызначаць накірунак развіцця супольнага жыцця, што праяўляецца ў эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай сфэры. Хрысціяне маюць пакліканне адказваць за свой лёс і за лёс сваіх бліжніх, за лёс наваколля. Інакш кажучы, гэта пакліканне знаходзіць свой выраз каб “запісаць Божы закон у жыццё зямной дзяржавы”. Гэта адказнае і складанае заданне, але гэта і ёсць сутнасць місіі быць хрысціянінам у свеце, у грамадстве.

Westki.Info

Ксёндз Юры Барок

Рубрыка: