Асаблівасці арганізацыі жыцця праваслаўнай царквы ў Беларусі 1944 - 1948 гг. па матэрыялах фондаў Упаўнаважаных Савета па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пры СНК СССР: да пастаноўкі пытання

Адразу пасля вызвалення акупаваных тэрыторый становішча Праваслаўнай царквы ў Беларусі працягвала вызначаць сітуацыя, якая склалася падчас вайны. Ва ўмовах суцэльнай сацыяльнай катастрофы насельніцтва мела выразную запатрабаванасць у духоўнай і маральнай апоры, якую ўяўлала сабой Царква. Вядома, што акупацыйныя ўлады не перашкаджалі стыхійнаму працэсу адкрыцця храмаў, у Беларусі масава высвячаліся святары, была адноўлена царкоўная іерархія.

Цікава, што рост рэлігійнасці насельніцтва адбываўася і на не закранутых акупацыях тэрыторыях СССР. Актыўная патрыятычная дзейнасць Праваслаўнай царквы, жаданне ўладных структур стварыць спрыяльнае ўражанне аб унутранай палітыцы СССР сярод саюзнікаў, а таксама намеры выкарыстаць міжнародны аўтарытэт Царквы пры пасляваенным уладкаванні Еўропы сталі прычынай выпрацоўкі новых падыходаў у адносінах дзяржавы да царквы.

Ініцыятарам пачатку кантактаў з РПЦ быў сам І.В. Сталін. На сустрэчы 4 верасня 1943 г. з Г.М. Малянковым, Л.П. Берыем і палкоўнікам НКУС, які курыраваў царкоўныя пытанні, Г.Г. Карпавым Сталін прапанаваў стварыць пры СНК СССР орган для ажыццяўлення «новай» царкоўнай палітыкі - Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы. Савет быў створаны «для ажыццяўлення сувязі паміж Царквой і ўрадам» і зацвержданы Пастановай СНК СССР ад 14 верасня 1943 г., а Пастановай ад 7 кастрычніка 1943 г. было прынята Палажэнне аб дзейнасці Савета, на пасаду старшыні Савета быў прызначаны Г.Г.Карпаў.

Для ажыццяўлення дзейнасці Савета на месцах быў створаны інстытут упаўнаважаных, сфарміравана іерархічная сістэма ўзаемадзеяння Савета і яго структур, якая мела тры ўзроўні. Першы ­- Савет пры СНК СССР, другі ўзровень - рэспубліканскі Ўпаўнаважаны (для БССР і УССР), трэці - Ўпаўнаважаныя па абласцях. На кожным узроўні фармаваўся адпаведны пласт справаводчай дакументацыі.

Менавіта матэрыялы апарата ўпаўнаважаных Савета па справах Рускай праваслаўнай царквы пры СНК (СМ) СССР утвараюць аснову крыніцазнаўчай базы па вывучэнні гэтага амаль зусім недаследаванага перыяду па гісторыі царкоўна-дзяржаўных адносін. Фонды рэспубліканскага і абласных упаўнаважаных, якія сёння захоўваюцца ў дванаццаці архіўных установах Беларусі, утрымліваюць унікальныя звесткі для вывучэння прававога стану царквы, працэсаў налажвання рэлігійнага жыцця, сістэмы царкоўна-адміністрацыйнага ўпраўлення і кананічнай пераемнасці царкоўнай улады ў першыя пасляваенныя гады.

Правы і абавязкі сфарміраваных апаратаў упаўнаважаных рэгулявала «Інструкцыя для ўпаўнаважаных Cавета па справах РПЦ пры СНК СССР» ад 5 лютага 1944 г., якая вызначала асноўныя напрамкі і змест дзейнасці, а менавіта - ажыццяўленне сувязі з епархіяльнымі епіскапамі, справы аб адкрыцці і закрыцці цэркваў, рэгістрацыя духавенства, храмаў, заключэнне дамоваў, улік і статыстыка, падрыхтоўка інфармацыі для прадстаўлення ў Савет пры СНК СССР і інш.

Упаўнаважаныя таксама павінны былі сачыць за пераходам дзейнасці царкоўных прыходаў у адпаведнасць з новым «Палажэннем аб кіраванні РПЦ», прынятым на памесным саборы РПЦ і зацверджаным пастановай СНК СССР у 1945 г. Палажэнне, як вядома, прадугледжвала калегіяльны прынцып кіравання царкоўнай абшчынай, умовы яе рэгістрацыі з боку дзяржавы, умовы карыстання царкоўнымі будынкамі і прызначэнне прыходскіх святароў.

Найбольш складаным і неўнармаваным у першыя пасляваенныя гады было пытанне юрысдыкцыі праваслаўных прыходаў у Беларусі. Абсалютная большасць духавенства і прыхаджан станоўча ўспрымалі пераход пад юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі і патрабаванні «Палажэннем аб кіраванні РПЦ». У першым рапарце архіепіскапа Васілія (Ратмірава), які прыехаў 10 жніўня 1944 г. ў Мінск для вывучэння на месцы царкоўных спраў, патрыяршаму Месцазахавальніку мітрапаліту Аляксію (Сіманскаму, будучаму Патрыярху) адзначалася, што пасля адыходу з немцамі былых духоўных кіраўнікоў Праваслаўнай царквы «...веруючыя знаходзіліся ў плачэўным стане. Прыезд епіскапа, прадстаўніка Маскоўскай патрыярхіі, для веруючых быў вялікай духоўнай радасцю. Вестка аб прыездзе епіскапа з хуткасцю маланкі абляцела горад». Ужо ў першыя дні прабывання архіепіскапа ў Мінску ў кананічныя зносіны з РПЦ быў прыняты праз пакаянне 31 святар [14, с. 103 - 104].

Асаблівасць сітуацыі была і ў тым, што фармальна працягвала існаваць дзяленне на епархіі, утворанае ў час вайны, але епархіямі кіравалі не епіскапы, а благачынныя або прыходскія святары. Прыкладам можа служыць даклад мітрапаліту Аляксію ад 9 жніўня 1944 г. святара Аляксандра Раманушкі, які апісвае прыняцце на сябе абавязкаў часовага ўпраўляючага Палескай епархіяй наступным чынам: «Воляй Госпада нашага Іісуса Хрыста і Яго вялікай міласцю, па ўзгадненню з мясцовымі адміністрацыйнымі органамі, я прыняў на сябе часовае кіраванне Палескай епархіяй, асірацеўшай пасля адыходу ў Гермінію разам з нямецкімі акупантамі і разам з усім пінскім духавенствам нашага ўладыкі…» [5]. Загадам ад 5.09.1945 года архіепіскапа Мінскага і Беларускага Васілія (Ратмірава) Аляксандр Раманушка быў афіцыйна зацверджаны на пасадзе ўпраўляючага справамі Палескай епархіі [3]. Ён нават меў права перамяшчаць свяшчэннаслужыцеляў і забараняць іх у служэнні. Такія ж пасады ўводзіліся па іншых епархіях Беларусі.

Такая практыка супярэчыла «Палажэнню аб кіраванні РПЦ» і пастанове Свяшчэннага Сінода ад 16 мая 1947 г., згодна з якой указы аб перамяшчэнні маглі выдавацца толькі епіскапамі. Таму ў 1947 г. тыя епархіі, дзе не было епіскапаў, пераўтвараліся ў благачынныя акругі, пры абласцях ўводзіліся пасады т. зв. абласных благачынных, што таксама супярэчыла згаданаму «Палажэнню», але адпавядала рэаліям таго часу.

У існаванні абласных благачынных у першую чаргу былі зацікаўлены і самі ўпаўнаважаныя. У пісьме ад 25.07.1946 г. упаўнаважаны па Баранавіцкай вобласці Барташ звяртаецца да ўпаўнаважанага па БССР Часнакова з просьбай: «Я ўжо не раз прасіў, каб вы дамовіліся з еп. Васіліем аб прызначэнні свайго ўпаўнаважанага (абласнога благачыннага) па Баранавіцкай вобласці. Яго адсутнасць... значна ўскладняе працу...» [4].

Яшчэ адной праблемай як царкоўнай улады, так і ўпаўнаважаных была рэгістрацыя і прызначэнне на прыходы святароў. У інфармацыйным дакладзе ад 01.04.1945 г. ўпаўнаважанага па Брэсцкай вобласці Аўласенкі, адзначалася, што духавенства былой украінскай аўтакефаліі заявіла сябе прыхільнікамі Маскоўскай патрыярхіі і пры рэгістрацыі ўсе абвяшчаюць сябе прыхільнікамі РПЦ [1], але ў наступным дакладзе, за трэці квартал 1945 г., упаўнаважаны пісаў, што «значная частка святароў вобласці (каля 60-ці з 102) пры рэгістрацыі прад'яўляюць загады аб сваім прызначэнні ад былых епіскапаў пры польскай уладзе ці нямецкай акупацыі, а падцвярджэнняў ад Маскоўскай патрыярхіі не маюць» [2].

Некаторыя святары, якія атрымалі загады аб прызначэнні на прыходы ад абнаўленчых епіскапаў або пры польскай і нямецкай акупацыі, не спяшаліся прызнаваць уладу Маскоўскага патрыярхату. У інфармацыйным дакладзе па Гомельскай вобласці за першы квартал 1946 г. упаўнаважаны паведамляе аб васьмі святарах, якія адмовіліся прайсці рэгістрацыю. «У асноўным гэта манахі, рукапаложаныя ў гады вайны, супраціўляюцца ў падпарадкаванні Маскоўскаму патрыярху» [5]. Часам канфлікты даходзілі да адкрытай канфрантацыі. У Баранавіцкай вобласці дзейнасць настаяцеля Карэліцкай царквы Душука была ацэнена ўпаўнаважаным, як «антысавецкая»: «Больш за год ён не прызнаваў Маскоўскага патрыярха і ў малітвах памінаў архіерэяў Польскай праваслаўнай аўтакефаліі. Толькі пасля таго, як епіскап Варсанофій прыгразіў яму забаронай, ён фармальна прызнаў уладу патрыярхіі і падпарадкаваўся епархіі» [6]. Для дзяржаўных органаў такія святары з'яўляліся нелегітымнымі, таму мясцовым адміністрацыйным органам прадпісавалася: «пры з'яўленні ўказаных асоб, рашуча супрацьдзейнічаць ажыццяўленню рэлігійных абрадаў і прымаць меры па выдаленню іх з вобласці» [7].

Акрамя кантралюючых функцый у першыя пасляваенныя гады ўпаўнаважаныя аказвалі канкрэтную дапамогу царкоўным уладам па многіх гаспадарчых і арганізацыйных пытаннях, такіх як выдзяленне памяшканняў, транспарту, дроў, харчовага забеспячэння. У многіх выпадках яны прадухілялі парушэнні заканадаўства з боку мясцовых органаў улады.

Улічваючы рэлігійную сітуацыю ў Беларусі, асабліва ў заходніх абласцях, упаўнаважаныя ішлі на некаторыя саступкі вернікам. Напрыклад, на зварот Гродзенскага епіскапа ад 19 лютага 1946 г. аб дазволе правесці ў Гродне хрэсны ход на р. Нёман, «улічваючы міжнародную абстаноўку і ўмовы Заходняй Беларусі», было прынята станоўчае рашэнне. На хрэсны ход сабралася каля 4 - 6 тыс. вернікаў, а епіскап публічна выказаў падзяку мясцовым ўладам [8].

Аднак не трэба перабольшваць станоўчыя адносіны ўладаў да царквы ў перыяд 1944 - 1948 гг. У аснове рэлігійнай палітыкі дзяржавы ўсё ж пераважаў «прагматычны» падыход. Выкарыстоўваючы пазітыўны «імідж» царквы для кансалідацыі грамадства ў цяжкія пасляваенныя часы і аўтарытэт царквы ў міжнароднай палітыцы, улады дазвалялі весці рэлігійнае жыццё толькі на «аптымальна дастатковым» узроўні.

Гэта можна прасачыць па дакументах адносна ініцыятывы святароў і прыхаджанаў па легалізацыі дзейнасці царкоўна-прыхадскіх арганізацый - брацтваў і сястрынстваў. Такіх захадаў было зроблена нямала. Так, прыхаджане Гродзенскага Пакроўскага сабора звярнуліся з заявай аб адкрыцці пры храме Гродзенскага праваслаўнага Пакроўскага брацтва і распрацавалі статут брацтва па ўзору існаваўшага раней, пры польскай уладзе [9].

У 1945 г. да ўпаўнаважанага па Брэсцкай вобласці звярнуўся благачынны Кобрынскай акругі пратаіерэй Феадосій Дзмітрук, які паведаміў аб існаванні пры Кобрынскім саборы брацтва, якое налічвае каля 70 братчыкаў, і прасіў узгадніць яго дзейнасць [10]. У інфармацыйным дакладзе па Брэсцкай вобласці, у якім былі пералічаны брацтвы пры Кобрынскім, Пружанскім саборах, Мікалаеўскай царкве г. Брэста, пры некаторых цэрквах Дывінскага раёна. Упаўнаважаныя, у сваю чаргу, неаднаразова ставілі перад Саветам пытанне аб адносінах да юрыдычна незарэгістраваных прыходскіх арганізацый [11]. Пытанне існавання брацтваў падымалася на рэспубліканскай нарадзе ўпаўнаважаных у 1946 г. Аднак канкрэтных інструкцыйных указанняў аб дзейнасці брацтваў не было прынята, па кожным выпадку прымалася асобнае рашэнне.

Напрыклад, на інфармацыю ад 17 мая 1948 г. упаўнаважанага па Бабруйскай вобласці аб арганізацыі ў г. Слуцку святаром Дзюкавым брацтва Савет тлумачыць, што «арганізацыя т.зв. «брацтваў» і «сястрынстваў» у цэрквах не павінна дапускацца, калі такое брацтва сапраўды было створана, вы (упаўнаважаны па БССР Менькоў) павінны звярнуць увагу архіепіскапа Піцірыма з тым, каб ён даў указанне распусціць брацтва і далей без указання архіерэя падобных мерапрыемстваў не праводзіць» [12].

Не былі падтрыманы Саветам ініцыятывы, прапанаваныя сходам благачынных Гродзенскай епархіі 9 - 12 мая 1946 г. па стварэнні праваслаўнай семінарыі ў г. Гродна, або захады архіепіскапа Піцірыма аб пераносе дзейнасці Мінскай духоўнай семінарыі з Жыровіч у Мінск. Таксама Савет вынес катэгарычнае патрабаванне аб роспуску створанага 24 сакавіка 1948 г. місіянерскага савета Мінскай епархіі [13].

Такім чынам, фонды ўпаўнаважаных даюць даследчыку шырокі дакументальна-інфармацыйны матэрыял для вывучэння гісторыі адносін царквы і дзяржавы ў першыя пасляваенныя гады. Аналіз дакументаў дае магчымасць выявіць асаблівасці наладжвання як царкоўнага жыцця, так і змены ў дзяржаўнай палітыцы, прасачыць працэсы рэарганізацыі і ўладкавання царкоўнага жыцця ў новых умовах існавання.

На падставе дакументаў фондаў упаўнаважаных можна зрабіць высновы, што разам з наладжваннем царкоўна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання і ўпарадкаваннем зносін з дзяржаўнымі органамі ў Беларусі некаторы час удавалася захоўваць раней створаныя формы прыходскага жыцця. Працягвалі існаваць брацтвы і сястрынствы (у заходніх абласцях), у прыходах выкладаўся Закон Божы, адбываліся хрэсныя ходы, вялікія хрысціянскія святы насілі масавы характар.

Змена характару справаводчых матэрыялаў упаўнаважаных з 1948 г. сведчыць аб паступовай змене дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да царквы, гэта можна прасачыць перш за ўсё на прыкладзе прыпынення працэсу рэгістрацыі і адкрыцця новых цэркваў, а таксама ў стварэнні новых форм абмежаванняў і кантроля дзейнасці духавенства і вернікаў.

Вывучэнне дакументальных крыніц па гісторыі адносін дзяржавы і царквы ў Беларусі ў пасляваенны перыяд знаходзіцца сёння на пачатковым этапе. Улічваючы значны інфармацыйны патэнцыял дадзенага комплекса крыніц для вывучэння гісторыі духавенства, храмаў, манастыроў, духоўных школ і інш. у 1940 - 1960-я гг., мэтазгодным рашэннем стала б падрыхтоўка і выданне тэматычных зборнікаў дакументаў і ўвядзенне ў шырокі навуковы зварот новых масіваў дакументаў.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). - Ф. 951. - Воп. 2. - Спр. 2. - Л. 98.

2. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 2. - Спр. 2. - Л. 116.

3. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 1. - Спр.10. - Л. 104.

4. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 1. - Спр. 3. - Л. 22.

5. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 2. - Спр. 6. - Л. 6.

6. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 2. - Спр. 8. - Л. 27.

7. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 2. - Спр. 8. - Л. 27.

8. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 2. - Спр. 6. - Л. 15.

9. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 1. - Спр. 7. - Л. 109.

10. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 1. - Спр. 7. - Л. 122.

11. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 2. - Спр. 8 - Л. 65.

12. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 1. - Спр. 13. - Л. 33.

13. НАРБ. - Ф. 951. - Воп. 1. - Спр.13 - Л. 25

14. Русская православная церковь в Белоруссии в 1941 - 1944 гг. Документы Государственного архива Российской Федерации / подг. Орлова Ю.Г. // Исторический архив. - 2006. - № 6. - С. 93 - 105.

Кулажанка У.Г.

Рубрыка: