2 снежня ў нядзелю ў католікаў пачаўся Адвэнт.

Адвэнт — час радаснага чакання нараджэння Хрыста.

Чатырохтыднёвы час перад Божым Нараджэннем прызначаны для годнай падрыхтоўкі вернікаў да прыняцця нованароджанага Дзіцяці Езуса называецца Адвэнт. Гэта лацінскае слова азначае прыйсце Збаўцы.

Адвэнт мае падвойны характар. Гэта час падрыхтоўкi да ўрачыстасцi Нараджэння Пана, калi ўзгадваецца першае прыйсце Хрыста, а таксама час, калi вернікі скiроўваюць свае думкi да прыйсця Хрыста на сканчэннi вякоў. Гэтыя дзве прычыны ўказваюць на Адвэнт як на час радаснага чакання. Таму перыяд Адвэнту падзяляецца на дзве часткi. Дзень 17 снежня з’яўляецца мяжой гэтага падзелу.

Традыцыйнаю адметнасцю Адвэнта з’яўляюцца святыя Iмшы, якiя называюцца “рараты”. Iх назва паходзiць ад першых словаў спеву на ўваход — “Rorate coeli” (“Крапiце, нябёсы, з вышыняў...”) (пар. Iс 45, 8). Рараты — гэта святая Iмша, якая традыцыйна цэлебруецца на свiтаннi ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыi. У шматлiкiх парафiях вялiкая колькасць дзяцей збiраецца на гэтай Эўхарыстыi — з лiхтарыкамi, зробленымi дома цi ў нядзельнай школцы.

У перыяд Адвэнту ў касцёлах можна заўважыць змешчаныя на вянку 4 свечкi, якiя сiмвалiзуюць 4 нядзелi Адвэнту. Адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасцi, якая ў любовi i радасцi чакае свайго Пана.

Усе гэтыя адвэнтавыя сiмвалы нагадваюць вернікам, што неабходна паклапацiцца пра тое, каб унутрана, духоўна падрыхтавацца да Божага Нараджэння.

Адвэнт у сціслым сэнсе не зяўляецца постам, пэрыядам пакаяння. Гэта час радаснага чакання Езуса. Вернікі чакаюць часу Яго нараджэння і чакаюць прыходу напрыканцы часоў, калі будзе новае неба і новая зямля. Але рыхтуючыся, яны робяць нейкія пастановы. Ад нечага добраахвотна адракаюцца, каб зрабіць падарунак Езусу і ўзмацніць сваю волю. Адвэнт, перажыты ў выпрабаваннях, дазваляе больш радасна перажыць Божае Нараджэнне.

Першай нядзеляй Адвэнта (у гэтым годзе 2 снежня) ў Каталіцкім Касцёле пачынаецца новы літургічны год.

Крыніца:

Прэсс-служба Сакратарыяту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Рубрыка: