Закон Божы ў школах патрэбны

На сайце БХД www.bchd.info у традыцыйнай рубрыцы «Двубой» распачалася дыскусія на тэму «Закон Божы ці агульначалавечая мараль?» Тэма плённая і актуальная. Але такая пастаноўка пытання паказвае, што часам за дзвюма магчымымі рашэннямі праблемы мы не бачым іншых варыянтаў.

 

З’яўляючыся практыкуючай праваслаўнай хрысціянкай, я лічу неабходным, каб людзі ў нашай краіне з дзяцінства ведалі асновы хрысціянскай веры. Гэта патрэбна не толькі з мэтамі маральнымі, але і з мэтамі культурна-асветніцкімі. Рэлігія ва ўсе эпохі займала важнае месца ў жыцці людзей, у жыцці народаў і сацыяльных груп. Непісьменнасць у рэлігіязнаўстве ёсць, такім чынам, непісьменнасцю ў вельмі важнай сферы чалавечага жыцця. Для адукаванага чалавека такое недапушчальна.

 

Болей за тое, недасведчанасць тут можа стацца сапраўды небяспечнай, калі ў жыцці чалавека пачнецца прыход да веры, бо памылкі могуць прывесці і да прыходу ў таталітарную секту, і да псіхічнага нездароўя, і да падпадання пад уплыў людзей, якія прэтэндуюць на ролю дасведчаных духоўных настаўнікаў але не з’яўляюцца такімі, і нават да духоўна-псіхічных ілюзій, якія памылкова ўважаюцца за містычныя бачанні і адкрыцці…

 

Але выкладанне Закону Божага не ёсць адзіным варыянтам вырашэння праблемы рэлігійнага лікбезу.

 

Па-першае, Закон Божы змяшчае імператывы, абавязковыя ў жыцці хрысціяніна. Наколькі гэта прымальна ў сітуацыі, калі не ўсе дзеці растуць у сем’ях вернікаў? З аднаго боку, добра, калі яны атрымаюць пэўныя веды і маральныя ўстаноўкі; з другога, ці не будуць для іх рэлігійныя патрабаванні заўчаснымі?

 

Па-другое, Закон Божы — гэта сістэма, якая выкладаецца ў межах вучэння нейкай адной канфесіі. Для дзяцей, у якіх бацькі — пратэстанты, змест каталіцкага ці праваслаўнага падручніка можа разыходзіцца з іх уласным рэлігійным досведам. А стварыць тут нешта супольнае не ўяўляецца магчымым, бо ў веравучэнні розных канфесій палажэнні могуць не толькі разыходзіцца, але і быць узаемавыключальнымі.

 

Так, хрысціяне розных канфесій істотна разыходзяцца ў багаслоўскіх поглядах, але выяўляюць больш блізкасці ў маральна-этычнай сферы.

Але якой бы значнай часткай рэлігійнага жыцця ні была этыка —

 

рэлігію нельга зводзіць да этыкі!

Узяць з рэлігіі толькі этычныя аспекты — тое ж самае, што ўзяць з матэматыкі толькі алгебру, ці з гісторыі — толькі эканоміку ці палітыку. Гэта будзе звужэнне.

 

Але акрамя «Закону Божага», ёсць такое вырашэнне праблемы, як выкладанне асноваў рэлігійнай культуры. У расісцкім варыянце гэта прадмет «Асновы праваслаўнай (мусульманскай) культуры».

 

Гэты прадмет — культуралагічны. Рэлігія выкладаецца ў культуралагічным аспекце. Вынікам паспяховага засваення прадмету з’яўляецца не ўцаркоўленасць (хаця гэта і магчыма — верагодна, не адразу, а значна пазней), а грунтоўныя веды ў галіне рэлігіязнаўства, разуменне асноваў веравучэння і ўнутранай логікі рэлігійнай сістэмы. Менавіта таму прадмет не можа парушаць правы людзей на свабоду веравызнання.

 

Спадар Я. Якавенка ў «Двубоі» сцвяржае, што рэлігія ў школе непатрэбная, бо звесткі аб рэлігіі можна атрымаць, напрыклад, з падручнікаў па гісторыі…

 

Так, шаноўны апанент, я згодная, што мноства людзей у нашай краіне знаёміцца з асновамі сусветных рэлігій па звестках з падручнікаў па гісторыі. А таксама па ўрыўкавых звестках з многіх іншых крыніц, якія непасрэдна не датычаць рэлігіі і да таго ж могуць змяшчаць мноства міфаў. Таму потым самыя разумныя, адукаваныя людзі, — напрыклад, выкладчыкі ўніверсітэтаў, — выяўляюць грунтоўную неабазнанасць і пачынаюць трансляваць міфы. І калі над неабазнанасцю ў іншых прадметах (напрыклад, у мастацтве) адукаваныя людзі пасмейваюцца, то пасажы кшталту таго што «святыя айцы на саборы спрачаліся, ці з’яўляецца жанчына чалавекам», што нібыта ў хрысціянстве блізкасць мужа і жонкі лічыцца грахом, — смеху не выклікаюць. І людзі прымаюць міфы за чыстую манету і распаўсюджваюць іх далей…

 

Рэлігіязнаўства ў школе, безумоўна, мае і місіянерскае значэнне. Але гэтая місія — не навязванне, а проста веды. Інфармацыя. Каб зрабіць свой выбар, трэба мець інфармацыю. У «Матрыцы» гучыць такая фраза: «Самае страшнае — гэта зрабіць выбар, калі не ведаў, з чаго выбіраў». Магчыма, менавіта гэта адбываецца з маладымі людзьмі, якія захапляюцца неаязычніцтвам праз тое, што наслухаліся прапаганды пра «рэлігію рабоў».

 

Крытычнаму мысленню перашкаджаюць менавіта міфы, адсутнасць дакладнай інфармацыі, а не веды пра тое, у што вераць хрысціяне ці мусульмане.

 

Падаецца, для нашай краіны найбольш пасаваў бы прадмет, які дае веды пра вучэнне асноўных хрысціянскіх канфесій з дэманстрацыяй як агульнага ў іх, так і істотных адрозненняў. Але выкладанне «Асноваў праваслаўнай культуры» таксама будзе карысным —

важна зразумець унутраную логіку хаця б аднаго веравызнання, тады будзе лягчэй зразумець і іншыя. Пры гэтым ў беларускім кантэксце важна, каб рэлігія выкладалася з элементамі параўнальнага багаслоўя: праваслаўная вера і культура супастаўляецца ў сваіх аспектах з каталіцкай і з пратэстанцкай, а таксама, мажліва, другіх рэлігій.

Тарайкевіч, Маргарыта

Рубрыка: