ГІСТАРЫЧНЫ ШЛЯХ УНІЯЦТВА: ЗАХОДНЕРУСІСЦКІ ПОГЛЯД

Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., бадай, было наканавана перыядычна выклікаць спрэчкі паміж прадстаўнікамі розных накірункаў і школ гістарычнай навукі. Гэта тлумачыцца тым, што стаўленне да уніі мела і мае аксіялагічнае значэнне. Уніяцкая царква, безумоўна, адыграла вялікую ролю ў беларускай мінуўшчыне, аднак, ацэнкі гэтай ролі, дадзеныя навукоўцамі, адрозніваліся (і адрозніваюцца), як лёд і агонь.

Прадстаўнікі досыць уплывовай у другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. заходнерусісцкай плыні ў гістарычнай навуцы Расіі і Беларусі - М.В. Каяловіч, П.В. Баброўскі, П.Дз. Бранцаў, П.М. Жуковіч, К.В. Харламповіч і іншыя - у адносінах да ўтворанай у Берасці царквы займалі выразна адмоўную пазіцыю. Не ў апошнюю чаргу гэта тлумачыцца тым, што заходнерусізм узнік як ідэалогія своеасаблівага сацыяльнага і канфесійнага рэваншу. Шмат хто з актыўных заходнерусістаў першага пакалення паходзіў з уніяцкага асяроддзя. Яны добра ведалі аб «плебейскім», у пэўнай ступені прыніжаным статусе грэка-каталіцкай царквы ў параўнанні з рымска-каталіцкай, статусе, які трывала захоўваўся амаль на ўсім працягу існавання Рэчы Паспалітай. Нездарма ж на старонках часопіса «Вестнк Западной России», ідэйным натхняльнікам якога быў лідэр заходнерусістаў М.В. Каяловіч, раз-пораз з'яўляліся публікацыі, у якіх распавядалася аб непрыхаванай пагардзе, што выказвалася «лацінскімі» католікамі ў адносінах да прадстаўнікоў уніяцкага духавенства.

Пасля аб'яднаўчага Полацкага царкоўнага сабора 1839 г., які ліквідаваў унію на тэрыторыі Беларусі, былое грэка-каталіцкае духавенства атрымала магчымасць далучыцца да пануючай у Расійскай імперыі праваслаўнай царквы. Мабыць, у новых гістарычных умовах уніяцкая гістарычная спадчына пачала здавацца будучым «заходнерусам» рэччу непатрэбнай. Адпаведным чынам, яны ацэньвалі негатыўна гістарычны шлях уніяцтва.

Зразумела, такая ацэнка была абумоўлена не толькі сацыяльна-псіхалагічнымі фактарамі. Як накірунак гістарыяграфіі, заходнерусізм запазычыў філасофска-гістарычныя і метадалагічныя прынцыпы ў славянафільства. Сам М.В. Каяловіч ніколі не хаваў сваёй адданасці славянафільскім ідэям і шчыра прызнаваўся ў т. зв. «рускім суб'ектывізме» [7, с. 36, 37, 298, 307 - 335]. Паколькі славянафільства базавалася на тэзісе аб перавазе праваслаўя над каталіцызмам, то з пункту гледжання гісторыкаў-заходнерусістаў усё, што ў мінулым садзейнічала ўмацаванню праваслаўя, імі віталася, усё, што перашкаджала гэтай справе, - асуджалася. Гэткага прынцыпу яны прытрымліваліся і ў адносінах да сучаснай ім рэчаіснасці. Вядома, што заходнерусісты былі заўзятымі змагарамі за перамогу праваслаўя на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Гэта накладвала відавочны адбітак на гістарычныя погляды прыхільнікаў дадзенай ідэалогіі.

Пры такім падыходзе Берасцейская царкоўная унія не мела аніводнага шанца на тое, каб гісторыкі-заходнерусісты разглядалі яе хаця б больш-менш аб'ектыўна, у якасці складанай і супярэчлівай з'явы. Царкоўную унію навукоўцы і публіцысты дадзенай плыні лічылі лагічным і заканамерным працягам Люблінскай міждзяржаўнай уніі 1569 г. [2, с. 376]. М.В. Каяловіч падкрэсліваў, што Берасцейская унія «засноўвалася на падступнасці і ашуканстве» [9, I, с. 128], паколькі была «сагрэтая лацінскім езуіцкім фанатызмам - адным з самых жорсткіх відаў рэлігійнага фанатызму» [9, II, с. 1] (тут і далей пераклад з рускай мовы наш - А. Л.). Згадка пра «езуіцкі фанатызм» у буйнейшага прадстаўніка заходнерусісцкай гістарыяграфіі тлумачыцца тым, што даследчык лічыў самай галоўнай задачай сяброў Таварыства Ісуса грунтоўную падрыхтоўку далучэння праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай да каталіцкай царквы [10, с. 194, 195]. Вучань М.В. Каяловіча П.М. Жуковіч называў езуітаў «сусветнымі рэакцыянерамі» і падкрэсліваў, што іх дзейнасць на тэрыторыі «дзяржавы абодвух народаў» разгортвалася ў агульнаеўрапейскім контррэфармацыйным кантэксце [4, с. 93, 94, 385].

На думку М.В. Каяловіча, існавала і сустрэчнае імкненне да аб'яднання цэркваў з боку праваслаўнай грамадскасці. Гісторык прызнаваў, што ідэя уніі была папулярная на тэрыторыі ВКЛ. Пры пэўных абставінах яе схільны быў падтрымаць нават і лідэр «праваслаўнай партыі» князь К.К. Астрожскі (з гэтым быў таксама згодны і П.М. Жуковіч) [5, вып. 1, с. 100 - 102; 9, I, с. 55 - 58, 108, 109]. Не засталіся па-за ўвагай навукоўца і карыслівыя матывы, якімі кіравалася значная частка праваслаўнай іерархіі на шляху да уніі. Сярод гэтых матываў ён называў жаданне пазбавіцца ад кантролю над дзейнасцю духавенства, прэтэнзіі на які ўсё больш настойліва выказвалі праваслаўныя брацтвы, і ўжо згаданы К.К. Астрожскі (разам з іншымі магнатамі праваслаўнага веравызнання), а таксама імкненне пазбегнуць царкоўнага суда за выкліканыя маральнай разбэшчанасцю злоўжыванні [9, I, с. 52 - 54, 62, 66, 89].

Вынікам царкоўнага крызісу другой паловы XVI ст., наяўнасць якога прызнаваў М.В. Каяловіч, з'явілася тое, што сярод праваслаўных Рэчы Паспалітай «утварыліся дзве партыі» - «партыя заўзятараў веры праваслаўнай, здольная ўсё прынесці ў ахвяру дарагім перакананням, і побач з ёю - партыя людзей, што стаміліся ад рэлігійнай барацьбы і былі здольныя, дзеля жыццёвых выгодаў, на ўсялякія дамовы з лацінствам» [8, с. 241]. На маральную разбэшчанасць часткі праваслаўнага кліра ў спалучэнні з невуцтвам як на адну з перадумоў уніі звяртаў увагу і даследчык гісторыі адукацыі К.В. Харламповіч [11, с. 147].

Крыху па-іншаму расстаўляў акцэнты П.М. Жуковіч, які быў больш стрыманы ў ацэнцы ступені карыслівасці праваслаўных іерархаў і лічыў, што іх імкненне да сенатарства тлумачылася дбаннем пра інтарэсы уніі [5, вып. 1, с. 146]. Аднак ён падзяляў погляд свайго настаўніка наконт таго, што унія была вынікам злучэння «польскай дзяржаўнай палітыкі і агульнай рыма-каталіцкай рэакцыі» з крызісам праваслаўнай царквы [5, вып. 1, с. 386]. Галоўная ж думка П.М. Жуковіча з гэтай нагоды - унія патрэбна была вышэйшаму духавенству і зусім не была патрэбна шэраговым вернікам. У якасці аднаго з матываў, якімі кіраваліся праваслаўныя іерархі, імкнучыся да збліжэння з каталіцкай царквой, даследчык называў жаданне епіскапаў усталяваць кантроль над дзейнасцю брацтваў [3, с. 15; 5, вып. 1, с. 146, 147].

Дагэтуль не страціла навуковага значэння інтэрпрэтацыя гісторыкам падзей Берасцейскага сабора, які раскалоўся на прыхільнікаў і апанентаў уніі. Ён лічыў, што на саборы сутыкнуліся два розныя царкоўна-юрыдычныя падыходы: калі прыхільнікі уніі настойвалі на абавязковасці выканання вернікамі рашэння кліра, то змагары супраць аб'яднання цэркваў былі з гэтым катэгарычна нязгодныя і патрабавалі ўвасаблення свайго погляду [5, вып. 1, с. 218 - 221].

Гісторыкі-заходнерусісты аднадушна не прызнавалі самастойны статус уніяцтва. Найбольш лаканічна і дакладна сфармуляваў гэтую думку П. Дз. Бранцаў. Ён, у прыватнасці, адзначаў: «Унія, калі яе разумець у сэнсе царкоўным, - гэта такое праваслаўна-ўсходняе веравызнанне <…>, якое прызнае рымскага папу ў якасці бачнага кіраўніка царквы і падпарадкоўваецца яму. Адпаведным чынам, унія была нічым іншым, як пераходнай прыступкай да каталіцтва» [2, с. 397]. М.В. Каяловіч падкрэсліваў бясплённасць спробаў уніяцкай царквы пашырыць свой уплыў, паколькі збліжэнне яе з «лацінствам» вынішчала ўсялякія рэшткі самастойнасці [9, II, с. 1].

Прадстаўнікі разгляданай навукова-гістарычнай школы па зразумелых прычынах асуджалі дзейнасць полацкага архіепіскапа, апантанага прыхільніка уніі І. Кунцэвіча. Гэтаксама негатыўна яны ставіліся да факта забойства яго мяшчанамі Віцебска, здзейсненага, так бы мовіць, «з асаблівай жорсткасцю і цынізмам» [2, с. 442; 5, вып. 2, с. 110, 111; 9, II, c. 128 - 138]. Наогул, трэба адзначыць, што гісторыкі-заходнерусісты, ухваляючы барацьбу праваслаўных супраць уніі, зусім не ўхвалялі гвалт і жорсткасць, што мелі месца ў ходзе гэтай барацьбы.

Аналізуючы змест вядомага ліста Л. Сапегі да І. Кунцевіча, у якім было выяўлена негатыўнае стаўленне дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай да метадаў архіепіскапа, з дапамогай якіх той распаўсюджваў уніяцтва, П.М. Жуковіч заўважаў: «Унія па самым паходжанні сваім была ў значнай меры фактам унутранай польскай дзяржаўнай палітыкі. Не здзіўляе, што польскія палітычныя дзеячы ацэньвалі яе, і ў далейшым яе развіцці, з дзяржаўнага пункту гледжання. Яны былі гатовыя падтрымліваць яе ўсімі мерамі, але толькі да таго часу, пакуль лічылі гэтую падтрымку карыснай для дзяржаўных інтарэсаў [5, вып. 4, с. 37]».

Гэтая думка гісторыка даволі цікавая. Па-першае, навуковец дакараў прыхільнікаў уніяцтва за тое, што яны дзейнічалі ў рэчышчы «ўнутранай польскай дзяржаўнай палітыкі». Па-другое, у дадзеным выпадку навуковец атаясамліваў Рэч Паспалітую з Польшчай, што адпавядала заходнерусісцкай ідэалогіі, але не адпавядала гістарычным рэаліям першай чвэрці XVII ст. (хто-хто, а Л. Сапега не быў польскім палітыкам). Па-трэцяе, П.М. Жуковіч звярнуў увагу на пэўнае разыходжанне пазіцыі папскай курыі, якая імкнулася як мага хутчэй распаўсюдзіць уніяцтва, з пазіцыяй кіраўнікоў Рэчы Паспалітай, якія былі згодныя падтрымліваць унію толькі пры ўмове забеспячэння дзяржаўнай карысці. Тут выявілася імкненне гісторыка, хаця і непаслядоўнае, улічваць розныя фактары, што вызначалі ў мінулым характар грамадскага развіцця.

Гісторыкі-заходнерусісты, як правіла, разглядалі дзейнасць уніяцкай царквы, зважаючы на факт яе стасункаў з іншымі канфесіямі, а таксама з уладамі і грамадствам Рэчы Паспалітай. Унутранае жыццё дадзенай канфесіі іх цікавіла ў меншай ступені. Да таго ж пераважала арыентацыя на паказ паступовай дэградацыі грэка-каталіцкай царквы. Вось чаму высновы М.В. Каяловіча і яго паслядоўнікаў адносна таго перыяда, калі, нягледзячы на супраціў з боку праваслаўных, уніяцтва зрабілася канфесіяй пераважнай большасці насельніцтва Беларусі (гэта прыкладна сярэдзіна XVII - сярэдзіна XVIII ст.), маюць, на наш погляд, меншую каштоўнасць для гістарыяграфіі.

На думку М.В. Каяловіча, нават пасля далучэння Беларусі і Правабярэжнай Украіны да Расійскай імперыі на гэтых землях працягвалася барацьба паміж рускім і польскім уплывам. У якасці адной з прычын такога становішча ён называў захаванне асобнай (ад праваслаўя, а не ад каталіцызму) уніяцкай царквы [6, с. 399]. Ён звяртаў увагу на непаслядоўнасць палітыкі расійскіх уладаў у адносінах да уніі [6, c. 114; 7, с. 370 - 377]. Зразумела, паступовы пераход уніятаў у праваслаўе, які адбываўся ў апошняй чвэрці XVIII ст. пераважна на тэрыторыі Правабярэжнай Украіны, гісторык ухваляў, разглядаючы гэты працэс у якасці нязмушанага «народнага руху» [6].

Аналізу становішча разгляданай канфесіі ў першай чвэрці XІХ ст. прысвяціў спецыяльную працу П.В. Баброўскі [1]. Гэты навуковы твор адметны тым, што ў ім уніяцтва разглядаецца не як адзінае цэлае, а як поле барацьбы паміж прыхільнікамі яго лацінізацыі, асяродкам якіх быў Ордэн базыльянаў, і захавальнікамі «старыны», якія ў адказ на ўзмацненне лацінізацыі, сталі рыхтавацца да скасавання уніі. Дзейнасць апошніх асвятлялася аўтарам з відавочным спачуваннем.

Самому акту ліквідацыі уніі, які адбыўся ў Полацку ў 1839 г., заходнерусісты надавалі значэнне, бадай што, галоўнай падзеі гісторыі рэгіёна і, безумоўна, віталі яго вельмі горача, паколькі лічылі гэта натуральным і заслужаным фіналам уніяцтва, а таксама рашучым ударам па польскіх прэтэнзіях на ўплыў у Беларусі і Украіне.

Такім чынам, уніяцкая праблематыка займала шмат месца ў працах прадстаўнікоў заходнерусісцкай гістарыяграфіі. Аднак іх высновы па гэтым пытанні нагадвалі рашэнне задачы з ужо вядомым адказам, паколькі ў іх сістэме каштоўнасных каардынат уніяцтва заўжды пазначалася знакам «мінус». Зразумела, пры такім падыходзе прынцыпу аб'ектыўнасці пагражала занядбанне. Па сутнасці, погляды гісторыкаў-заходнерусістаў знаходзілі і знаходзяць прызнанне толькі ў тых чытачоў, якія з'яўляліся і з'яўляюцца аднадумцамі М.В. Каяловіча і яго паслядоўнікаў.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Бобровский, П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Историческое исследование по архивным документам / П.О. Бобровский. - СПб., 1890. - 394 с.

2. Брянцев, П.Д. История Литовского государства с древнейших времен / П. Д. Брянцев. - Вильна, 1889. - 659 с.

3. Жукович, П.Н. Борьба против унии на современных ей польско-литовских сеймах (1595 - 1660 гг.) / П. Н. Жукович. - СПб., 1897. - 133 с.

4. Жукович, П.Н. Кардинал Гозий и польская церковь его времени / П. Н. Жукович. - СПб., 1892. - 542 с.

5. Жукович, П.Н. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией - Вып. 1 - 6 / П. Н. Жукович. - СПб., 1901 - 1912. - 608 с. + 121 с. + 203 с. + 173 с.+ 32 с. + 199 с. + 199с.

6. Коялович, М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времён / М.О. Коялович. - Минск: Лучи Софии, 1999. - 399 с.

7. Коялович, М.О. История русского самосознания: По историческим памятникам и научным сочинениям / М.О. Коялович. - 4-е изд. - Минск: Лучи Софии, 1997. - 687 с.

8. Коялович, М.О. Лекции по истории Западной России / М.О. Коялович. - М., 1864. - 348 с.

9. Коялович, М.О. Литовская церковная уния. Исследования / М.О. Коялович. - Т. 1 - 2, СПб., 1859 - 1861. - 316 с. + 443 с.

10. Коялович, М.О. Чтения по истории Западной России профессора М. Кояловича. Новое изд., переработанное и дополненное с 1-го изд. 1864 г. / М. О. Коялович. - СПб., 1884. - 349 с.

11. Харлампович, К.В. Западнорусские православные школы XVI и начала XVII века, отношение их к инославным, религиозное обучение в них и заслуги их в деле защиты православной веры и церкви / К.В. Харлампович. - Казань, 1898. - 525+54 с.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Літвінскі А.У.

Рубрыка: