У Гомелі будзе пабудаваны другі каталіцкі касцёл

Канцэпцыю будаўніцтва каталіцкага  касцёла  Ўнебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі ўхваліла абласная архітэктурна-горадабудаўнічая рада пасля грамадскага абмеркавання праекта, паведамляе сайт katolik-gomel.by.

Па афіцыйных дадзеных, у падтрымку ідэі будаўніцтва другога ў Гомелі касцёла паступіла 142 звароты, супраць - 6. Сябры архітэктурнай рады вывучылі довады праціўнікаў, але прыйшлі да высновы, што яны не супярэчаць горадабудаўнічым і іншым нарматывам, а таму не могуць служыць падставай для ўнясення змяненняў і дапаўненняў у прадстаўленую схему.

У выніку архітэктурна-планіровачную канцэпцыю дазволілі выкарыстоўваць пры распрацоўцы праектнай дакументацыі. Але з улікам пажаданняў мясцовага насельніцтва і спецыялістаў забудоўшчыку рэкамендавалі «разгарнуць» галоўны фасад будучага касцёла на праспект Рэчыцкі і максімальна захаваць зялёныя насаджэнні.

Пад аб'ект плануецца выдзеліць зямельны ўчастак плошчай 0,77 га на ўездзе ў Гомель з напрамку Калінкавічаў - у пачатку Рэчыцкага праспекта паблізу скульптуры «Рысь». Зараз працягваецца афармленне дакументаў для выдзялення ўчастка пад будаўніцтва храма.

Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці абяцаў папрасіць Папу Францішка аб бласлаўленні першага каменя для будаўніцтва новага касцёла ў Гомелі.

Зараз у Гомелі дзейнічае касцёл у гонар Нараджэння Божай Маці.

Месца пад будаўніцтва новага касцёлу.

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: