Працэсія Божага Цела ў Мінску: «Сэнс нашага руху з Езусам — гэта развіццё, а не мёртвая стабільнасць!»

31 мая па традыцыі вуліцамі Мінска прайшла працэсія з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, якую ў гэтым годзе Каталіцкі Касцёл святкуе 4 чэрвеня.

Распачаўшы малітву каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, католікі Мінска разам з духавенствам ішлі праспектам Незалежнасці, спыняючыся каля алтароў, падрыхтаваных на Плошчы Перамогі, Кастрычніцкай, Незалежнасці — ля касцёла свв. Сымона і Алены, а таксама на плошчы Свабоды — каля архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Працэсія была шматлікай, як адзначыў напрыканцы набажэнства Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, у агуле прыняло ўдзел да 10 тысяч вернікаў.

Урачыстая працэсія і прысутнасць на ёй вернікаў з’яўляюцца сведчаннем, альбо, як часта гаворыцца, маніфестацыяй веры народа, які падчас гэтага свята яднаецца вакол Эўхарыстычнага Хрыста і сваім удзелам і прысутнасцю можа прамовіць, што ён ёсць, што ён верыць і можа сведчыць іншым аб тым, што для яго з’яўляецца святым.

Напярэдадні працэсіі вернікі прынялі ўдзел у святой Імшы на Залатой Горцы, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У Імшы ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, святары і кансэкраваныя асобы.

«Дарагія, супольнасць, якая сёння збіраецца, паказвае свята, якое мы адзначаем», — звярнуўся да вернікаў падчас гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, падкрэсліўшы важнасць прысутнасці кожнага.

Асоба Святой Тройцы і кожнага з нас

арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці

«Таямніца Тройцы — гэта перадусім таямніца асобы», — сказаў іерарх, распачаўшы разважанне пра значэнне слова «асоба», якой з’яўляецца кожны прысутны на Імшы і кожны чалавек свету.

Арцыбіскуп прыгадаў, што ў лацінскай, як і грэчаскай, мове слова «асоба» альбо «персона» азначала маску, якую акцёр апранаў падчас выступлення, каб узмацніць голас і найбольш яскрава выказаць характар героя, якога ён граў на сцэне. З часам гэтае слова пачало ўжывацца для абазначэння кожнага чалавека, які жыве на зямлі.

Разважаючы пра значэння слова «асоба», арцыбіскуп прыгадаў пра той уклад, які хрысціянства зрабіла ў гісторыю развіцця грамадства, прынёсшы канцэпцыю «недатыкальнасці асобы». Па словах іерарха, недатыкальнасць асобы сведчыць найперш пра каштоўнасць кожнага чалавека, якая вынікае з таго, што кожны, хто нараджаецца ў гэты свет, мае ў сабе Божае адлюстраванне, а Божае — недатыкальнае.

«У чалавечым жыцці мы маем дачыненне да чагосьці, гаспадарамі чаго мы не з’яўляемся, бо кожны чалавек — гэта адлюстраванне твару Бога і нельга дакранацца да Божага», — сказаў іерарх.

«Маленькія ці вялікія, багатыя ці бедныя, кожны з’яўляецца недатыкальнай асобай, і ў гэтым вялікая навіна хрысціянства», — дадаў Апостальскі Нунцый.

Таксама арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падкрэсліў, што фундаментам гэтай людской асобы з’яўляецца асоба Святой Тройцы.

У гаміліі асобная ўвага была надзелена таму, што асоба азначае рух.

Канцэпцыя руху і асобы

«Часта ў Евангеллі, акрэсліваючы дзеянне Бога, ужываюцца словы, звязаныя з рухам. Гэтыя словы ўжываюцца ў сувязі з апісаннем унутранага працэсу ў Богу, а таксама працэсу камунікацыі, які ідзе ад Бога да чалавека», — сказаў арцыбіскуп.

Працэсію па вуліцах горада, у якую вырушае каталіцкая супольнасць, іерарх назваў працягам таго руху, які існуе ўнутры Тройцы, падкрэсліўшы, што для хрысціян увогуле рух з’яўляецца вызначальнай рысай.

«Хрысціяне — гэта не статычныя стварэнні, таму што не статычны Бог», — падкрэсліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, адзначыўшы, што найбольшую дынаміку Бог праяўляе ў дачыненні да чалавека праз Эўхарыстыю.

«Падчас гэтай працэсіі вы ідзяце разам з Эўхарыстычным Хрыстом, несучы Яго гэтаму гораду, гэтай краіне! І гэта вялікі выбар і вялікая адказнасць, быць тым, хто нясе Хрыста — быць табэрнакулюмам, якім становіцца вернік, калі прымае на Імшы Камунію і ідзе на вуліцы, несучы Хрыста ў свет», — дадаў іерарх.

Напрыканцы Апостальскі Нунцый заклікаў ніколі не спыняцца і не стаяць на месцы, гаворачы, што няма будучыні, што няма надзеі.

«Будучыня ёсць!»

«Будучыня ў Богу і трэба толькі выцягнуць рукі. І ведайце пра тое, што толькі той народ ёсць народам, які рухаецца, які развіваецца. У іншым выпадку ён перастае быць народам», — сказаў арцыбіскуп.

«Сэнс нашага руху разам з Езусам — гэта развіццё, прагрэс, шуканне новых формаў, а не мёртвая стабільнасць, — дадаў Апостальскі Нунцый. — Рух — гэта значыць стаць народам Божым, і гэта ёсць наша будучыня. Давайце хадзіць, давайце бегаць, рухайцеся ў гэтым свеце! Вы цудоўны беларускі народ! Вы — свята Бога, давайце пойдзем разам да Валадарства Божага!»

Плошча Перамогі: заўважыць іншага чалавека

Пасля святой Імшы вернікі вырушылі да наступнага алтара каля Помніка Перамогі, дзе дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі асаблівым чынам заклікаў маліцца за ўсіх тых, хто страціў сваё жыццё падчас шматлікіх узброеных канфліктаў, а таксама заклікаў паразважаць над Найсвяцейшым Сакрамэнтам — як праявай і сведчаннем любові: «Найсвяцейшы Сакрамэнт — гэта сакрамэнт Божай любові, сведкам якой павінен быць кожны з нас. Папа Францішак часта падкрэслівае, што менавіта любоў, якую мы аказваем кожнаму чалавеку, можа стаць сапраўдным сведчаннем Хрыста».

«Заўважыць кожнага чалавека, заўважыць кожную асобу, якая жыве побач з намі, якую мы сустракаем, якая можа мець свае праблемы, свае расчараванні, цяжкасці, — заахвоціў біскуп Юрый Касабуцкі, — бо Езус заўсёды клікаў да любові адзін да аднаго, не да помсты ці нянавісці, але да змагання са злом».

Кастрычніцкая: што з’яўляецца цэнтрам свету?

«Езус часта блізка чалавека, але ці чалавек блізка Бога?» — з такім пытаннем звярнуўся да вернікаў і простых мінакоў а. Францішак Рудзь каля алтара на Кастрычніцкай плошчы.

«Нельга быць упэўненым ні ў кім і не ў чым», — сказаў святар, адзначаючы, што ў зямным свеце няма нічога пастаяннага, апроч Пана Бога, але побач з Езусам Эўхарыстычным чалавек можа сапраўды адчуваць сябе ў бяспецы, свабодна, радасна і спакойна.

Святар адзначыў, што менавіта Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам свету, воссю, вакол якой круцяцца лёсы чалавецтва і кожнага чалавека. Менавіта тут, побач з Езусам Эўхарыстычным, адбываецца перамена чалавека і свету, і чалавек становіцца больш падобным да Пана Бога, а яго душа ажыўляецца сілаю жыватворчай ласкі.

Плошча Незалежнасці: адрачэнне ад нянавісці

Разважаннем пра малую і вялікую нянавісць, якую сустракае чалавек, народ у сваёй штодзённасці, распачаў сваю прамову а. Андрэй Сідаровіч МІС на плошчы Незалежнасці, заклікаючы, каб менавіта святая Камунія прынесла духоўную карысць і змену, і людзі маглі ад гэтай нянавісці адмаўляцца.

«Нам трэба заўважыць нянавісць і сказаць: “Пане, маё перакананне пра іншага чалавека, пра іншы народ, пра нейкую справу — не мае нічога супольнага з любоўю, з пажаданнем бліжняму дабра, міласэрнасці, прабачэння. І таму я выракаюся гэтай маёй нянавісці, і маленькай, і вялікай”, — сказаў святар.

Плошча Свабоды: адзінства ў Хрысце

Апошні алтар у працэсіі традыцыйна рыхтуецца каля мінскай архікатэдры, дзе вернікі займаюць прастору каля святыні, а таксама каля гарадской ратушы.

Да прысутных традыцыйна прамаўляе Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў гэты раз гаварыў пра адзінства:

«Мы ўсе хочам еднасці і марым аб ёй. Аднак жыццё паказвае, што да сапраўднай еднасці нам яшчэ вельмі-вельмі далёка».

Нягледзячы на вялікую колькасць міжнародных і мясцовых міратворчых арганізацый, шматлікасць канферэнцый і сімпозіумаў на тэму міру ва ўсім свеце, арцыбіскуп падкрэсліў недахоп супакою і адсутнасць еднасці.

«Ці мір магчымы? Хто можа яго гарантаваць? Дзе шукаць паратунку? — прагучалі пытанні, адказ на якія Мітрапаліт заклікаў шукаць у Эўхарыстыі: — Сучасны свет хворы на брак еднасці. Лекам на гэтую хваробу ёсць Эўхарыстыя, як сакрамэнт еднасці з Богам і людзьмі. У цэлебрацыі Эўхарыстыі ажыццяўляецца Касцёл, як адзіны Народ Божы. На пачатку Імшы мы разам перапрашаем Бога і адзін аднаго, разам молімся, перадаём адзін аднаму знак супакою, прымаем святую Камунію, атрымліваем благаслаўленне. Злучаючыся з Хрыстом у Эўхарыстыі, мы абагаўляемся і перамяняемся».

«Без Эўхарыстыі мы не зможам быць адзінымі з Богам і людзьмі», — дадаў арцыбіскуп, заклікаючы вернікаў быць апосталамі еднасці ў сем’ях, месцах працы, адпачынку і ва ўсіх сферах грамадства.

Крыніца: catholic.by

Аўтар рэпартажу: Аксана Ючкавіч

Фота Аляксандры Шчыглінскай (усе фота)

Рубрыка: